Зноў усе запляскалі.
Антон кіўнуў старэйшаму брату: давай трымай слова!
Ян падняўся, акінуў усіх цёплым позіркам, хвіліну-другую моўчкі папляскаў разам з усімі.
— Дзякую,— схіліў галаву, калі ўсе абшыліся.— Што асабіста мне хочацца сказаць вам? Па-першае, я рады, што зноў у Мінску, па-другое, усцешаны, што вы, нашы малодшыя паплечнікі, шмат зрабілі і робіце. А па-трэцяе, я павінен найперш вам, ужо цэнтру нашага руху, далажыць, чаго мы дабіліся ў Вільні.
Перавёў дыханне, закашляўся, чырванеючы на твары. Пасля спешна выхапіў з кішэні паліто насоўку і закрыў ёю рот.
«Ён вельмі хворы,— адчуў Васілевіч. — Можа, і на сухоты».
— Выбачайце,— выцершы пот на лобе, слабасільна прамовіў Ян, расшпіліў паліто і паказаў на сабе руды пінжак і белую вышытую беларускімі ўзорамі кашулю,— Мы ведаем: вы тут, у Мінску, маеце розныя погляды на нашу віленскую работу. Адны з вас лічаць: мы там служым немцам, другія думаюць, што мы пайшлі заадно з палякамі ці то з літоўцамі, а трэція...— Усміхнуўся.— Адным словам, розныя погляды ад розных чутак, ад нашай з вамі разарванасці. Але што на самай справе?
Паколькі ў кабінеце было цёпла, ён скінуў з сябе паліто, паклаў яго на спінку крэсла.
— Пачну сваю споведзь, спадары, з восені 1915-га, гэта значыць з таго часу, калі прыйшлі ў Вільню немцы. Праўда, вы можаце запытаць: а чаго ты, такі-сякі, застаўся, не выехаў разам з рускімі патрыётамі? Канечне, мы маглі выехаць. Асабіста мне ўлады нават давалі вагон для маёй калекцыі беларускай старасветчыны. «Мой абавязак,— адказаў я,— быць з родным краем, з народам заўсёды, не зважаючы па тое, якія войскі будуць тут гаспадарыць. Што я змагу зрабіць у бежанстве сярод чужых людзей? Найперш — зачахнуць, як перасадачнае старое дрэва на новым месцы!» — Зноў закашляўся, зачырванеўся і ўспацеў. А калі паадолеў прыступ хваробы, пачаў гаварыць далей: — Тады ўлады задумалі сілком схапіць нас і вывезці. Нам прыйшлося некалькі сутак хавацца. А калі царскія службоўцы пакінулі Вільню, мы разам з іншымі пачалі ўтвараць «лятучыя дружыны», каб сачыць за ладам у час змены ўладароў, а заадно павялі перамовы з палякамі, літоўцамі і яўрэямі. «Браты,— сказалі ім,— калі мы згуртуемся, будзем разам заадно, дык акупанты ўбачаць у нас сілу, будуць з намі лічыцца: немцы баяцца толькі сілы і толькі з сілай рахуюцца». З неахвотаю, але спачатку ўсе згадзіліся: але, трэба яднацца. З чаго мы пачалі? Паколькі палова радных з віленскіх органаў самакіравання падалася ў Расію, дык мы параілі кааптаваць туды сваіх дэлегатаў, каб немцы бачылі: гэтыя органы паўнамоцныя. Але ў апошнюю хвіліну гонар і фанабэрыя затуманілі розум польскім панам. «Вільня — наш горад,— бесцырымонна заявілі яны.— І мы адны павінны ўсё ўзяць у свае рукі!» Як мы і перасцерагалі, немцы, не бачачы арганізаванай сілы, Раду разагналі, пачалі гаспадарыць самі.
Усе слухалі вельмі ўважліва: ніхто ж не ведаў такіх драбніц таго, што рабілася-дзеелася зусім непадалёку, у акупаванай Вільні — горадзе, які здаўна дарагі кожнаму беларусу.
— Не падумайце, калі ласка, што хвалюся, але мы паспрабавалі яшчэ раз аб'яднаць усіх,— гаварыў далей Ян.— Мы параілі ўтварыць сумесны Віленска-Ковенскі абыватэльскі камітэт, які будзе займацца гаспадарчымі клопатамі. Зноў зафанабэрыліся палякі: мы, сказалі яны, можам увайсці ў гэты камітэт толькі тады, калі палова месцаў там будзе наша. Літоўцы і яўрэі запратэставалі. Мы ледзь-ледзь угаварылі «іншародцаў» пайсці на кампраміс. Мы самі атрымалі ў гэтым камітэце толькі тры крэслы. Але, на вялікі жаль, толку было мала: палякі не лічыліся з намі, камандавалі, асабліва пасля таго, калі немцы падакляравалі ім першынство. Пасля гэтага яны пачалі проста таптаць нас. На апошнім нашым сумесным сходзе я перасцярог іх: «Панове, браты, калі мы цяпер разыдземся, то больш ужо сысціся не зможам ніколі!» Так яно і выйшла. Немцы пафліртавалі з палякамі, пасля — з літоўцамі і ўрэшце, як і задумлівая!, ушчэнт перасварылі ўсіх, яшчэ болей умацаваліся самі.
Уважліва зірнуў на залю. Лашкевіч, які сядзеў побач каля яго, Васілевіча, сказаў паважна:
— Ды ты садзіся, Ян.
Той з падзякаю кіўнуў галавою, сеў. І ўжо седзячы, прадоўжыў:
— Пасля гэтага мы рашылі перайсці ад чыста гаспадарчага да чыста палітычнага. Людзі, сказалі мы, давайце жыць не толькі сённяшнім днём, але і будучыняй. А будучыня ўсё роўна запатрабуе ці нашай еднасці, ці нашай раз'яднанасці. Мы, беларусы, раім шукаць шлях еднасці, тым больш што яшчэ некалі, болей пяцісот гадоў назад, нашы продкі змаглі паразумецца. Карацей, мы параілі ўсім злучыцца ў Канферэнцыі Вялікага княства Літоўскага, выклалі напісаны намі адпаведны Універсал на чатырох мовах, які меў на ўвазе ўтварэнне беларуска-літоўскай дзяржавы.