Выбрать главу

З хвіліну памаўчаў, нібы павагаўся, гаварыць ці не, а пасля нагнуўся, узяў ад брата патачку, перабраў паперы і затрымаў некалькі лісткоў.

— Вось, спадары, пастанова Віленскай рады ад 18 лютага. Мы просім далучыцца да яе,— не чытаў, каб, мусіць, не забіраць шмат часу, глядзеў на напісанае і гаварыў ад сябе.— Улічваючы, што Беларусь ад XIII да канца XVIII стагоддзя была з літоўцамі ў адной самастойнай дзяржаве, што пасля гвалтоўнага прылучэння яе да Расеі з 1812 па 1905-ты не раз са зброяй у руках спрабавала аднавіць сваю волю, што Расея не здолела абараніць нас у гэтую вайну і ўрэшце ўлічваючы тое, што Часовы і Савецкі ўрады не прызналі нас, а цяпер мы кінутыя на волю лёсу, Віленская рада раіць парваць сувязі між Беларуссю і Расеяй ды прасіць усе краіны Еўропы памагчы нам аднавіць Літоўска-Беларускую дзяржаву.

Падаў паперыну Аўторку — той узяў і пачаў чытаць вышэйназваную пастанову. У залі маўчалі. Відаць, многія былі калі не ашаломленыя, дык уражаныя.

— Мы ведаем: цяжка рашыцца на такі крок...— прамовіў Антон Ланкійскі.— Але давайце паразважым: бізун ёсць бізун. Ці то польскі, ці то нямецкі, ці рускі. Дык і няма ніякай прычыны галасіць па чыімсьці бізуне. Ды цяпер, у час рэвалюцыі, абнаўлення, цягі ўсіх народаў свету да святла і волі. Што датычыць сувязі з Германіяй, то яе трэба будзе як след рэгламентаваць. А сваю пазіцыю варта выкласці ў Трэцяй Устаўной Грамаце.

Сеў. Стомлена пацёр лоб, шчокі. Мусіць, стаміўся. І за пятнаццаць гадоў удзелу ў беларускім руху, дзе было шмат усякіх перыпетый, і за апошнія суткі — за паездку сюды і за сустрэчу з матчынай магілай.

— Я — за незалежнасць! — першы падаў голас у набухлай цішыні Лашкевіч і абвёў усіх рашучым позіркам.

— І я,— услед за ім прамовіў гучна строгі Еўзікаў. Тут жа моўчкі паднялі рукі Шуляк, Заходка, Пячэрскі, Аўсянік.

Васілевіч сядзеў за Лашковічам, слухаў усё і бачыў: Ян і Антон сваімі прамовамі адагналі насцярогу да сябе, прывабілі — адным словам, нязмушана, але чэпка павялі за сабою. Паколькі Мінскі падпольны камітэт РКП (б) даручыў усюды і заўсёды выяўляць «прагерманскую» палітыку, ён, Васілевіч, мусіў цяпер таксама падняць руку. Але ў душы бунтавала, прыгнятала штосьці вышэй, чым тое даручэнне — можа, і вялізная трывога, нават нечалавечы страх: божа, на якую страшную сцяжыну мы выходзім! Колькі шчырых і талковых людзей можа прапасці на ёй альбо пазней, пры іншай сітуацыі, паплаціцца за гэта!

Узрушана зірнуў на калегу па цяперашняй падпольнай рабоце, на Алеся Нямкевіча: той, у паношаным пінжаку і тоўстым сялянскім свэтары, лысаваты, запунсавеўся і ад хвалявання грызе пазногаць.

Перавёў позірк далей — на кіраўніка, на Нядолю. Той, бледны, аж сіняваты, зусім нечакана падміргнуў яму гарэзна: усё, маўляў, добра! Але Бурбіс, які сядзеў побач і мяў рукі, захітаў яму з адчаем галавою: не туды кіруемся, не тое робім!

Не ведаючы, што ён і як робіць, Васілевіч з адчаем і з разгубленасцю падхапіўся. І каб утрымаць усіх ад параенага Ланкійскімі ды падтрыманага некаторымі тутэйшымі, каб выратаваць сумленных людзей ад ганьбы, сказаў не насуперак свайму даручэнню, але і не асабліва ў суладдзі з ім — найперш дзеля таго, каб адцягнуць, адсунуць тое, што гэтак паспешна навальваецца на іх:

— Асабіста я не супраць, каб нам самім падбаць пра сябе. А калі трэба будзе, то і падпісаць сваю дамову з Берлінам. Але я не хацеў бы, каб такія лёсаносныя рэчы мы рашалі толькі тут, лічы, келейна. Я раю: давайце склічам сход Грамады і пагаворым пра ўсё гэта там. І што рошыць Грамада, найбольшая, самая аўтарытэтная партыя ў Радзе, тое і вынесем ад яе імя на ўсеагульны наш з'езд.

«Можа, на сходзе збэсцяць, стопчуць гэтую канцэпцыю...» — падумаў сам сабе.

— Вельмі разумная парада,— упершыню за сённяшнюю сустрэчу пачуўся зычны Бурбісаў голас. І гэтая рэпліка аднаго з ветэранаў руху каго астудзіла, а каму памагла зарыентавацца.

— А можа, нам яшчэ раз перамовіцца з Доўбар-Мусніцкім,— падняўся і таксама ўпершыню сёння загаварыў Нямкевіч.— Па-першае, у яго значная сіла і вялікія грошы, а па-другое, ён спачувае нам...

У залі нечакана амаль усе выбухнулі рогатам. Зачырванелы Нямкевіч сеў і апусціў галаву.

«Сказаў тое, што трэба было яму сказаць, але незайздроснае ў яго цяпер становішча!» — паспачуваў сябру Васілевіч.

— Можа, яшчэ і іншыя парады ёсць? — усміхнуўся звычайна суровы, аскетычны Аўторак, навідавоку пацяшаючыся з Нямкевічавага слова.

— Сапраўды, спадары, давайце спачатку пагаворым пра такія важныя рэчы на грамадоўскім сходзе,— выратаваў Нямкевіча, а заадно і сам акрыялы Баравік і ўскінуў руку. Услед за ім падняла рукі большая палова з тых, хто быў у пакоі.