Выбрать главу

Пасля зноў падняўся, захадзіў па пакоі.

— Але я вельмі не веру, што ўдасца так лёгка агламэздаць увесь свет, як агламэздалі Расію. Бо не ўсюды такія даверлівыя, як нашы людзі,— сказаў.— Але ладна, чорт з імі! Сыходзяць адгэтуль — ну i дзякуй богу! А вось калі сюды прыйдуць немцы, то мы павінны сустрэць ix як самых дарагіх гасцей...

— Няпрошаны госць — не дужа жаданы госць,— прамовіў Васілевіч.

— Як сказаць! — Які ўжо раз абарваў яго Скураны.— Калі хтосьці ставіць на ix стаўку, дык, скажыце, чаму не зрабіць тое ж i нам?

— Дык вы...

— Я не вярбую вас,— перапыніў, памякчэў гаснадар.— Па-першае, не змушаю думаць так, як думаюць іншыя, па-другое, хто я вам?

Але пазней, калі ўсё ж вытрымаў панскі этыкет, папаіў гарбатаю i развітваўся, шматзначна ўсміхнуўся:

— Паразважце добра, паразважце як след... Не прымуць вашы сябры — прыходзьце, пагаворым, параімся, як жыць далей...

— Сапраўды, злы наш пан,— прамовіў Нямкевіч, калі яны апынуліся на сцюжным дварэ.

— Люта ненавідзіць бальшавікоў i яўрэяў,— сказаў Васілевіч.— З-за таго, што рэквізавалі яго палац, карціны i бібліятэку.

— Затое, бач, аж трымціць, каб захаўрусаваць з немцамі.

— Спадзяецца, што праз ix верне сваё багацце і, можа, падыме свае акдыі,— патлумачыў Васілевіч, а пасля нечакана тыцнуў локцем яму ў жывот i паказаў вачыма на ўжо блізкі сквер каля Саборнай плошчы.

Там, наставіўшы каўнер паношанага паліто, патупваў то на адной, то на другой назе па-ранейшаму таўсматы Муха. Ясна, што некага чакаў. Можа, i ix, калі сувязны. Няўжо ён — той, пра каго так добра гаварыў чалавек з аддзела барацьбы з сабатажам i контррэвалюцыяй, хто будзе кіраваць імі, калі сюды прыйдуць немцы? Якраз тут жа, у скверы, павінна ўжо сёння адбыцца іхняя першая сустрэча з сувязным.

Убачыўшы ix, Муха сумеўся. Відаць, не чакаў, што іменна яны будуць яго намочнікамі.

— «Вы не чакаеце прывітання ад свайго дзядзькі?» — падаючы руку, знарочыста зухавата запытаў Васілевіч, называючы дамоўлены пароль.

Муха падаў руку, але са здзіўленнем зірнуў па Васілевіча: што ты пляцеш? Які такі дзядзька? Значыць, не, Муха — не сувязны. Прыйшоў на іншую, сваю сустрэчу.

Пасля, калі пахадзілі па замеценай сцяжыне, перакінуліся словам-другім пра навіны, Муха раз-пораз зыркаў на гадзіннік i азіраўся па баках — відаць, выгледжваў таго, каго чакаў. Але ніхто ў сквер не заходзіў. Праўда, вунь паказаўся каля гасцініцы «Еўропа» дзядок, але адразу ж павярнуў на былую Губернатарскую вуліцу. Ды Муха доўга праводзіў яго пільным позіркам.

Неўзабаве Муха адкараскаўся ад ix, застаўся ў скверы, а яны падаліся сваімі дарогамі: Васілевіч — дадому, Нямкевіч — да Волькі.

5.

— Эй, буржуй, выходи! — адчыніўшы цяжкія рыпучыя дзверы, гукнуў малады рыжы ахоўнік.

Лашковіч, лежучы на цвёрдых дашчаных нарах пад паліто, няўцямна зірнуў на таго: ну, што яшчэ трэба? Зусім жа нядаўна цягалі, дапытвалі, пагражалі! Бачачы, што той настойліва чакае пры адчыненых дзвярах, паволі падняўся, апрануў наверх пакамечанага за гэтыя, лічы, тры тыдні касцюма выцертае да бляску паліто, узяў злямчаны капялюш i паслухмяна паплёўся з камеры, па даўняй ужо звычцы не спрачаючыся з турэмнымі наглядачамі. Але ў доўгім i вузкім падслепаватым, толькі пры святле аднаго далёкага ліхтара калідоры сцепануўся i наструніўся: з суседніх камер-адзіночак выводзілі i іншых яго калег па няволі — высокага, тонкага, у афіцэрскіх шапцы i шынялі Еўзікава, а таксама грузнага, у генеральскім уборы, толькі без пагонаў Петрыкевіча.

Лашковіча прытрымалі, а тых, наадварот, пагналі наперад, на выхад. Мусіць, дзеля таго, каб яны не сустрэліся i не перамовіліся. Прывыкшы да такіх турэмных парадкаў, Лашковіч не пазважаў на ix, нават вельмі не думаў, куды i чаго ix вядуць. Гоняць — ідзі, бо ты, бяспраўны, мусіш слухацца. Але зусім нечакана ён не толькі ажывіўся, але нават устрапянуўся: загуло, аж затрэслася ўсё турэмнае сутарэнне. Спачатку не мог здагадацца, што робіцца, а пасля азірнуўшыся, убачыў: па калідоры сюды, на двор, бягуць адзін за адным салдаты з вінтоўкамі. Усе ўзбуджаныя, запыханыя.

Рыжы ахоўнік руляю вінтоўкі прыціснуў Лашкевіча да сцяны — даваў дарогу.

— Што за шум-бурум? — запытаў Лашковіч у свайго апекуна.

— Много будешь знать — состаришься,— буркнуў той.

— Молодец! — падражніў Лашковіч.— Исправно несешь тюремную службу. Как и рожденный для нее.