Выбрать главу

— Ясна,— паслухмяна сказаў Муха.

4.

— Ну, мама, блаславі на новы бой, на перамогу! — Адыходзячы, Лашковіч прытуліў невысокую, худзенькую маці.

— Ой, сынок, зноў вы ідзеце супраць цёку вады...— заўздыхала тая. Хоць ужо з год жыве ў Мінску, зноў разам з ім, але ніяк не можа прывыкнуць ні да горада, ні да яго, сынавых, клопатаў і турбот.— Скора саракоўка, лысееш вунь, а ўсё пачынаеш ды пачынаеш штосьці новае...

— Я зразумеў цябе, мама,— сказаў паўжартам,— Вось даб'ёмся сёння свайго — дадуць мне работу, кватэру. А як толькі абжывёмся, адразу прывяду Ванду, і пойдуць у нас кожны год дзеткі. Во будзе табе марокі!

— Дай бог чутае бачыць...— зноў уздыхнула старая.— Толькі мала веру я, што ты некалі можаш ажа-

ніцца. Змоладу ажаніўся ты на іншае жыце, а не на сям'ю...

Лашкевіч пакінуў маці ў сваіх новых гаспадароў, а сам шпарка падаўся ў горад, у Народны сакратарыят, дзе неўзабаве павінен пачацца пленарны сход Рады БНР.

Ён нядаўна жартаваў з маці, паказваў, што ён зусім спакойны, але па душы было трывожна. Па-першае, з-за таго, што яны сёння задумалі, а па-другое, з-за таго, як паводзіцца ў апошні час ён сам. Сэрца, душа падказвалі, што іншыя і ён, задумаўшы аб'явіць сваю незалежнасць такім незвычайным чынам, не толькі памыляюцца, але і свядома глумяць справу і сябе. Але розум перамагаў пачуцці: а хіба Фрунзе, Мяснікоў, Ландар, якія наехалі і гаспадарылі тут, і Сталін у Маскве паваляюць і спрыяюць? Не. Ды яшчэ пякла крыўда, што Ландар з Калмановічам, змагаючыся супраць насілля пры царызме, самі ўчынілі гвалт — кінулі яго, былога катаржаніна, у падзямелле як ворага народа, як аднаго з лідэраў беларускага руху, які яны лічаць толькі буржуазным і вароніш, праяваю адсталых забабонаў, непатрэбным варункам, на іх думку, у той час калі якраз яны прыйшлі да ўлады. Вось некалі, асабліва тады, калі трэслі царызм, вы былі патрэбныя, а вось цяпер пайшлі прэч, бо замінаеце нашай вялікай мэце!

Ён узбуджана крочыў па горадзе, дзе было ўжо мала снегу, але які дзень запар трымаўся сакавіцкі развітальны мароз. Холад цяў, як галодны, і цяпер, калі ўжо зайшло сонца і падружоўленае, нагрэтае за дзень неба пачало астываць і зацягвацца шэраю павалокаю, апускаючы на зямлю ўжо вясновую, але яшчэ няласкавую ноч.

Хоць у залі для сходаў адразу запацелі акуляры, але ўбачыў: яшчэ за паўгадзіны тут ужо нямала люду. Сядзяць купкамі, гамоняць, і ўсе, здаецца, насцярожаныя. Як ні дзіўна, першыя прыйшлі саюзнікі і члены Народнага сакратарыята: Злобін як — таварыш старшыні земскай управы Мінскай губерніі, а ў іх народны сакратар велікарускіх спраў, Макрэеў — эсэр, народны сакратар унутраных спраў і пасланец ад украінскіх суполак, Белкінд і Гутман (першы — эсэр, народны сакратар фінансаў, другі — паалейцыяніст, народны сакратар без партфеля). А таксама былі ўжо тут лідэры шматлікіх мінскіх партый, якія нядаўна згадзіліся ўвайсці ў Раду БНР: эсэр Шумскі, меншавік Пайкес, паляк Абадзінскі і нават сядзеў ужо старшыня Мінскай думы, член ЦК Бунда Бакштэйн.

Убачыўшы яго, многія замахалі рукамі: хадзі да нас! Раней, пры Часовым урадзе, многія з іх займалі высокія пасады і не хацелі бачыць ды чуць яго і ягоную Вялікую Беларускую раду, а цяпер, калі ён і яго калегі на паверхні, бач, запаважалі, нават некаторыя з іх пачынаюць вучыцца гаварыць па-беларуску. І трэба сказаць, даволі ўдала.

Запыніўся, сеў. Каля саноўнага Вашнтэйна, які акрыяў пасля таго, як нямецкія ўлады прызналі паўнамоцтва Гарадской думы і асабліва не заміналі ёй засядаць, вяшчаць і весці гаспадарку.

— Дзе гэта вашы калегі? — усміхнуўся, але не зусім зычліва той.— Ці не сабраліся на новую нараду?

— Не ведаю,— паціснуў ён плячыма.— Мяне ніхто нікуды не запрашаў.

— А гэта праўда, што фракцыя Грамады рашыла дабівацца незалежнасці і парываць з Расіяй? — запытаў сусед Ванштэйна, Белкінд.

— Я не магу раскрываць тайны сваёй партыі, як і не дамагаюся такога ад вас,— ухілліва адказаў Лашкевіч.

Чуючы такую гаману, пачалі падымацца ў залі і падыходзіць да іх і іншыя.

— Якая ж гэта тайна, калі мы ўсе неўзабаве ўведаем? — заагрэсіўнічаў Белкінд.— А па-другое, чаму я, член Народнага сакратарыята, не ведаю, з чым ён будзе выходіць на пленум?

— Я не член Народнага сакратарыята, дык не магу адказваць за яго.

— Гэта ўсё падобна на гульню з намі! — пакрыўдзіўся Ванштэйн.— Вы, як мы адчуваем, найперш ведзіцё сваю лінію і хочаце ці паставіць нас перад дэ-факта, ці зрабіць з нас паслухмяных памагатых. Гэта не па-таварысцку, не па-саюзніцку, пан Лашкевіч. Калі будзе парушацца наша дамова па платформе ўтварэння БНР, мы будзем пратэставаць альбо...— Развёў рукамі.— Альбо будзе канец усяму. Вы цяпер удала перахапілі першынства, але вы без нас не станеце на ногі!