Ян Ланкійскі зноў пацёр далонню твар, сціснуў вузкі падбародак у далоні, памаўчаў, а затым дадаў:
— Сёлета мы настаялі, каб немцы дазволілі нам правесці канферэнцыю, дзе мы павінны пагаварыць пра свой лёс. Яе мы правялі 25-27 студзеня, і на ёй утварылі Беларускую Раду Віленшчыны, якой, паўтараю, літоўцы дакляруюць пяць альбо шэсць месцаў у сваёй Тарыбе.
Развёў рукі, усміхнуўся:
— Вось кораценька і ўвесь мой даклад, спадары. Хочаце — мілуйце, хочаце — карайце. Але паколькі мы болей двух гадоў мусім знацца з немцамі, адчулі тое, што ў іх наўме, то лічу: па-першае вам цікава ўведаць усе нашы варункі, а па-другое, вы можаце з усяго гэтага ўзяць сабе тое-сёе на заметку... Ну, а на заканчэнне яшчэ пра адзін нюанс нашага руху ў Вільні. Некаторыя з вас ведаюць такога арыгінальнага чалавека, як Стася Лысковіча — былога нашаніўца, гісторыка і публіцыста, былога грамадоўца. Дык вось ён цяпер і нам замінае, і свае сілы попусту марнуе, надумаўшыся разам з баронам Шафнаглем, князем Святаполк-Мірскім утварыць клерыкальна-кансерватыўную партыю і стаць на чале яе. Прыехаць сюды і перамовіцца з вамі адмовіўся. Выбачайце, ён не прызнае ні Мінск за цэнтр нашага руху, ні вас... Ну, а цяпер усё. Дзякую за ўвагу.
— Дзякуем і вам,— пакланіўся яму пацяплелы Янка Аўторак.— Праўда, цяпер мы многае праяснілі сабе пра вас. Асабіста я лічу: рабілі і робіце ўсё вы цвяроза, узважліва, тое-сёе з гэтай работы, сапраўды, можа памагчы нам у нашай далейшай тактыцы і стратэгіі. Ці ёсць іншыя думкі, спадары?
— Адобрыць даклад,— падаў голас Лашкевіч.— І давайце ўжо разам пяройдзем да наступнага пункта нашага парадка дня работы.
— Усе згодны? — запытаў Аўторак.
— Згодны,— амаль у адзін голас сказалі Баравік, Еўзікаў, Нядоля і ён, Васілевіч.
— А вы, паважаныя бацькі? — Янка Аўторак зірнуў на Яна Лапкінскага.
— Я ж казаў: мы прызнаём Мінск за напі агульны цэнтр, вас — за лідэраў нашага руху на гэтым этапе, дык цалкам падпарадкоўваемся вам,— адказаў той з усмешкай.— Так? — зірнуў на Антона і ў залю, на сваіх спадарожных.
Тыя хітнулі галовамі — згодныя.
— Дзякую, спадары,— зноў пакланіўся ім Аўторак,— Вельмі добра, што ў нас цяпер пераважаюць не амбіцыі, а развага і здаровы сэнс.— Зірнуў на паперку, што ляжала перад ім.— Далей на нашым парадку дня такое: пасылка дэлегацыі на Украіну.
Падняў астрыжаную галаву, зірнуў на Яна Ланкійскага.
— Мы тут усе ведаем добра, а вось для вас, паважаныя госці, прызнаемся: мы, лічы, на безграшоўі. Адступаючы, бальшавікі амаль усю казну вывезлі ў Смаленск, а астатняе падчысцілі легіянеры Доўбар-Мусніцкага. Тую дробязь, якую дае нам гарадская дума і земства, хапае толькі на мізэрнае існаванне нашага Народнага сакратарыята. Немцы не даюць пі капейкі. Адным словам, ніхто не хоча, каб мы ўмацоўваліся...
Ян Ланкійскі, слухаючы, сумна паківаў галавою: усё нам знаёмае! Да драбніц!
— А цяпер, калі мы намерыліся аб'явіць БНР, калі мы бяромся ўзваліць на свае плечы і маральны, і матэрыяльны клопат пра народ, нам трэба грошы. І немалыя. Дык вось мы рашылі папрасіць помачы ў лаяльнай да нас, і, галоўнае, багатай Украінскай Народнай Рэспублікі. Другога выйсця няма. А Кіеў, асабіста я лічу, павінен паспрыяць нам, бо і ў яго інтарэсах, каб і мы пайшлі іхнім шляхам, сталі яму моцнымі саюзнікамі...
Ян Ланкійскі невыразна пацепнуў плячыма: калі ласка, рашайце. А сам дастаў з унутранай кішэні рудога пінжака сіні аловак, пашмальцаваны чырвоны блакнот, штосьці хуценька запісаў, а пасля вырваў лісток і падаў брату. Той, прачытаўшы, са згодаю заківаў галавою, таксама чыркнуў раз-другі і вярнуў запіску Яну. Абмацаўшы вачыма напісанае братам, і той кіўком адобрыў яго.
— Каго пашлём і з якім наказам? — Аўторак акінуў позіркам усіх.— Хто хоча сам узяцца за такую цяжкую, але пачэсную місію?
У кабінеце запанавала цішыня.
— Можна мне сказаць пару слоў? — падняў каля яго руку Антон Ланкійскі.
— Калі ласка.
Антон падняўся, расшпіліў стараватае, але некалі шыкоўнае чорнае паліто, сцягнуў і паклаў на стол каляровы шалік. Высокі, стройны, з высокім прыгожым ілбом, з невялікімі вусікамі пад прадаўгаватым, на кончыку паднятым носам. Статны мужчына, еўрапеец, нічога не скажаш.
— Вы, канечне, усе бачылі: нядаўна Ян падаў мне запіску,— мякка, але гучна прамовіў ён і ўсміхнуўся.— Ян — юрыст, дык мысліць адпаведна, ясна і дакладна. А іменна: на якой юрыдычнай аснове будзем пазычаць вялікую грашовую суму? — зрабіў важкую паўзу, а пасля ў затоенай цішыні дадаў: — А што прыйдзецца ісці якраз у пазыкі, ніякага сумнення няма. Бо выбачайце, ніхто задарма, за прыгожыя вочы цяпер, у такі цяжкі час нічога не дасць!