Выбрать главу

Зноў хтосьці запляскаў, а хтосьці не.

— Я прошу слова,— падняўся ў прэзідыуме Пайкес, расчырванелы, а то нават і распараны.

А калі дазволілі прамаўляць, размашыста падышоў да трыбуны, зноў уразіўшы ўсіх агромністым ростам.

— Друзья,— забасіў.— Да, в частности мы, меньшевики, недооценивали национальный вопрос, не поддерживали образования белорусской государственности. Сейчас жизнь, позиция большевистского центра принудили нас изменить нашу позицию. Мы согласны поддержать образование Белоруссии. Но, друзья белорусы, зачем таким нехорошим, мягко говоря, образом вы начинаете свое дело? Когда вам трудно, позовите на помощь русского Ивана!

— Дзе той ваш Іван цяпер?! — выгукнуў Лашкевіч.— А па-другое, у вашага Івана-чыноўніка завельмі моцныя абдымкі! Ад іх аж выскаквае дух!

У залі пачуліся воплескі.

Пайкес пачакаў, калі будзе цішыня, а пасля прыстрашыў:

— Без России вы пропадете! Это раз. А во-вторых, нам не понравилось то, что когда мы с вами вели переговоры, чтобы и нам вступить в Раду БНР, мы условились: мы вместе добиваемся автономии Белоруссии в составе Российской Федерации без большевиков. И вдруг — вы такой поворот! Отрыв вообще от России! Мы не можем присоединиться к такому вашему безумию и безответственному шагу.

— Мы протестуем против него! — выкрыкнуў з прэзідыума ІІІумскі, нервова мнучы сваю рыжую бараду.

Далей, як кажуць, пайшло-паехала: Еўзікаў — за незалежнасць і аддзяленне, пасланец ад велікаросаў Злобін — супраць, Заходка, Аўсянік, Шуляк, Пячэрскі і іншыя — за, Сядых, Гутман, Белкід, Абадзінскі — супраць.

Пасля, пад раніцу ўжо, слова папрасіў Ванштэйн.

Ён важна, нібы спакойна, выйшаў да трыбуны, абапёрся на яе.

— Сябры,— прамовіў.— Усе мы разумеем нашых калег-беларусаў, якія рашылі спажыць момант і дабіцца таго, пра што яны марылі стагоддзямі. Але дзве рэчы, як убачылі мы, вельмі засмуцілі нас. Першае: тое, што яны вынеслі на гэтую сесію, рашылі ў сваім асяроддзі, келейна. Другое: парушылі дамову з намі, чым паставілі нас у цяжкае становішча.

Дабіўшыся ўвагі (бо дасюль быў і тупат нагамі, і свіст, і розныя выкрыкі), саноўны Ванштэйн пачаў заваёўваць давер далей:

— Мы, даражэнькія браточкі-беларусы, разумеем вас. Мы нават верым: вы, пазнаўшы гора ды бяду, будзеце лаяльнымі да ўсіх нас, іншародцаў. Але адчуйце лепш: мы можам пражыць без рускай культуры, але мы не здолеем пражыць без расійскай эканомікі!

— Зможам! — выгукнуў з прэзідыума Лашкевіч,— Не такія мы беднякі, як нас агаворваюць!

— А цяпер вы без капейкі ў кішэні станеце на ногі?

— Станем, бо нам паможа Украіна.

— Далей,— сказаў Ванштэйн.— Вы ап'янелі, сябры: упарта гняце сваю лінію, не слухаеце, а спрачаецеся з намі, гатовы паставіць пытанне на галасаванне. Але я завастраю ўвагу: на сесіі няма многіх дэлегатаў ад правінцыйных гарадскіх і земскіх самакіраванняў, таму з 71 месца механічна большасць за вамі. Я як старшыня Мінскай гарадской думы і член ЦК Бунда раю: давайце, сябры, не будзем сёння прымаць ніякага рашэння, палічым нашу сесію за дыскусійную нараду.

Меншая палова заўзята запляскала, большая — стрымалася.

— Спадары, прамовіла ўжо дваццаць шэсць чалавек,— падняўся Аўторак, які ўзяў руль у свае рукі.— Ёсць яшчэ ахвотнікі?

— Хопіць!— пачулася адразу некалькі выкрыкаў.— Світае вунь ужо!

У гэты час Лашковіч, які перайшоў у залю, адцягнуў на акне штору — сюды хлынула ранішняе святло. Пяшчотнае па-сакавіцку, зыркае ад маладога сонца.