Выбрать главу

— Давайце пачакаем пленума, не будзем спяшацца спрачацца да яго...— Усміхнуўся Лашкевіч, не могучы прызнацца пра ўсё і не жадаючы без пары і часу палемізаваць з тымі, хто стаў прыяцелямі па разліку.

5.

Сесія Рады БНР пачалася, як і задумвалі, у восем гадзін вечара.

І сцэна, дзе стаяла некалькі накрытых зялёным аксамітам сталоў, і Заля былі ўрачыстыя. Сцэне надавалі шыкоўнасць вазачкі на стале з хваёвымі галінкамі, рознакаляровымі кветкамі і невядома адкуль узятымі жывымі чырвонымі гваздзікамі, а таксама вялікі герб «Пагоні» на бел-чырвона-белым палотнішчы, а залю ўпрыгожвала вялікае яркае электрычнае люстра, зіхоткія чырвоныя крэслы, а таксама абсвечаныя на сценах жоўтыя падсвечнікі з вялікімі парафінавымі свечкамі — на той выпадак, калі раптам патухне святло.

Вось з-за шырмы на сцэну выйшаў у сваім звыклым зялёным мундзіры, у хромавых ботах Аўторак — пачынаць сесію ад імя прэзідыума Рады БНР.

Ён стаў пасярод сталоў, пацёр суцэльна лысую, бліскучую ад святла галаву і вытрымаў належную паўзу. Усе запляскалі. І вітаючы аднаго з цяперашніх лідэраў Рады БНР, і вітаючы пачатак сесіі, на якую ўрэшце здолелі сабрацца разам усе розныя тутэйшыя палітычныя сілы.

— Дазвольце сесію Рады БНР лічыць адкрытай,— прамовіў і пільна зірнуў у залю, дзе была пераважная большасць членаў Рады.

Воплескі.

— Хоць вашы апладысменты можна лічыць за ўхваленне пачатку нашай работы, але давайце ўсё ж замацуем паша паўнамоцтва галасаваннем,— сказаў непарушна Аўторак.— Хто за тое, каб адкрыць сесію Рады БНР, прашу галасаваць.

Ён першы падняў руку, за ім ускінулі рукі і ў залі.

— Аднагалосна,— усцешыўся.— Дзякую. Цяпер дазвольце ад імя ветэранаў рэвалюцыйнага руху шчыра павіншаваць вас з абраннем у склад Рады БНР, паспадзявацца на ваш належны ўдзел у яе дзейнасці і пажадаць нашай сесіі плённай работы! — А калі яго перапынілі воплескі, памаўчаў, а пасля павёў сваё далей: — Для работы пашай сесіі трэба выбраць рабочы прэзідыум. Ёсць думка нашых старэйшын у прэзідыум абраць прэзідыум Рады БНР, спадара Злобіна — народнага сакратара велікарускіх спраў Народнага сакратарыята Беларусі, таварыша старшыні земскай управы Мінскага губеранскага земства, сацыяліста-рэвалюцыянера, спадара Макрэева — народнага сакратара ўнутраных спраў, сацыяліста-рэвалюцыянера, украінца, спадара Ванштэйна — старшыню Мінскай гарадской думы, члена ЦК Бунда, спадароў Пайкеса і Шуйскага — лідэраў тутэйшых расійскіх партый, спадароў Ланкійскіх — ветэранаў грамадоўскага руху, спадара Гутмана — народнага сакратара без партфеля, паалейцыяніста, а таксама спадароў Костаса і Абадзінскага — літоўскага і польскага дэмакратаў...

Усе зноў запляскалі. Усім пакуль што было даспадобы, што пакуль што ўсё ідзе ва ўсіхных інтарэсах. А затым і прагаласавалі за ўсіх адзінадушна.

Неўзабаве Васілевіч, Баравік, Еўзікаў, а таксама персанальна названыя Аўторкам асобы падняліся на сцэну, паселі за сталамі.

Васілевіч мусіў сесці каля Аўторка — весці далей сесію. Прасілі ўзяць руль Баравіка з прамоўніцкімі і артыстычнымі здольнасцямі, але той адмовіўся.

— Спадары,— падняўшыся, з хваляваннем, аж зарэзала ў жываце, сказаў Васілевіч.— А цяпер нам трэба зацвердзіць парадак дня нашай работы. На вашу думку выносіцца некалькі пытанняў,— і калі зачытаў усё, што было загадзя запісана на паперцы, то аж разгубіўся: і ў прэзідыуме, і ў залі загудзелі. З незадавальненнем і з абурэннем.

Васілевіч адчуў, што да яго прылівае нейкае двайное пачуццё: па-першае, ён загадзя ведаў, які будзе парадак дня, і хваляваўся, па-другое, адчуваў, як будуць негадаваць саюзнікі. Яму трэба было ўтаймаваць незадаволеных, але ў душы яму хацелася, каб тыя здолелі абсекчы, не даць Аўторку, Лашковічу і іншым, пад'юшчаным Ланкійскімі, дабіцца таго, што яны задумалі,— разрыву з Расіяй. Ніколі яшчэ ў сваім жыцці ён не быў у такім супярэчлівым пераплёце. Яго часамі папракалі за іншае, за тое, што ён лабавы, захоплены нейкай адной сваёй ідэяй, а тут вось сам час змушае віртуознічаць, нават выкручвацца, як уюн у сетцы.

— Якія будуць думкі наконт парадка дня? — запытаў ён найперш у залі, дзе сядзела з паўсотні людзей.

— Дазвольце слова,— пачуўся ззаду голас. Азірнуўся: падымаецца грузны, як калода, з павіслымі чорнымі бровамі, з сівымі вусамі Пайкес і кіруецца да краю сцэны.