Але цяпер Зміцеру Жылуновічу было дрогка, нявесела, калі не больш — маркотна, і многае вакол, да чаго раней ён быў цярпімы, проста мучыла яго: нізкае цяжкое неба, вымыты сцюдзёны брук, шэрыя, а то і вельмі ж чырвоныя, ледзь не крывавыя сцены камяніц, увогуле агромністы чужы горад. Хоць у іншыя, весялейшыя, хвіліны гэтая Красная плошча з блізкім велічным Крамлём ды з прыгожым саборам не толькі падабалася, але больш — штосьці высокае і ўрачыстае падымала ў душы. Сёння — не. Зараз усё тут было нейкае недасяжнае і далёкае. Канечне, вуліцы, будынкі тут ні пры чым, якімі былі, такімі і ёсць, ва ўсім вінаваты яго кепскі настрой, які гняце, нават глыжа цяжкім каменем душу і ніяк не хоча мяняцца на іншы, хоць бы на кропельку лягчэйшы.
Як ні гнаў прэч душэўную згрызоту, але якраз з ёю прыйшоў дадому. Не запальваючы святла, марудна скідаў у цёмным калідорчыку намоклае паліто, вешаў капялюш — побач каля Алесевага шыняля: сусед, Чарвякоў, выходзіць, дома. Яны, Жылуновіч і Чарвяковы, жылі тут, у Маскве, у адным пакоі, адгароджаныя толькі паркалёвай шырмай.
— Кто там пришел? — пачуўся гарэзны Надзеін голас, а неўзабаве яна ступіла сюды, у цёмны закутак, і запаліла святло.
Абапіраючыся адной рукой на сцяну, а другой расшнуроўваючы чаравік на паднятай назе, ён намагаўся ўсміхнуцца, але Надзея, трымаючы на руках паўтарагадовую дачку, усё роўна з трывогаю запыніла позірк на яго вачах: што здарылася?
— Добры вечар, мае мілыя,— падбадзёрыў жонку, а калі скінуў чаравікі, прытуліў па-ранейшаму стройную, але прыкметна ўжо па-жаночаму акруглелую ў плячах ды руках Надзею, пацалаваў у мяккую шчаку. Дачка, коратка пастрыжаная, у сукеначцы і мякенькіх тапачках, мігам абшчапіла яго за шыю і перабралася яму на рукі:
— Папа! Папа!
— Ну што, харошая мая, чакала? — запытаў, гаворачы, як кажуць, з французскім пранонсам — карацей: трошкі ў нос.
— Чакаля,— залепятала тая. І зноў: — Папа! Папа!
— Действительно: вылитая папа!— усцешылася Надзея, папраўляючы на сабе паношаны, але чысценькі зеленаваты, з белымі кветачкамі халат.
— А мне здаецца: вылітая мамка,— прамовіў ён, які ўжо раз радуючыся, што японка вельмі задаволеная, што іхняя Галінка ўдалася ў яго — значыць, будзе шчаслівая, як і трэба быць шчаслівай дачцэ, падобнай на свайго бацьку.
— Нет — папка! Этакие Я№ оттопыренные губы, широкие ноздри!
— Не — мамка. Татка лысенькі, а наша Галінка гэтакая бялявая, як і мама.
— А что наш отец такой грустный? — нібы ад дачкі, жартуючы, а на самай справе ад сябе занепакоена запытала Надзея. Хоць пакрысе за час іхняга знаёмства, сямейнага жыцця вучылася гаварыць па-беларуску, але ў хвіліны вялікага ўзрушэння размаўляла па-руску, як і кожны, хто толькі блізкімі
словамі можа найлепш выказаць свае найтанчэйшыя пачуцці.
І, счакаўшы, дадала:
— Опять неприятности, Дима?
— Чаму ты думаеш, што ў нас павінны быць толькі адны непрыемнасці? — пагарэзаваў, хоць многія, хто мала ведае яго, лічаць: ён — чалавек панурысты, а то і злы ды помслівы.— Не, у нас усё добра.— Падкінуў дачку ўгору і, бачачы, што тая аж заплюшчыла вочы ад нечаканасці, прытуліў яе і пацалаваў.— Быць не можа, каб мы былі няўдалыя, каб нам увесь час не шанцавала!
— Дай бог,— уздыхнула Надзея і накіравалася на кухню. Яна, ужо вывучыўшы яго характар за той час, што не толькі жыве разам, але і побач з ім працуе ў выдавецкім аддзеле Белнацкома, не паверыла, што ў яго сёння ўдача, бо душой адчула яго маркоту. Але ведала: ён не той чалавек, каб яго было лёгка збіць з панталыку альбо змусіць здацца і апусціць рукі. Мала што дробны, на выгляд без вялікай мужчынскай сілы, невысокі, але на самой справе дужы, з мускулістымі рукамі, ад гарбарскай працы, акуратны, настойлівы і рашучы.
Пачуўшы іхнія галасы, з-за шырмы, што дзяліла пакой на дзве палавіны, выйшаў Чарвякоў — высакаваты, прысадзісты, нават нібы камлюкаваты, з кучомкаю вусоў пад носам, з вялікімі залысінамі, які ўжо час (з ліпеня) у вайсковай форме Чырвонай Арміі. Ён таксама пільна зірнуў у вочы і, хоць маладзейшы, але настаўнік па прафесіі ды ўжо вучаны-правучаны, дык, здаецца, адразу адчуў прыгнечаны стан яго душы.
— На, кінь адным вокам,— сказаў Жылуновіч і, пакуль не было тут жонкі, хуценька выцягнуў з кішэні складзеную газету «Звезда» і падаў яму.— Хоць тое, што абведзена чырвоным алоўкам.