Выбрать главу

— Будзем галасаваць,— непарушна і пасля бяссоннай ночы сказаў Аўторак.— Ёсць дзве прапановы. Першая: аб'явіць незалежную БНР і лічыць разарванымі ўсе адносіны з Расіяй. Другая: разглядаць Беларусь як будучую аўтанамічную частку Расійскай Федэрацыі. Хто за першую прапанову?

Пераважная большасць.

— Хто ўстрымаўся?

Усяго некалькі чалавек.

— Ну, што ж, няма патрэбы галасаваць за другую прапанову,— дазволіў сабе ўсміхнуцца Аўторак.— Я віншую вас ўсіх, спадары, з актам, які толькі што адбыўся! Ёсць упершыню за гісторыю незалежная Беларусь! Дзяржава!

Прыхільнікі гэтага горача запляскалі.

У прэзідыуме падхапіўся Злобін:

— В знак протеста против этого «исторического» акта мы покидаем пленум!

— П мы! — падскочыў услед за ім яшчэ хтосьці.

І сапраўды, яны, земцы, спешна выйшлі з залі.

— Баба з воза — каню лягчэй,— усміхнуўся Аўторак, і яго словы пакрыліся воплескамі.

— Няма чаго радавацца, сябры. Гэта — наш раскол і правал усёй справы,— падаў голас Ванштэйн, сышоў з прэзідыума, але падаўся не на выхад, а ў залю. За ім услед падаліся Пайкес і Шумелі.

— Мы зараз, пан Ванштэйн, пачнём фарміраваць наш урад,— спакойна адказаў яму Аўторак.— Можа, вы згодны ўвайсці ў яго?

— Не-не,— замахаў той рукамі.— Пасля ўсяго таго, што адбылося, я не магу пайсці на такі крок.

— Ясна,— ухмыльнуўся Аўторак.— Саюзнікі нашы аказаліся ненадзейныя. Нам зноў прыйдзецца адным дабівацца беларускай дзяржаўнасці.— І да ўсіх: — Мы, спадары, прадбачвалі, што не сустрэнем помачы сярод тых, хто прымкнуў да нас не з-за салідарнасці, а толькі па разліку, хто па-ранейшаму альбо не разумее, альбо разумее ды не хоча падсобіць беларускай адраджэнскай ідэі. Адным словам, мы хочам прапанаваць вашай увазе структуру і спіс урада БНР, дзе няма ні аднаго прадстаўніка пануючага класа і дзе выключна адны сацыялісты. Але ці будзе вашая згода на такі акт?

— Ёсць! — выгукнуў з залі Лашковіч.

— Дзякую,— нахіліў галаву Аўторак.— Давайце прагаласуем. Хто за тое, каб з нашага складу ўтварыць урад БНР.

Амаль усе паднялі рукі. Апрача Ванштэйна ды яшчэ трох чалавек-праціўнікаў, якія затрымаліся.

— Дзякую,— нібы ўсміхнуўся, нібы павесялеў Аўторак.— Савет старэйшын раіць наступную структуру нашага ўрада: прэзідэнт Рады БНР, старшыня і народны сакратар замежных спраў, народны сакратар скарбу, народны сакратар асветы, народны сакратар кантролю, народны сакратар вайсковых спраў і маскоўскі консул. Згодны?

— Згодны,— зноў першы падаў голас Лашкевіч.

Прагаласавалі. Тое ж: усе — «за», акрамя Ванштэйна і яго аднадумцаў.

— Ва ўрад БНР персанальна прапануюцца: Васілевіч, Заходка, Пячэрскі, Жытнік, Еўзікаў, Шуляк, Бурбіс, ваш ягамосць Аўторак. Ёсць пярэчанні, іншыя прапановы?

— Не.

— Няма.

— Трэба абмеркаваць кожную кандыдатуру,— сказаў Аўторак.

Пачаў чытаць прозвішчы па аднаму — самаадводаў і адводаў не было. Пасля прагаласавалі. За кожнага паасобку. Усе названыя прайшлі ва ўрад БНР.

— Па праве старшынствуючага віншую ўсіх з першым у гісторыі народа сваім урадам! — зусім памякчэў Аўторак.— Па праве члена гэтага ўрада і ад імя калег шчыра дзякую ўсім за давер. Яго мы пастараемся апраўдаць спаўна, не пашкадаваць нават свайго жыцця для ажыццяўлення нашых спрадвечных мар і надзей. Думаю, вы дазволіце нам самім размеркаваць абавязкі ва ўрадзе з улікам здольнасцей і вопыту кожнага. Згодны?

— Згодны.

— Канечне.

«Колькі гадоў чакаў, марыў пра вось такую хвіліну, а радасці няма...— падумаў сам сабе Васілевіч, адчуваючы, што яго аж калоціць ад хвалявання.— Штосьці ўсё нібы не сапраўднае, нібы крадзенае, а значыць, і грэшнае! Ці ўсе вось так бяруць уладу?»

— Цяпер, спадары, нам трэба прыняць рэзалюцыю з'езда, а таксама зацвердзіць тэкст Трэцяй Устаўной Граматы. Мы маем накід гэтых дакументаў, таму зараз зачытаем іх на ваш разгляд.

Пасля, калі зачыталі, зрабілі папраўкі, Васілевіч пастараўся прыдбаць адзін з экземпляраў усіх дакументаў, ведаючы, што іх будуць чакаць і ў Смаленску, і ў Маскве.

Ён трымаў у руках два лісткі са зместам Трэцяй Устаўной Граматы і, адчуваючы дрыготку ў руках, перачытваў сам сабе, пакуль Аўторак спраўляў розныя заключныя працэдуры:

«Год назад народы Беларусі разам з народамі Расеі скінулі ярмо Расейскага царызму, які найцяжэй прыціснуў быў Беларусь, не пытаючыся народу, ён укінуў наш край у пажар вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасці, якое гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай. Самі народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.