Выбрать главу

У залі — па-ранейшаму ні гуку. Нават самыя нецярплівыя не падавалі голасу. Можа, і ад таго, што прамоўца змусіў задумацца пра тое, пра што ўсе дагэтуль як след не паразважылі.

— Першае, што запытаюць у дэлегацыі: які ваш, браточкі, статус? — Антон падняў сіні, як і ў брата, аловак. Прыцягнуў яшчэ большую ўвагу да сябе.— А статус яшчэ сёння невыразны. Як мы, прыезджыя, зразумелі, Рада БНР механічна лічыць сябе сябрам Расійскае Федэрацыі. Але, выбачайце, тая за гэткага сябра вас не лічыць, бо не прызнавала і не прызнае вас. Па-другое, ці захоча незалежная Украіна штосьці пазычыць нам як частцы Расеі без згоды, без гарантыі цэнтральнага ўрада? Канечне, не. Іншая, спадары, рэч, каб прыехала дэлегацыя незалежнай БНР. Тады перамовы пайшлі б зусім па-іншаму — як перамовы суверэнных дзяржаў...

Усміхнуўся, перавёў дыханне ці зноў знарочыста запаўзіў.

— Але, здаецца, у вас нозалеяотіцкая канцэпцыя зусім не ў пашане,— прамовіў. З усмешкай: але заадно і з далікатным папрокам.— Вы нават асцерагаецеся запратэставаць, што найперш намі там, у цэнтры, адкупіліся, кінулі нас пад ногі немцам як вабны кавал. Наша дэлегацыя, бачачы, што вы тут у вельмі спрыяльнай сітуацыі, раіць: ні хвіліны не марудзячы, аб'яўляйма незалежную БНР як патрэбу найперш самім бараніць свае жыццёвыя інтарэсы!

— Хвіліначку! — амаль насупраць Яна падняўся высокі, сёння з хораша ўкладзенымі светлымі валасамі, у дыхтоўным шэрым гарнітуры Баравік.— На нашым снежаньскім кангрэсе я быў адзін з тых, хто дабіваўся, як вы кажаце, незалежніцкай канцэпцыі. Але цяпер я супраць яе: цяпер змагацца за яе — значыць свядома ісці на разрыў з Расіяй і на хаўрус з Германіяй. Не толькі многія прымкнулын да нас усерасійскія партыі, але і многія з нас супраць замацавання на нашай зямлі тэўтонскай акупацыі.

— А хіба мы, міл-чалавек, за гэта?

— Мне здаецца: вы штурхаеце якраз да такога...

— Выбачайце,— спакойна адказаў Антон, але

злосна прыплюшчыў вочы.— Мы ў Вільні рабілі і робім усё, каб не стаць нямецкімі парабкамі, але ўзяць ад іх усё для нашага руху. На жаль, мы не шмат дабіліся. Затое вы тут, у Мінску, можаце дамагчыся болей.

— Але гэта не значыць, што мы павінны запляміць сябе...

Прамоўца зусім збянтэжыўся:

— Я, міл-чалавек, здагадваюся, што вы хочаце сказаць. Але давайце гаварыць шчыра і цвяроза. Каб выратавацца, бальшавікі не пабаяліся ніякай плямы, падпісалі з Германіяй вельмі ўніжальную дамову, сунулі ёй агромністы прэзэнт. Дык чаму дзеля с в а й г о выратавання мы не можам самі падпісаць сваю, можа, таксама не зусім прыемную дамову з той жа Германіяй? Ці за адно і тое ж хтосьці — дабрадзей, а мы — зламыснікі?

Заядлы палеміст і праціўнік Германіі Баравік сумеўся. Паазіраўся, як хто слухае, а пасля пачаў ратавацца:

— Можа, у вашых словах ёсць і рэзон, але я ўсё роўна супраць любога хаўрусу з тэўтонамі. Па-першае, што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. А па-другое, хаўрусу шукае тут, у Мінску, пан Скураны са сваіх, панскіх, пазіцый. Я, сацыяліст, не хачу нюхацца з буржуа!

— Хачу сказаць вам, міл-чалавек, дзве рэчы,— па-ранейшаму непарушна, але напружана прамовіў Антон Лапкінскі.— Першае: канечне, зусім іначай трэба было б паводзіцца, каб цэнтр згаджаўся ўтварыць ці то Савецкую Беларусь, ці то БНР. Вось тады мы, калі б шукалі помачы ў акупанта, былі б звычайныя свінчукі. Але, на вялікі жаль, такой згоды цэнтра не было і няма. Дык што нам рабіць? А тое, чаму вучыць нас «Інтэрнацыянал»: «Никто не даст нам избавленья — ни бог, ни царь и не герой. Добьемся мы освобожденья своею собственной рукой».— Усміхнуўся.— Ці гэта ўсім дазволена, але толькі не нам?

Баравік зноў паазіраўся і, бачачы, што большая палова люду сімпатызуе не яму, здаўся і сеў.

— Другое,— прадоўжыў Антон.— Пра нашы сацыялістычныя ідэі. Канечне, мы былі і будзем толькі за іх. Канечне, немцы не будуць спрыяць нам. Але...— Паклаў руку на стол, задумаўся і ўчэпіста ўгледзеўся ў залю.— Каб вызваліць сялян і работнікаў з-пад уціску паноў і капіталу ды пабудаваць сацыялістычны лад, трэба не толькі даць ім зямлю, заводы, але і падняць у іх чалавечую годнасць. Каб дабіцца такога — гэта значыць адрадзіць наш люд як нацыю, трэба палітычная незалежнасць. Каб дамагчыся палітычнай незалежнасці, трэба сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне сялян і работнікаў. Дык што ўрэшце выходзіць? Кола з трох дуг! І вось цяпер, стоячы на гэтых трох падвалінах, мы ўрэшце можам — не, павінны пачаць будаваць свой гмах...