Надзея ўзяла ад яго дачку — каб тая не замінала бацьку і есці, і гаварыць. Нават жэстыкуляваць рукамі, каб лепей выказаць сваю думку.
— Заадно трэба ўмацаваць, належна настроіць нашы партыйныя арганізацыі ў Самары, Тамбове, Казані. Як толькі выпадзе зручная хвіліна, варта адразу ж сабраць сумесны сход і разам сказаць сваё слова. Думаю, тады думку агульнага сходу беларускіх камуністаў будзе няпроста ігнараваць. І Сталіну, і Мяснікову.
— Я таксама, Змітрок, пра гэта думаў,— сказаў Чарвякоў.
— Ну, а Мінск — малая падмога нам... Там нашы былыя сябры і сябе апаганілі, і нас паставілі ў цяжкі стан, рух раскалолі на непрымірымыя часткі, у рэшце рэшт прывялі да ўлады пана Скуранога, даўшы такі магутны козыр нашым незычліўцам...
— Але ж хтосьці і з Мінчукоў інфармуе пра ўсё Смаленск, а той — Маскву,— сказаў Чарвякоў.— Значыць, не ўсе там верай і праўдай служаць акупанту, здрадзілі Расіі... Недарэмна ж многія з БСГ запратэставалі супраць уніжальнай тэлеграмы кайзеру, пакінулі лідэраў у адзіноце і ўтварылі новыя партыі, а той-сёй, як адчуваецца, супрацоўнічае нават з бальшавіцкім падполлем.
— Па Мяснікову і Сталіну — там усе нашы чэрці адной шэрсці,— ядучы і ў хваляванні амаль не чуючы смаку, прамовіў Жылуновіч, які і сам шмат напісаў, і іншых нямала прасіў напісаць рэзкіх слоў пра БНР у «Дзянніцу», перадрукоўваў яе дакументы, каб выкрыць цалкам, хоць і гэта не выратавала яго ад папрокаў.— А што да смаленцаў, то напішу адказ. Проста і ясна скажу: камуністам так паводзіцца няможна!
2.
Іосіф Лагун прыйшоў у Народны камісарыят унутраных спраў РСФСР, каб сустрэцца з наркомам Пятроўскім. Але ў прыёмнай рыжы малады мужчына ў паўвайсковай форме сказаў, што таго цяпер няма ў камісарыяце, а калі яшчэ спытаў, чаго ён прыйшоў, адаслаў у належны аддзел — «там вам вее объяснят».
Патоўкшыся з гадзіну ў невялікай прыёмнай, дзе стаяла некалькі крэслаў, а наведвальнікаў было удвая болей, да драбніц вывучыўшы плакат, дзе была намалёваная перакрэсленая чырвонымі рыскамі запаленая цыгарэта і былі словы «У нас не курят!», а таксама стол і маладую сакратарку-бландзінку за ім, Лагун, як прыйшла яго капейка, трапіў туды, куды яго паслалі. У невялікі, але ўтульны кабінет з партрэтам Карла Маркса, масіўным, але прыгожым рудым сталом, да пажылаватага чарнявага апранутага ў скураную чорную куртку і перапаясанага рамянямі мужчыны, які, курачы і моршчачыся ад дыму, складаў паперы ў папцы.
Падняў галаву, з асалодай зацягнуўся і тут жа на згорнутай газеце патушыў цыгарэціну.
— Садитесь,— ветліва паказаў на мяккае, хоць ужо трохі выцертае крэсла каля свайго стала, загарнуў папку.— Слушаю вас, товарищ.
— Дзякую,— схіліў галаву Лагун. Сеў. Узбуджана зацерабіў у руках макраватую рабочую шапку з глянцаваным чорным брылём, нацэліўшыся гаварыць пра тое, што ўчора абдумалі з Жылуновічам і Чарвяковым у іх на кватэры.— Я — загадчык Белнакома пры Наркамнаце РСФСР. Спадзяюся, чулі пра такі?
— Чуў,— спакойна адказаў гаспадар кабінета, учэпіста прыплюшчыў трохі такатныя чорныя вочы.
Дасюль не сустракаліся. Па-першае, не было выпадку, бо мала наведваліся сюды, часцей абівалі парогі ў іншых паркаматах — у Луначарскага, землякоў Бонч-Бруевіча, Лепяшынскіх — па клопатах, што тычыліся культуры, выдавецкіх турбот, а па-другое, Лагун толькі лічыўся загадчыкам Белнацкома, але мала кіраваў ім, апошні час шмат бываючы ў Петраградзе са справаздачамі, у іншых расійскіх гарадах, дзе было шмат іхніх бежанцаў, у Оршы, па прапускным пункце, а таксама ўпотай і ў акупаванай Беларусі. Белнацкомам, Молена сказаць, кіраваў іншы — Жылуновіч.
— Я ўпаўнаважаны заявіць Народнаму камісарыяту ўнутраных спраў вусны пратэст...— прамовіў Лагун.
— Слухаю,— мужчына паставіў вышмальцаваный локці на стол, падпёр складзенымі рукамі гладка паголены, з густымі чорнымі крапінкамі падбародак і смела ўставіўся на яго.
— Наш Белнаком са згоды ЦК РКП (б), Савета Народных камісараў, ВЦВК і Наркамнаца вядзе вялікую палітычную і культурна-асветную работу для ўтварэння Савецкай Беларусі,— утаймоўваючы хваляванне, сказаў Лагун.— Аблвыкамзах у Смаленску, губеранскія выканкомы ў Віцебску і Магілёве адзіным фронтам выступаюць супроць нас. Аблвыкамзах шукае ўсе шчылінкі, каб узаконіць сябе юрыдычна. Цяпер ён знайшоў помач у вас. Вы на днях адобрылі існаванне Заходняй камуны як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі РСФСР. Гэтым самым вы таксама не толькі перакрэсліваеце ўсе нашы законныя намаганні, але і законнае права ўсяго беларускага народа на сваю дзяржаўнасць.