Газеты, літаратуру, новыя інструкцыі дашлём пазней.
Старшыня Ашмянскай павятовай рады».
Да ўчарашняга дня Янка нічога не чуў пра тое, што робіцца ў тым жа Мінску, але ўчора даведаўся ад Алеся пра мінскія падзеі, пра БНР. Сказаць шчыра, ён не знаў: добра ўсё гэта ці не, бо, як і бацька, не любіў палітыкі, асцерагаўся яе, намагаючыся быць далей ад таго, дзе ёю пахне. А гэты ліст — палітыка ўжо. Варта было б паказаць яго Алесю, параіцца, але не трэба яго сюды ўблытваць. Хапае яму і там, у Мінску, клопатаў.
— Ну, што скажаш? — запытаў Дзюрэр.
Янка паціснуў плячыма.
— Германская вызвольная армія,— важна адкінуўся ў крэсле і звысоку пачаў прамаўляць Дзюрэр,— спачувае расійскім народам, не замінае ім утварыць сваё самакіраванне. Калі ласка,— развёў рукі,— фарміруйце свой валасны орган, адкрывайце сваю школу. Як перадаюць мне з павета, нямецкія ўлады гатовыя нават выдаць вам пашпарты, пісаныя па-нямецку і па-беларуску.
Янка стаяў, слухаў і не ведаў, што казаць. Гэты новы, чыста палітычны, клопат быў вельмі неспадзяваны, небяспечны.
— Чаму не рады, не дзякуеш? — накінуўся Дзюрэр.— Вы ж, абарыгены, займелі пры нас сваю краіну, свой урад!
— Я, гэр капітан, нічога не разбіраюся ў паліты-
цы,— рашыў прыкінуцца дурнем Янка.— Я зусім малой граматы.
— Ну-ну! — паківаў пальцам Дзюрэр.— Ты — не дурань! Быў у арміі, фельдфебель.
— Але не палітыкаваў. Мне загадвалі — я загадваў...
— Колькі класаў скончыў?
— Толькі дзве зімы вучыўся.
— Як — дзве зімы?
— Тут, пан капітан, такая сістэма,— растлумачыў яму днявальны.— Вучацца толькі зімою, а ў астатні час працуюць на гаспадарцы...
— Чорт вас разбярэ,— паціснуў плячыма Дзюрэр, пазіраючы на Янку.— Ці вы сапраўды ёлупні, ці хітрушчыя, абачлівыя, як і ўсе вясковыя!
— Малаадукаваныя мы...— мямліў сваё Янка.
— Ну, а хто тут у вас як след пісьменны, разбіраецца ў палітыцы?
— Ды Дзежка,— падаткнуў Янка былога валаснога пісара, якога і цяпер, хоць той перад немцамі вярнуўся з фронту паранены, не любілі ў вёсцы. Няхай той праныра пакруціцца перад гэтым Дзюрэрам і сваімі людзьмі, хай на яго будзе іхні гнеў, а калі што якое, няхай яму дастанецца па парку.
— Пакліч яго сюды.
— Добра,— прамовіў Янка і куляю вылецеў з воласці.
Дзяжко, калі пачуў, што яго клічуць, збялеў, але паслухаў, хутка прыпёр да нямецкага начальніка.
— Ты — хто? — нават не павітаўшыся, грозна атакаваў яго Дзюрэр.
Дзяжко — лічы лысы, камлюкаваты, у світцы і вайсковым галіфэ — недаўменна залыпаў вачыма. Баязлівы з начальствам, перад немцамі — удвая.
— Беларус?
— Не,— той мігам закруціў галавою.
— Рускі?
— Не.
— Паляк?
— Не.
— А хто ж ты?
— Тутэйшы.
— Але нідзе няма такой нацыі: тутэйшыя. Калі ты, нават пісьменны, асёл, не ведаеш, хто ты, дык я табе скажу: ты — беларус. Ясна?
Дзяжко замармытаў штосьці неразборлівае.
— Добра гаворыш і пішаш па-беларуску?
— Калі трэба, дык добра.
— Вось цяпер — трэба. Ясна?
— Ясна,— выцягнуўся ў струнку Дзяжко.
— Па вачах бачу: малайчына! — ухмыльнуўся Дзюрэр. Дзяжко замёр і ўжо аддана, як кажуць, еў вачыма начальства.
— Вазьмі, пачытай,— Дзюрэр паказаў рукою на паперняў, якую нядаўна чытаў Янка. А калі той прабег вачыма па ёй, загадаў: — Раз ты тут самы адукаваны, найлепш цяміш у палітыцы, то будзеш рабіць усё, што тут напісана. І, галоўнае, павінен кантактаваць з намі, памагаць ва ўсім. Думаю, ваш вясковы люд згодзіцца, каб якраз ты ўзначаліў воласць. Гэты таўкач,— кіўнуў на Янку,— малапісьменны, не кеміць у палітыцы... Ясна?
— Ясна,— здранцвела адказаў Дзяжко.
— Усё, ідзі,— махнуў рукою Дзюрэр.— Сёння падумай, што будзеш рабіць і як, а заўтра пасля абеду збірайце люд, будзем пераўтвараць вашу ўладу.
Дзяжко выйшаў з кабінета збялелы, не ведаў, ці яму радавацца, ці засмучацца, а Янка пасміхоўваўся сам сабе ў рукаво. Яму, калі паказаўся на вочы Дзюрэру, можна было ўжо ісці дадому, але ён наўмысна затрымаўся ў воласці, у сваім кабінеце. Каб увечар сустрэць тут Зосю — камендант і яго памочнік, як звычайна, пабудуць тут яшчэ з паўгадзіны ды павалакуцца дадому.
Калі пасля шэрані пачала гусцець цемень, ён, як і заўсёды вось у такія хвіліны, не запальваў святла. Не трэба, каб кідалася людзям у вочы, каб забрыў хто і завёў гавэнды, каб не падкраўся да акна. Стаяў каля ліштвіны і з хваляваннем узіраўся на вуліцу: Зося ідзе ці не? Спачатку, пакуль можна было тое-сёе ўгледзець, бачыў рэдкіх вясковых прахожых, нямецкі начны патруль, які тэпаў з канца вёскі ў канец, а потым, калі наваколле нібы накрылася чорнай коўдрай, быццам аслеп, нібы застаўся адзін на вялікім свеце са сваім наданнем. Яно з кожнаю хвілінаю ўзбуджалася, захліствала, дык ад яго аж трымцелі ногі, рукі ды суха палалі шчокі.