Выбрать главу

— Цьфу-цьфу! — стрымаў яе радасць, хоць сам дужа ўсцешыўся, што Волька не толькі пайшла з Янкавін, але за гэты час, як і ўсе сказалі ў вёсцы, пахарашэла, пакруглела, набрала мілай жаночай вабнасці. І яму з ёй нібы нанава адчыніўся, палагоднеў і падабрэў свет. Усё ж, што ні кажы, любімая жанчына не толькі мяняе жыццё, свет, але і надае высакароднасці. Ад яе пяшчоты, кахання ты зусім іншы чалавек.

— Я і сама, Алеська, баюся, што гэтакая шчаслівая,— прашаптала яна, з любоўю пазіраючы на яго.

— Кажу ж, не гавары пра гэта. Лепш памаўчы.

— Маўчу-маўчу,— а сама зноў заплюскала павекамі, і зноў з яе вачэй выплылі слязіны.

— Кажаш, што шчаслівая, а сама плачаш.

— Ды гэта ж, Алеська, ад радасці і заадно ад нейкай скрухі...

— Як бы там ні было, не плакаць!

— Не буду,— прашаптала, мацней прыціскаючы да шчакі яго далонь.

У Мінску, на пероне Брэсцкага вакзала, пры слабым святле ліхтара ўбачылі нямала нямецкіх салдат з вінтоўкамі. Праўда, тыя іх не чапалі, не заміналі заходзіць у сярэдзіну станцыі.

Але там, у добра асветленым праходзе, дзеелася штосьці незвычайнае: пажылы высокі нямецкі афіцар у шынялі і высокай фуражцы: ўчэпіста акідваў іх, пасажыраў, позіркам: адных пускаў ісці далей, у горад, а іншым паказваў рукою адысці ўбок. Змусіў збочыць і іх, Алеся ды Вольку.

Калі падышлі да гурту затрыманых, то згледзелі: сярод іх адна моладзь. Штосьці насцярожанае і нядобрае паласнула па сэрцы. І Волька адчула няладнае, нібы шукаючы абароны, прыціснулася да яго.

— Што гэта яны робяць, Алеська? — пасля і запытала з бояззю. Нібы ён усё ведае.

— Можа, будуць правяраць нашы дакументы ці рэчы? — паціснуў плячыма.

— Але чаму выпускаюць каторых?

І ў гэтую хвіліну ён згледзеў знаёмага чалавека. Адася Аўторка з іхняй, беларускай, камендатуры. Той стаяў на выхадзе са сваім чалавекам.

Адчуўшы яго позірк, Адась Аўторак з хвіліну-другую пастаяў, пазіраючы на афіцэра, а калі той захапіўся сваім, хуценька падышоў.

— Ідзіце за мною,— ціха прамовіў.

Чуючы, як нібы малатком малоціць сэрца, Алесь падаў руку Больцы і шпарка пайшоў за Аўторкам, які вывеў іх на скупа асветленую прывакзальную плошчу, на якой поруч, адзін каля аднаго, стаяла некалькі грузавікоў з высокімі бартамі.

— Уцякайце адгэтуль,— сыкнуў Аўторак.— Іначай паедзеце на работу ў Нямеччыну...

Алесь і Волька без лішніх роспытаў шпарка падаліся ўздоўж будыніны далей ад вакзала.

5.

З дакладной Васілевіча Мінскаму падпольнаму раённаму камітэту РКП (б)

«Вось копія тэлеграмы нямецкаму імператару Вільгельму, якую вышле Рада БНР 25 красавіка:

«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як выбраная прадстаўніца Беларускага Народу, звара-

чаецца да Вашай Імпэратарскай Вялікасці з словамі глыбокае падзякі за вызваленне Беларусі нямецкімі войнамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага здзеку і анархіі.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дакляравала незалежнасць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасць аб абароне ў яе кіраваннях дзеля ўмацавання дзяржаўнае незалежнасці і непадзельнасці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй.

Толькі пад абаронаю Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні».

Заадно зазначаю: Аўторак, Лашковіч, Скураны, Жытнік, Пячэрскі і іншыя складалі гэтую тэлеграму ў глыбокай тайне ад многіх. Цяпер, калі пра яе ведаюць усе, той-сёй, скажам, Баравік, пратэстуюць.

Па ўсім адчуваецца, што ў беларускім нацыянальным руху тут, у Мінску, адбудзецца раскол...»

Базыль.

Частка другая. БССР

Гары ж, агонь Кастрычніка, гары!

Свой промень зыркі раздувай.

Няхай ён ззяе з краю ў край!..

Хто спіць да гэтае пары —

Уставай!

Цішка Гартны
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

1.

Імжэў халодны і нудны кастрычніцкі маскоўскі дождж.

Кожная пара года мае сваю вабнасць. Стылая, мокрая восеньская часіна — таксама. Бывае, якраз тады хочацца выйсці з цёплай, але цеснаватай і душнай кватэры на свежы двор і памаленьку ісці ды ісці кудысьці, любавацца хоць і гарадскімі, падрэзанымі, акалечанымі, але ўсё роўна прыгожымі жоўтымі, амаль азалочанымі дрэвамі, шуршэць па апалым зрудзелым лісці і думаць-думаць пра запаветнае альбо ўвогуле ціха брысці, адчуваючы лёгкую прыемную самоту. І золь, і бесперапынная, няласкавая склізата не замінаюць, не прыточваюць — наадварот, спрыяюць засяроджанасці і супакойванню душы. Што ні кажы, па-свойму адмысловае, спрыяльнае і сырое, халоднае восеньскае надвор'е.