Выбрать главу

Нечакана мацней забілася сэрца: здаецца, з вуліцы, сюды, у двор, мільгануўся цень. Ага, хтосьці крочыць: чуваць, як хрумстка рыпіць снег. А вось ужо чалавек каля будыніны. Яна. Зося.

— Нарэшце! — выдыхнуў ён, калі адчыніў дзверы і ўпусціў яе ў зборню.

Яна прыхілілася, паклала галаву яму на грудзіну і нічога не сказала — аддыхвалася. Ён трымаў у абдымках яе, халодную з марозу, жаданую, і аж не верыў сам сабе, што дачакаўся гэтай непаўторнай і дарагой хвіліны, што зноў з ёю побач. Калі яны разам, дык нібы ява, а калі зноў паасобку, дык заўсёды здаецца: не, не было той явы, быў і ёсць толькі сон альбо нейкае адмысловае трызненне.

Яна, утаймаваўшы дых, а заадно і хваляванне, падняла галаву — і яны, не змаўляючыся, прыпалі, замёрлі ў доўгім прагным пацалунку. Спачатку яе вуспы былі халодныя, сціснутыя, а пасля раскрыліся, сталі слодычна гарачыя; ад пацалунку і ў яго і ў яе ўспламяпілася, забушавала маладая ўзбуджаная кроў.

— Ой! — адарваўшыся, шчасліва выдыхнула Зося.— Аж дыханне забівае!

— А ты так позна! — мякка падакараў ён.

— Калі ж і нашы ўсе, і твая каза вачэй не спускалі...— паскардзілася.— Абы вазьму якую ражку, каб выйсці на двор, дык тут як тут свякроў: пасядзі, я сама вынесу...

Янка накінуў на дзверы кручок, і яны, як змоўшчыкі, добра ведаючы дарогу і ў цемені, пайшлі ў яго цёплы, нагрэты ад грубкі кабінет — Дзюрэр любіў цяпло, дык змушаў яго, каб грэлі воласць кожны дзень.

— Аж галава забалела, гэтак цябе чакаў...— прашаптаў ён, ловячы яе рукамі. Праз якую хвіліну-другую, калі іх зноў з'яднаў пажадны пацалунак, і на іх невядома як уяю расшпілілася верхняя вопратка: на ім — шынель, на ёй — канюшок, ён з трапяткім хваляваннем адчуў, а таксама «ўбачыў» рукамі яе ўсю. Закручаныя ў куклу косы пад хусткаю, у меру даўгаватую прыгожую шыю, пакатыя плечы, гнуткую спіну, ладныя клубы, тугія грудзі, якім зусім песна яшчэ пад дзявочай блузачкай. Ад яе такога блізкага, знаёмага, успламянёнага цела ён усё больш і больш хмялеў, страчвала свядомасць ад яго такога бурнага парыву і яна, толькі, калі выпаў міг для перадышкі, прашаптала з надрывам:

— Яначак... Залаценькі і любімы мой чалавечак!

Пасля яны нібы назмагаліся. Не, яна нават і не

думала не падпусціць яго, яна, тое-сёе ўжо ведаючы як жанчына, спрабавала трошкі астудзіць, каб ён раптоўна не згарэў у гэтым маладым, незямным полымі. Ён адчуваў гэтае патрэбнае і ёй, і яму мудрае стрымліванне, але яму было цяжка, нават невыносна чакаць. Таму ён усё роўна спяшаўся, зусім п'янеў, гарэў, а пасля аж увесь затрымцеў, калі яны апынуліся на ягоным канюху, калі ён мог, што хацеў, дазволіць сваім рукам і калі ён пачаў быццам падаць у бездань, а на самай справе ўзлятаць высока-высока...

Будыніна, ноч, свет ці то завіхурылі, ці то сарваліся і дзесьці зніклі — мояга, і за край зямлі, у апраметную. Тым больш што раней у гэтыя хвіліны Зося была скаваная, саромелася ці дакарала сябе, а цяпер вось адразу адгукнулася ўсім целам, дала волю сваім пачуццям, жаданню і, не вытрымліваючы таго страснага, жаданага і ў той жа час спапяляльнага, што абрынулася на яе, застагнала:

— Ой, Яначак, памру я... Паміраю... Ой, любы...

Ён жа, адчуваючы дзівоснае ўзрушэнне, а то нават і апіаломліванне, звышчаслівы ад яе гэтага шэпту, якога ён ніколі яшчэ не чуў ад сваёй Анелькі, далікатна, гуляючы, абрушваў і абрушваў на яе лавіну новых адчуванняў і пачуццяў, намагаючыся нібы згарэць у сваім каханні...

4.

Ціхія, заклапочаныя ўбачаным у сваіх сем'ях і перажытым, з нейкім новым пачуццём Алесь і Волька вярталіся ў Мінск.

Сядзелі ў халодным і паўпустым вагоне насупраць адно аднаго, амаль не гаварылі, больш пазіралі ў акно — на лес, на вяршках і на ствалах якога ўжо не было снегу, на пацямнелы ад сажы дол на ўзбочыне, на заснежаныя, але ўжо вясновыя луг ці поле, на вёскі з лянівымі дымкамі,— і ўсё гэта ўзрушвала, клікала да новага жыцця, адрываючы ад таго, што было, што цяпер ёсць у іхніх Янкавінах.

Зірнуў на Вольку: па яе маладых, свежых, з прыемным чырванцом шчоках ціха коцяцца раўчуком дзве слязіны.

— Ты — што? — усміхнуўся ён, выцер гэтыя боль ці ўзрушэнне душы.

Яна схамянулася, залыпала павекамі, усміхнулася, злавіла яго руку і далонню прыклала да сваёй шчакі.

— Колькі на свеце нешчаслівых людзей, Алеська...— прамовіла.— А я вось такая шчаслівая!

Невядома, ад чаго яна пачулася такою шчаслівай. Ці ад таго, што на днях яго бацька сам схадзіў да іх, прывёў у сваю хату яе з бацькам, цёпла сустрэў, падакляраваў зрабіць ім вяселле, ці ад таго, што едзе з ім у горад, дзе па-свойму цяжка, але ўсё ж лягчэй, чым у Янкавінах.