— Каб Ленін быў здаравейшы, каб не столькі меў турбот — дык, можа, зноў бы прыняў нас і як след памог бы. Нават змусіў бы Сталіна не гуляць у кошкі-мышкі з намі, а рабіць усё сур'ёзна.
— Цяжкі чалавек гэты Сталін,— пахітаў галавой Жылуновіч.— Вельмі хітры, няшчыры і грубы. На вялікае дабро ён, здаецца, не здатны.
Чарвякоў змаўчаў, а Жылуновіч не стаў болей гаварыць пра таго, з кім колькі разоў сутыкаўся і не меў вялікай радасці ад гэтых сустрэч — спярша, на пачатку года, калі яны перасталі пратэставаць супраць разгону Усебеларускага з'езда, цалкам прызналі Савецкую ўладу і пачалі супрацоўнічаць з ёю, Сталін наводзіўся міралюбна, падоўгу гутарыў з Чарвяковым, Скарынкам і з ім, распытваючы пра незнаёмую яму Беларусь, але пазней, калі яны ўзяліся дабівацца самавызначэння праз Белнацком, рэзка пахаладнеў. А ў маі, калі нечакана з-за асабістага ўспыхнула перапалка паміж кіраўнікамі Белнацкома, паміж вось гэтым Чарвяковым і Скарынкам, якраз Сталін спрытна спажыў такую сітуацыю: абодвух, непрыхільных яму, прагнаў, а на іх месца ўссадзіў эсэра Семяновіча, наладзіў праверку і ўзяў усю іхнюю работу пад свой пільны назірк. Яго людзі, лічы, не давалі кроку ступіць без іх згоды. Толькі пасля таго калі ў ліпені новы галава Белнацкома Усціловіч на чале іхняй бежанскай дэлегацыі пабываў у Леніна, расказаў яму пра беды і клопаты Белнацкома, яго барацьбу за Савецкую Беларусь, з іх знялі цяжкую апеку, што памагло ім тое-сёе зрабіць як след. А зрабілі яны не так уяад і мала: славілі Кастрычніцкую рэвалюцыю і Савецкую ўладу, развейвалі чуткі, што «бальшавікі прадалі Беларусь», заклікалі беларусаў трымацца за Расію і разам з ёю шукаць волі, пасылалі ў неакупаваныя і акупаваныя беларускія паветы агітатараў, брашуры, заснавалі свой народны універсітэт, школы на роднай мове ў Петраградзе і Маскве, навукова-культурнае таварыства, паспрыялі (разам з беларускім бежанскім камітэтам на чале з Язэпам Дылам) не адной тысячы сваіх землякоў з больш чым двухмільённай арміі бежанцаў на сяўбу і сенакос вярнуцца на радзіму, прамацалі амаль усю еўрапейскую Расію, каб абсачыць, дзе тут і што вывезенае з Беларусі, апісаць і падрыхтаваць да звароту. Як выявілася, толькі адных навучальных устаноў было больш за 200. Хацелі выдаць нямала кніг па беларускай гісторыі, культуры, збораў твораў мастацкай літаратуры, слоўнікаў, падручнікаў, але на ўсё не хапала ні грошай, ні паперы. Ды болей за гэта засмучала іншае — непаразуменне з Мясніковым і яго штабам. Тыя не толькі не зважаюць, але і завальваюць іх каменнямі: маўляў, вы, як і вашы ў Мінску, буржуазныя нацыяналісты... Яшчэ ў чэрвені яны ліквідавалі нацыянальны аддзел пры выканкоме Заходняй вобласці (маўляў, «вносят разлад в работу краевой Советской власти, порождают национальную рознь и разбивают единый национальный фронт»), а ў верасні на новым з'ездзе Саветаў з выклікам адмовіліся нават пагаварыць пра Беларусь хоць бы ў якой форме, прынялі новае найменне — Заходняя камуна. Рэзка адмовіліся і ад таго, каб выдаваць у Смаленску газету на беларускай мове — «Рунь» (такую назву ён прыдумаў разам з Максімам Гарэцкім). Больш таго — кажуць, задумалі мець у Заходняй камуне і літоўскія землі, зусім не турбуючыся пра думку саміх літоўцаў. Карацей, не толькі словам, але і справаю ваўсю знішчаюць «национальные рогатки».
Зайшла Надзея, несучы місачку сасмажанай бульбы і талерку хораша, наўскасяк, парэзаных гуркоў.
— Падсілкуйцеся,— усміхнулася. І яшчэ гарэзна: — Не засмучайцеся ад малога прыкрага, бо наперадзе яшчэ вялікае прыкрае...
— Можа, і так, Надзя, — прызнаўся, уздыхам выдаў душэўны боль Жылуновіч. І пасля, калі жонка падала ім хлеб, ужо не баючыся замаркоціць яе, чуллівую і мяккую, адкрыта загаварыў пра сваё:
— А пра ўсё тое, што мы нядаўна гаварылі, я вось што думаю, Алесь. Па падпісанай РСФСР і Германіяй 27 жніўня Дадатковай дамове, па якой немцы будуць браць грошы і паступова ачышчаць захопленыя землі, а таксама па ўсім тым, што робіцца ў Расеі, што выбухае ў Германіі, відаць: немцы рана-позна адкоцяцца назад з Беларусі. Рада БНР без іх падзе адразу. Па-другое, з ёю альянсу ўжо не можа быць. Калі і рэальна як-небудзь ці калі-небудзь дабіцца Беларусі, то ўжо толькі нам. Але беларуская секцыя пры Петраградскім РКП (б) далёка адсюль, слаба звязана і з цэнтральным урадам, і з Белнакомам — значыць, адна яна воз не зрушыць і на савецкім грунце. Бальшавіцкая фракцыя пры Белнакоме без статуса не шмат можа. Адпаведна, трэба зноў і тэрмінова збіраць бальшавікоў-беларусаў якраз тут, у Маскве, згуртаваць з іх моцную маскоўскую арганізацыю, чэпка ўзяць у свае рукі Белнаком і праз нашых гэтых партыйцаў дабівацца рэспублікі. Без свайго моцнага бальшавіцкага ядра жаданага мы не даб'ёмся, аддадзім яго ў рукі смаленцам. А тыя ўжо свайго не ўпусцяць...