— Заходзь, Алеська, заходзь,— замітусіўся Сцяпан. Ніколі дагэтуль не разгубліваўся перад ім, а вось цяпер зніякавеў. І можа, не столькі перад ім, як перад яго бацькамі і вёскаю. Што ні кажы, Нямкевічы — адны з самых паважаных людзей у Янкавінах.
2.
Самым надвячоркам Алесь падышоў да свайго дома. Адзін. Як ні ўгаворваў Вольку, тая не пайшла з ім. Дагэтуль паважала яго бацькоў, а цяпер збаялася іх.
У сваім ачышчаным ад снегу двары ён убачыў незвычайнае відовішча: пасярод двара стаіць іхняя чырвонай масці карова, галяндэрка, як казалі ў вёсцы, а абапал яе топчуцца бацька, Янка і пляменнік Ясік. Вось стары — у валёнках, кажуху, згорблены, як і Сцяпан,— апусціўся наколенцы і пачаў абмацваць пярэднюю нагу каровы, а Янка — у вайсковай форме, толькі без пагонаў — узяў яе за рогі. Калі наблізіўся, дык згледзеў: бацька абмацвае не нагу, а драўляную белую, ці не з бярозы, кульцю, што была замест нагі — аж да калена.
Бацька разагнуўся — Янка пацягнуў карову за рогі. Яна ступіла — добра левай нагою, а вось прыладжаную кульцю, што была за правую, не падняла і не пераставіла, а зашмаравала па доле, а пасля і прыпала на яе і збіла.
— Ну, калі ты ўжо навучышся хадзіць! — дакорліва сказаў бацька.— У цырку звяры вунь не тое дарабляюць!
Гаўкнуў каля будкі рослы шэры сабака — усе павярнулі галовы і ўбачылі яго. Ад нечаканасці бацька не падхапіўся, стаяў на каленях, пакуль ён не падышоў. Упад ён, вітаючыся, падаў руку, памог падняцца.
— Госць во нечаканы...— усміхнуўся стары, атрос снег з калень. А калі ён парукаўся з Янкам і Ясікам, запыніўся нібы ў нерашучасці, загарэзаваў: — Дык ты адзін прыехаў ці не адзін?
— З Волькаю,— трошкі ніякавеючы, адказаў.
— Дык дзе ж яна?
— Дома.
— Дык праўда гэта ці не, што вы пабраліся?
— Праўда.
— А...— няпэўна сказаў бацька і, здаецца, таксама ўжо сумеўся.
— А што гэта ў вас тут? — Алесь перавёў размову на іншае, іхняе, і паказаў вачыма на кульцю.
— А ў нас тут, сын, дзялы...— уздыхнуў бацька. Але не паспеў пачаць апавядаць, бо на двор выбегла Кастуся, а за ёю выйшлі Гіполь і маці.
Кабеты кінуліся з пацалункамі, а брат паціснуў руку і хітнуў на карову:
— Што, не бачыў гэткага дзіва?
І тут жа:
— Ія, брат, нідзе такога не бачыў. Ні тут, ні ў Амэрыцы.
— Ну што, мама, гэтак пазіраеце? — усміхнуўся Алесь, бачачы, што маці замілавана глядзіць на яго і плюскае вачыма.
— Чысценькі, харошы...— прамовіла яна скрозь слёзы.
— Бо ўжо дагледжаны...— не то пажартаваў, не то пакпіў бацька.
— Дык гэта праўда, Алеська, што ты з Волькай Сцяпанавай сышоўся? — запытала маці.
— Праўда, мама.
Яна аж пляснула рукамі:
— Дык няўжо вучаную, сабе да пары не мог знайсці?
— Не, мама,— усміхнуўся.— Ды яна лепшая за ўсякіх вучаных.
— Дык праўду-такі людзі кажуць...— уздыхнула маці,— Нездарма яна туды паляцела і адзін, і другі раз!
Алесь, бачачы, што бацькі незадаволеныя, насупіўся. Бацька, убачыўшы гэта, замаўчаў, нагнуўся, пачаў папраўляць кульцю, а маці схамянулася:
— Дык заходзь, сынок, у хату.
— Дзякуй, што не выганяеце...— узяў сябе ў рукі, усміхнуўся Алесь.
— От, не па-людску ты кажаш, сынок,— пакрыўдзілася маці, затупала ўслед за ім у хату.
Там, на кухні, ён убачыў братавых. Ядзю і Анельку. Ядзя, зноў кругленькая, з маладым агняным, а заадно і сарамлівым бляскам у вачах, заўсміхалася, падала яму руку, а Анелька нязграбная, худая, здаецца, цяжарная, збянтэжылася звыш меры. Якраз яна цяпер паліла ў печы, бо вунь на лобе і на краёчку хусткі чарнеецца сажа — відаць, даткнулася ловам да коміна, калі накладала ў печ дровы.
— Вы цяпер, мама, мусіць, толькі камандуеце...— пажартаваў, каб асвойтацца.— Вунь колькі ў вас памочніц!
— Ды жывём жа неяк, дзякуй богу,— адказала тая.
Ён, распрануўшыся, сеў каля акна і зноў міжволі зірнуў на мужчын і карову: яе зноў вучылі ісці.
— Што гэта з нашай Зязюляй?
— Гэта ж, як толькі пачаўся люты, адсюль расейцы пайшлі,— стаўшы паблізу, пачала расказваць маці.— Дзён тры ці чатыры нікога не было, самі па сабе засталіся. Нават Сяргеенкі, Лядзяш ад нас уцяклі. І аднаго дня пад вечар, калі бацька выгнаў карову, цяля, каня паіць — бух, снарад на наш гарод упаў. Як грымне, дык аж хата закалацілася, шыбы ў сенцах павыляталі. Бацька цэлы, конь, цялё цэлыя, а вось Зязюлі асколак па назе смальнуў. Перабіў косць — кроў хлынула... Божа, мой боя«а! Я — у слёзы, а хлопцы — у адно: трэба прыразаць карову, нічога з яе не будзе ўжо. Бацька — за касу, адрэзаў нагу, паваліў карову і калена яе ў снег ды ў снег, а потым пераціснуў і перавязаў... У гэты ж вечар і немцы ў вёску прыйшлі... Назаўтра бацька кажух на плечы і да іхняга конскага фельчара: так вось і гэтак, ваш снарад мне карову загубіў... Прыйшоў той, тоўсты, у акулярах, паглядзеў, па-новаму перавязаў, уколы даў і кажа: не рэяще, будзе жыць. Дык вось бацька і прыдумаў ёй кульцю з капытом, вучыць, як калеку, хадзіць...