Замаўчаў. Раскрыў папку і ўзяў верхні ліст.
— Вось, спадары, копія гэтага Універсала,— падняў ліст, паказаў яго, а пасля хітнуў галавой на папку.— Мы прывезлі вам усе нашы дакументы. Глядзіце, вывучайце, належна ацэньвайце.
Падняў галаву, зірнуў у залю.
— Што да ідэі аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, то асаджаныя польскія дзеячы гатовыя былі ўжо змірыцца з гэтым, але цяпер ужо ўспыхнуў літоўскі сверб. Як самі разумееце, у гэтай сітуацыі мы, дбаючы пра сумеснае, у аснове антынямецкае, мусілі ў рэшце рэшт падумаць і пра сябе... Яшчэ ў лістападзе 1915-га мы адчынілі ў Вільні першую беларускую пачатковую школу, а ў 1916-м — яшчэ пяць. Адкрылі настаўніцкія курсы, утварылі Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны, кааператыў «Райніца», Беларускі сацыял-дэмакратычны работніцкі гурток, урэшце паспрабавалі ўтварыць падпольны Беларускі народны камітэт, праз які хацелі рэалізаваць пашы нацыянальныя ідэалы, якія хаваліся ў душы кожнага беларуса шмат стагоддзяў, а ў гэтым стагоддзі вырваліся на волю. На сённяшні дзень мы маем сетку з 126-ці школ, Свіславіцкую беларускую гімназію, беларускую кафедру ў Вільні, сваё выдавецтва. Налёгшы па сваю культурна-асветніцкую работу, мы пільна сачылі за тым, што адбываецца ў Вільні, і яшчэ раз першыя пачалі шукаць саюзнікаў. На гэты раз у асобе літоўскай. І на сённяшняе, і на будучае, бо рана-позна нам спатрэбіцца нават выхад да мора. Вы адны не ўстоіце, сказалі мы ім, без нас вам не абысціся. А вось разам, як і некалі, мы змацуемся, не дадзімося нікому ў зубы. Але такая наша ідэя насцярожыла немцаў, і яны зноў пачалі сутыкаць ілбамі — на гэты раз літоўцаў і нас. Яны падакляравалі ім Літву, Віленшчыну і Гародзеншчыну, а на нас сказалі, што мы — «расіяне і вядзём тут валтузню з-за рускіх інтарэсаў». Словам, нас разлучылі. Улетку 1916-га я ездзіў на З'езд Народаў у Лазану, дзе гаварыў пра наш цяяжі лёс і мусіў не падтрымаць таго, што ўтвараецца ўласна Літва. Чаму? Літоўскім дзеячам, ясна, спадабаецца, што іх раптам ушанавалі, але немцы адных літоўцаў праглынуць альбо змусяць танцаваць пад іхнюю дудку. Адпаведна, немцы раззлаваліся і ўпотай аддалі нас пад назірк былога выкладчыка Пінскай гімназіі і, як выявілася, іхняга шпіёна Эдмунда Зузэміля. Прызначылі яго за нямецка-беларускага перакладчыка, але ён проста віжаваў за намі. Дзеля гэтага для яго рэквізавалі частку нашай кватэры, і ён сачыў за кожным нашым крокам. Больш, гэты Зузэміль, пачаў інтрыгаваць і шантажыраваць, шукаць паразумення з тымі беларусамі, хто быў супраць мяне і Антона асабіста. Ён шальмаваў наша імя, як тых, хто слугуе нямецкаму непрыяцелю — Расіі. Да слова, калі мы ўтварылі Беларускі настаўніцкі саюз і калі ён выбраў мяне пасланцом у Цэнтральнае бюро прафесійных саюзаў, гэты Зузэміль прыйшоў і запатрабаваў: адмоўся, не ідзі, туды трэба паслаць іншага чалавека. Я, як вы павінны мяне зразумець, на новым сходзе сказаў пра гэта, паставіў пытанне рубам: я ці правакатар Зузэміль! Калі ж сход зноў прызнаў мае паўнамоцтвы, гэты саюз немцы разагналі.
Ян Лапкінскі апусціў галаву, пацёр далонямі шчокі, лоб, уздыхнуў, а пасля затрымаў кончыкі пальцаў— можа, і на забалелых — скронях.
— Што нам было рабіць у такіх цяжкіх варунках? — падняў галаву, запытаў,— Здацца? Сядзець, апусціўшы галаву? Гэта, ясна, лягчэй за ўсё. Ды мы рашылі, як кажуць, брыкацца з усіх сіл. Немцы я« усё болей і болей пачалі спрыяць літоўцам. І летась, 11 снежня, дазволілі ім аб'явіць Літву «незалежнай дзяржавай», злучанай з Германіяй «вечным моцным саюзам». Праўда, літоўцы ад нас не адцураліся зусім, далі нам у сваім урадзе адно месца (апошні час пагаворваюць, што могуць выдзеліць і пяць ці шэсць міністэрскіх пасад, у тым ліку міністра па беларускіх справах). Тут як тут увішны Зузэміль падшукаў у Тарыбе свайго пасланца. Але мы запратэставалі: і супраць таго, каб толькі адны літоўцы бралі ўладу, і супраць Зузэмілевага халуя. Мы перамовіліся з усімі палітычнымі віленскімі сіламі і дабіліся, каб склікаць мітынг і на ім публічна пратэставаць — і найперш супраць нямецкай двудушнай палітыкі. Немцы, канечне, ашалелі, паклікалі мяне і сказалі ўлабавую: «Паслухайце, кіньце сваю валтузню, бярыце прыклад з літоўцаў. Яны пайшлі на саюз з намі — мы дазволілі ім сцвердзіцца. Нават больш — можа быць, што наш кайзер выпусціць спецыяльны рэскрыпт, дзе афіцыйна прызнае Літоўскую дзярягаву. Ідзіце гэткім шляхам і вы, дык таксама тое-сёе атрымаеце».— «Не,— адказаў я.— Калі вы хочаце гэткім чынам заняволіць нас, замест былога цара-бацюшкі падсунуць нам свайго кайзера, дык выбачайце! Мы не згодныя! Але ведайце: вас чакае таксама рэвалюцыя, і яна змяце кайзера ды вас, яго сатрапаў!» Як самі разумееце пасля гэтага мы зусім адвярнуліся адзін ад аднаго...