Выбрать главу

— Што ж,— прамовіў Аўторак,— спадар Сымон мае рацыю: няхай галоўная наша, беларуская, партыя, дзе старэйшыны руху, паразважыць пра ўсё і выкажа сваю думку. А цяпер, спадары, давайце падумаем пра наказ для нашай дэлегацыі. Лічу, найперш мы павінны Генеральнаму сакратарыяту Украіны афіцыйна аб'явіць пра нашу БНР.

— У другім пункце запісаць: нам трэба абмяняцца прадстаўніцтвамі,— параіў Лашкевіч.

Аўторак, сеўшы, пачаў шпарка запісваць. Калі падняў галаву, то падаў голас Баравік. Але Васілевіч добра недачуў, бо якраз у гэты час павярнуўся і зірнуў на Нямкевіча: як адчуваеш сябе, дружа?

— Дзякуй,— пачуўся голас Аўторка.— Якія яшчэ ёсць думкі? — Хтосьці сказаў глуха, а за ім — яшчэ адзін не вельмі выразна. Васілевіч, дачакаўшыся, калі разгублены Нямкевіч падыме галаву, падміргнуў: ну, не адчайвайцеся. Ты ж праверыў тое, што трэба было яшчэ раз адчуць.

— Ну, а цяпер варта сказаць і пра галоўнае для нас, пра грашовую помач,— гучна сказаў у гэты час Заходка.

— Трэба асобна сказаць пра таварны абмен з Украінай і з мяжою, без чаго нам не абысціся,— дадаў Пячэрскі.

Неўзабаве за ўсе гэтыя сем пунктаў з наказу дэлегацыі БНР прагаласавалі адзінагалосна.

3.

Як і трэба было, сёння, увечар, Муха ўпотай прыйшоў да Дзядзі на Шпітальную вуліцу.

Як і заўсёды вось у такія рэдкія адмысловыя візіты, дзверы адчыніў сам гаспадар, моўчкі, толькі ўзмахам рукі запрасіў у невялікую зацемненую душную кватэрку-заканурак, запёрся, пастаяў і паслухаў, што робіцца на лесвіцы, а пасля прышлёпаў услед за ім у пакой. Быў у доўгай шэрай цёплай піжаме і ў мяккіх тапачках, на галаве — чорная аксамітная ярмолка. І ў змроку выдатныя вочы пранізлівыя, а загнуты нос падобны на ястрабіны.

— Ну што рашыла Грамада? — не вітаючыся і не запальваючы святла, нецярпліва запытаў.

— Даручыла Народнаму сакратарыяту вынесці на пленарны сход Рады БНР тэзіс незалежнасці рэспублікі і звярнуцца да народаў Беларусі з Трэцяй Устаўной Граматай,— як яму і належыць, коратка ды ясна адказаў Муха.

Нізенькі і кволы стары неяк вельмі хутка апусціўся на крэсла, што стаяла каля стала, пацепнуў плячыма:

— І колькі ж галасамі «за» і «супраць» рашылі такое дзёрзкае?

— Аднагалосна.

— Вы — што?! Аднагалосна — за разрыў з Расіяй? !

— Праўда, не адразу прыйшлі да такога. Спачатку была вострая палеміка.

— Якая? — вывуджваў навіны Дзядзя.— Хто што гаварыў?

— Васілевіч, Шуляк, Лашкевіч, Еўзікаў, Пячэрскі адразу павялі бой за незалежнасць. Баравік і яшчэ колькі яго аднадумцаў, асабліва малады Касцюковіч, былі супраць, спрабавалі ўдарыць па Ланкійскіх за тое, што «тыя падліваюць масла ў агонь», але не змаглі ўзяць верх. Пасля і самі галасавалі «за», агаварыўшыся, што робяць так толькі таму, каб не расколваць Грамаду, не паказваць іншым, найперш небеларускім, партыям рознагалоссе.

— Незвычайная сітуацыя,— прамовіў Дзядзя.— І звышрэалізм, і звышавантурызм заадно. Спроба націснуць адразу на два бакі: і на Маскву, і на Берлін. Без вайсковай сілы, без грошай, без міжнароднай помачы.

— Ну, а я, як вы і сказалі, быў за БНР як будучую частку Расійскай Федэрацыі без бальшавікоў. І за гэта мяне лупцануў Лашкевіч.

— Як след падсыпаў ці няўдала? — укусіў, як снасаўская муха, гаспадар, можа, і ў душы радуючыся, што звёў, стукнуў ілбамі былых сяброў.

— Ён сказаў, што я быў, ёсць і заўсёды буду прыстасаванец, двудушнік і халуй,— Муха прызнаўся шчыра, пе асмельваючыся маніць, але сказаў такім тонам, каб пачулася, што дзеля іхняй ідэі яму прыходзіцца ісці і на выпрабаванні, і на знявагі.— Ды што за кашалёк, пасаду гатовы прадаць і сваю маці.

— Што ж, няблага пахваліў! Ясна?

— Ясна,— адказаў, усцешаны, што Дзядзя задаволены ім.

— Ну што ж,— сказаў той.— Займайце цяпер і вы прагерманскую пазіцыю, уцірайцеся ў давер, натхняйце на авантурызм і збірайце новы кампрамат на «аднадумцаў». І яшчэ. Заўтра наладзіце мне су-

стрэчу з Антонам Ланкійскім. На нашай кватэры на Нова-Маскоўскай.

— Хіба ўдзень. Бо ўвечар пачнецца пленарны сход Рады БНР.

— Давайце ўдзень. У гадзіны дзве.

— Добра.

— Вам не цікава, пра што я хачу пагаварыць з нашым віленскім братам?

— Я навучыўся ўжо не задаваць лішніх пытанняў...— усміхнуўся ён у адказ.

— Малайчына! — не вытрымаў, пахваліў скупы на добрае слова Дзядзя.— І яшчэ калі будзеце разам, то ўвесь час, так сказаць, тонка правакуйце яго, вывучайце: ён шчыра служыць нашаму ордэну ці толькі маскіруецца і «выбівае» сваю, беларускую ідэю? Ясна?