Выбрать главу

Яго апошнія словы аж патанулі ў воплесках.

— Дык няхай жыве Вялікі Кастрычнік! — усклікнуў ён.— І давайце яго другую гадавіну адзначым улад на сваёй змардаванай, але жывой Бацькаўшчыне, у Савецкай Беларусі!

Зноў усе падняліся, наладзілі авацыю. З залы самі па сабе пачуліся галасы:

— Слава Кастрычніку!

— Няхай жыве Савецкая Беларусь!

Пасля на сцэну вывеў хор з беларускай моладзі Мачыхін. Спачатку ўрачыста, яднаючы ўсіх, загучала беларуская «Марсельеза» як іхні нацыянальны гімн, які паслухалі стоячы, а той-сёй і падпяваючы, а пасля былі песні: «Не згаснуць зоркі ў небе», «Чаму яе мне не пець», «Чалавек жонку б'е». Салісты пад акампанемент фартэпіяна праспявалі «Зялёную дубровачку», «Бяду», «Долю». Амаль усе песні спявалі па некалькі разоў, як таго хацелі згаладалыя па родных мелодыях расчуленыя і заплаканыя слухачы. Чыталі і вершы. Бурбіс, Фальскі, а ён, Жылуновіч, прачытаў свой верш, што быў змешчаны ўчора ў «Дзянніцы»: «Да 25 Акцябра».

Пасля, калі вечарынка закончылася, доўга ўсе не разыходзіліся, амаль кожны хацеў прабрацца да іх, людзей з Белнацкома, артыстаў, і паціснуць руку, пацалаваць.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

1.

Сібер узяў сваё, і ўладарна пачала ўлягацца зіма.

Жылуновіч з накінутым на плечы паліто сядзеў у сваім рабочым пакоі і пазіраў у акно: за ім было шэрае, са слабым блакітным адценнем неба, гуляў-шалеў вецер, наносячы ўжо сухі белы снег — вось новы парыў сыпнуў на дах блізкага невысокага дома белых круп, якія пакаціліся ўніз, а пасля, упаўшы з даху, рассеяліся нібы на бела-сіні дым, зніклі, але тут жа замест улеглай на зямлі сыпанкі пала, развеялася новая, насыпаючы каля падмурка дома мяккую гурбачку. І так нібы бясконца звычайны, а разам з тым і прыгожы зімовы баль. І тут, і ўжо, мусіць, у далёкім адгэтуль Капылі, дзе яго родны дом, сямейнікі — адным словам, родны кут, ад якога ён ужо даўно адарваўся, але які з кожным годам пражытым без яго ўсё мілей ды даражэй, як чалавеку і адлучанаму ад радзімы пісьменніку.

— Дзядзька Зміцер, пошта,— парушыў яго адасобленасць, думкі Янка Нёманскі і паклаў перад ім кійку лістоў. Дзякуй богу, землякі пішуць ім. Лічы, з усёй еўрапейскай Расіі.

Узяў нажнічкі, роўненька абрэзаў кант верхняга ліста з Тамбова (сам не любіў неахайнасці і іншым яе не дазваляў), дастаў невялікі сіні лісток.

Адразу кінулася ў вочы: напісана мала, а вось подпісаў пад ім шмат. І вунь якія знаёмыя прозвішчы: Барысёнак, Дзягель, Сечка, Клімавец, Клімашонак, Ісаёнак, Клімовіч!

«Дзяньдобры Вам! — пісаў хтосьці роўным прыгожым почыркам.— Прачыталі ў № 35 «Дзянніцы» «Ня прыстойна камуністам!» Камуніста Беларуса. Мы лічым: ён напісаў горкую, але вялікую праўду...»

Усцешаны Жылуновіч аддаў ліст калегу па рэдакцыі, а сам дастаў новы ліст.

«...Мы, кулямётчык Лявон Сівеня і артылерыст Пятро Гарбуз, чулі, што ці то ўжо ёсць, ці то будзе беларускі полк. Мы хацелі б запісацца ў яго, каб хутчэй выгнаць немцаў з нашай роднай зямлі...»

Гэтыя нядаўнія (мусіць, параненыя, а цяпер акрыялыя) салдаты цяпер жылі ў Казані.

«Да нас, у воласць, прыслалі вашу газэту. Мы чыталі яе ўсім нашым земляцкім гуртам...— пісалі ў новым лісце.— Чыталі і плакалі: і навіны ўведалі пра нашу старану, і як з вамі, са сваёй вёскай пагаварылі на сваёй гутарцы. Усё гэтак па-нашаму, папросту, ад сэрца і душы... Каб вы ведалі, браточкі, як цяжка, што мы тут чужыя, беспрытульныя, што вайне канца няма. Нам гэтак хочацца дарогу. Напішаце нам: а ці пускаюць Саветы і немцы пашых людзей? Калі пускаюць, то паедзем, хоць і зіма...»

Ліст быў з Самарскай губерпіі.

«Дарагі Камуніст Беларус! — хтосьці пісаў размашыста асабіста яму, праўда, не ведаючы, хто ён.— Дык усё ж як жа з Беларуссю?..»

Калі прачытаў гэтыя радкі, дык яму ані шугнула да галавы кроў. Бач, яшчэ адна жывая душа (адкуль жа яна? Ага, нехта Клаўсуць з Куршчыны) непакоіцца пра тое, што трывожыць і іх. Ён хуценька ўзяў самапіску і пасярод чыстага аркушыка вывеў загаловак, які падказаў іхні незнаёмы чытач-сябар: «Як жа з Беларуссю?»

«Кожны дзень нясе штосьці новае,— пісаў яму незнаёмы чытач,— але да нашага берага не прыстае нічога добрага. Увесь час, са дня яшчэ першай расейскай рэвалюцыі, да нас няма жаднай увагі, а калі ёсцека якая ўвага, то, як ты пішаш, надта ж злая, хоць мы маем поўнае права на сваю аўтаномію ў Расейскай рэспубліцы. Дык хто папраўдзе, калі не камуністам, мусяць уважыць досыць вялікі нешчаслівы народ?..»

Усё, сёння — не, неўзабаве! — будзе артыкул з вышэйазначаным загалоўкам. Але напісаць ні радка не паспеў: у пакой зайшоў сярэдняга росту, камлюкаваты малады русявы дужэц. Стаў у парозе, сцягнуў з галавы белую шапку.