Выбрать главу

На гэтым сустрэча закончылася.

У гэты ж дзень, як сказаў мне Еўзікаў, Ланкійскія спаткаліся сам-насам з Аўторкам. Пра што яны гаварылі, не ведаю: я спрабаваў тое-сёе вывудзіць у Аўторка, але ён зацяўся і нічога мне толкам не сказаў. Маўляў, Ланкійскія заходзілі развітацца».

Базыль.

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

1.

Упершыню Алесь Нямкевіч дабіраўся ў свае Янкавіны не адзін, сам па сабе, а ўдваіх. З Волькай.

Едучы ў цягніку, а пасля, са Стоўбцаў, ідучы пехатою, ён быў спакойны, жартаваў, а вось Волька была ўзбуджаная, з чырвонымі плямінамі на шчоках, а перад павароткаю, за якой абрываўся лес і былі відаць Янкавіны на блізкай, адразу за рэчкаю, горцы, нечакана папрасіла:

— Алеська, давай так: я пайду адна ў свой дом, а ты — адзін у свой...

Ён, несучы за плячыма пляцак з мінскімі падарункамі і ласункамі на дзве сям'і, сваю і Вольчыну, на хаду прытуліў яе. Стройную ў гарадскіх чорных боціках, у паліто і шапачцы.

— Увесь век свой будзем таіцца, што мы муж і ніонка?

— Некалі прызнаемся, а вось цяпер — не трэба...— сказала пра тое, што не давала ёй спакою ўсю дарогу.— Кажу ж, абгавораць мяне: «Сама аж у Менск паляцела, без вяселля жыве...» Ды і ваіпыя не прымуць...

— Не, не будзем таіцца,— цвёрда сказаў ён.— Няхай усе прывыкаюць, хто мы адно аднаму... А калі прывыкнуць, дык будзем мы, як і ўсе...

— Які ты ўпарты! — паскардзілася і, здаецца, заадно ўсцешылася. А калі прыгарнуў, пахапліва азірнулася вакол і дала свае халаднаватыя жаданыя вусны.

Неўзабаве ўжо ўвайшлі ў Янкавіны — яшчэ з пластамі старога снегу на стрэхах, з улеглымі гурбамі ў гародчыках і каля платоў, здаецца, вясёлыя пад перадвечаровым нізкім чырвоным сонцам і з першымі пахкімі дымкамі.

— Бачыш, пазіраюць на нас з усіх акон?! — прамовіла Волька, стараючыся ісці воддаль ад яго.

Сапраўды, пад пільнымі позіркамі мінулі засценак, увайшлі ў сяло, дзе атабарылася вялікая Вольчына радня, і хутка былі ўжо каля яе двара — у ім стаяў з лапатаю гаспадар, Вольчын бацька, Сцяпан-паліцік. Прыгорблены, са слязлівымі выцвілымі вачыма, здаецца, чарнейшы і за цыгана. Высякаў у снезе чатырохкутныя кавалкі і скідваў іх у гародчык.

— Далібог, Волька з Алесем! — здзівіўся ён, толькі тут, зблізку, пазнаўшы дачку ў нязвыклым для яго гарадскім уборы.

Усадзіў лапату ў белы з рудым пластам снег, па звычцы абпёр рукі аб вайсковыя зношаныя і палатаныя ўжо галіфэ і пайшоў насустрач.

— Што — не пазналі нас? — усміхнуўся Алесь, рукаючыся з даўнім старэйшым прыяцелем, які даўно ўлад, з малых яго гадоў, любіць пагаварыць з ім пра жыццё-быццё, пра палітыку.

— Стары, сляпы ўжо, Алеська...— паскардзіўся ён. Але, пазіраючы на спрытную дачку, усцешыўся: — Увабралася наша паненка па-гарадскому, адразу і не пазнаеш. Як і не вясковая.

Волька, бачачы, як да акна прыпалі братавым, іхнія дзеці, пакінула іх, мужчын, адных і падалася Ў Дом.

— Зайдзі і ты, Алеська,— запрасіў Сцяпан Супраневіч.— Адпачні з дарогі, навіны раскажы.

— Цяпер, каб і не хацеў, трэба зайсці...— усміхнуўся ён.

Волька — ужо на ганку, пачуўшы яго гэтыя словы, хуценька азірнулася, прыклала палец да сваіх вуснаў, а пасля борздка шмыгнула ў сенцы.

Сцяпан ці то зразумеў, ці то ўсё адчуў, але нічога не запытаў, адказаў на яго жарт ухіліста:

— Зайдзі, Алеська.

— Мы ж з Волькай, дзядзька Сцяпан, шлюб узялі. Так што я цяпер ваш зяць...

Сцяпан чамусьці засаромеўся, адвёў вочы і доўга нічога не мог сказаць. А пасля пахітаў галавою:

— Такі праўду ў вёсцы гавораць...

— Што, дзядзька?

— Ды Марыся Драздовічава нядаўна дапала ў Менск, да сястры сваёй, дык бачыла там вас. Кажа, над ручку некуды ішлі...

— Але не падышла да нас,— усміхнуўся Алесь.

— Кажа, пасаромелася.

— Ну, а вы што скажаце? Не супраць?

— Хіба я, Алеська, вораг свайму дзіцяці? Але...— нахітаў галавою.— Не пара мы вам...

— Пра гэта не гаварыце, дзядзька,— папрасіў ён.— Чым мы горшыя ці лепшыя за вас? Па адной зямлі ходзім, адну работу робім, з плоці і крыві адной.

— Здаецца мне, што твой бацька, Алеська, за гэта не пахваліць цябе,— сказаў Сцяпан.— Волька мая, нічога не скажаш, вылюднела, файная дзеўка, але ж не мае тваёй галавы, граматы.

— Дык можа мець, дзядзька Сцяпан,— падбадзёрыў старога Алесь.— Цяпер...

— Ды і вяселля мы ёй не зробім...— перажываў за сваё той.— Сам ведаеш: былі галякі галякамі, імі і засталіся.

— Абыдземся і без пышноты, дзядзька Сцяпан. Абы здароўе ды шанцаванне было! Дык запросіце ў хату ці не?