Выбрать главу

— Ленин говорит речь.

Натоўп замёр, слухаў, але сюды, на жаль, даляталі толькі абрыўкі прамовы. Ды яна была і кароткая. Пасля гэтага зноў з вуснаў у вусны:

— Ленин разрезает красную лепту.

— Открывает памятник Марксу и Энгельсу.

Неўзабаве новая звестка:

— Открывает мемориальную доску в память погибших революционеров.

Пасля копшай прамовы натоўп узрываўся воплескамі, а затым грымнуў гучны аркестр. А як толькі музыка сціхла, пачуўся шматгалосы хор:

Солнце златою печатью Стражем стоит у ворот... Спите, любимые братья, Мимо вас движется ратью К зорям вселенским народ...

Пасля, калі песня закончылася, люд зноў горача запляскаў, узбуджана загуў, недзе далёка пачуліся адрывістыя гучныя каманды — і ўсе пачалі цясніцца назад. Адступілі разам з імі і Жылуновіч ды Чарвякоў, вызваляючы месца для ваеннага парада і шэсця рабочай Масквы.

Назаўтра Жылуновіч і Чарвякоў з сем'ямі прыйшлі на Малую Бронную ў клуб III Інтэрнацыянала. Хоць заявіліся за паўгадзіны да вечарыны, але ўжо цяжка было зайсці ў залу. Люд запоўніў не толькі яе, але і ўсе праходы.

Іх угледзеў высакаваты, стройны Лагун у вайсковай гімнасцёрцы, замахаў рукою: хадзіце сюды. А калі прабраліся скрозь гурт узбуджаных, гаманлівых землякоў, дык убачылі: тут, на першым радзе, сядзяць ужо ажыўленыя Бурбіс, Фальскі (абодва яны, прыехаўшы ў Маскву, парвалі з БНР і пачалі супрацоўнічаць з Савецкай уладай), Мятла, Грыневіч, Дыла і іншыя знаёмыя літаратары, артысты, хто рыхтаваў гэтую вечарыну. Сярод іх знайшлося месца і ім.

— Бачыце, колькі сабралася!— усцешыўся Лагун.— А мы асцерагаліся, што мала хто прыйдзе!

Словы гэтыя былі не выпадковыя. Раней, мусячы ўцячы ад вайны і ў Петраград ды Маскву, землякі нібы рассыпаліся па адным, кожны жыў сваімі клопатамі, а вось сёлета, калі пачалі клікаць іх з усіх закануркаў Белнацком ды «Дзянніца», калі самі адчулі, што можна вярнуцца па радзіму, ажывіліся, пачалі гуртавацца, як ластаўкі перад адлётам, і цягнуцца да іх. Да ўсяго гэтага, мусіць, на чужыне засумавалі без роднага слова, песні, да чаго той-сёй некалі адносіўся ці абыякава, ці нават грэбліва.

— Ну што, дзядзька Зміцер, будзем пачынаць? — запытаў Лагун, а пасля як загадчык Белнацкома выйшаў на сцэну.

Гаманлівая зала сціхла, толькі чуліся рэдкія і далёкія пакашліванні, а пасля, лічы, узарвалася ад воплескаў. Малады Лагун, не прывыкшы да такой ува гі, ані збянтэжыўся.

— Таварышы! Землякі! — калі настала цішыня, прамовіў з хваляваннем.— Мы ад імя Белнакома паклікалі вас сюды, у гэты клуб з сімвалічнай назваю, каб разам з усім расійскім народам адзначыць вялікае свята працаўнікоў усяго свету — першую гадавіну Вялікага Кастрычніка. Дазвольце ад усёй душы шчыра павіншаваць вас з гэтай слаўнай падзеяй!

Зала зноў успыхнула воплескамі, нават больш — авацыяй.

У гэты час на сцэну пачалі выходзіць вайскоўцы — аркестранты. Пастроіўшыся, яны грымнулі «Інтэрнацыянал». Усе, хто быў у зале, падняліся і замёрлі ад ужо ўсім знаёмага і блізкага пралетарскага гімна.

Калі аркестранты пайшлі, Лагун зноў выйшаў на сярэдзіну сцэны і сказаў:

— А цяпер, таварышы, папросім сказаць слова вядомага беларускага пісьменніка, рэдактара «Дзянніцы» Зміцера Жылуновіча.

Ён аддаў дачку на калені сёння хораша ўвабранай Надзеі, а сам, узрушаючыся ад авацыі, што была ўжо яму, выйшаў на сцэну і кінуў позірк на залу: у ёй, здаецца, было не меней паўтысячы людзей рознага ўзросту і полу.

— Сябры! — прамовіў, намагаючыся не «французіць», а гаварыць памалу, ясна.— Напраўду, сёння для нас усіх вялікае свята...

Пасля, пазіраючы ўжо не на ўсіх, а на аднаго чалавека — пажылога русявага дзеда з вусамі і барадой,— які сядзеў пасярод залы і слухаў, прыклаўшы руку да вуха, пачаў расказваць, чаму пачалася гэтая вайна, што яна дала, чаму былі лютаўская і кастрычніцкая рэвалюцыя. Як сведка, расказаў, што і як летась рабілася ў Петраградзе, як паволі брала моц Савецкая ўлада і як паволі разгортваўся беларускі нацыянальны рух на савецкай аснове, што і як робяць Белнацком, «Дзянніца», беларускія камуністычныя секцыі, каб хутчэй ім, бежанцам, вярнуцца дахаты.

— Сябры,— сказаў на заканчэнне,— пабадзяўшыся на свеце, паспытаўшы хлеба, долі на чужыне, нельга не палюбіць мацней свой родны кут, не зажадаць, каб у нас там быў не чужы, а свой, уласны дом, свая гаспадарка. Вось пагэтаму мы, хто прыйшоў да гэтай высновы, і дабіваемся, каб была прызнана наша Беларусь, каб яна займела хоць аўтаномію ў складзе Расеі...