Выбрать главу

А жонцы майстар сказаў:

– Як вёску адбудуем, купім яшчэ і цяля, і бычка, і кароўку белабокую…

Вось так і паўстала некалі ў нашых мясцінах новая вёска. У памяць пра той пажар Гарэлкамі завецца.

Ж. Вёска майстра Сяхно

За добрую службу аддзячыў вялікі князь Касцюшку Фёдаравічу, свайму пісару. Атрымаў той грамату на вёску недалёка ад Берасця.

Строгі пан Касцюшка. Конь у яго добры, шабля вострая, чорны жупан на плячах, шапка, лісам падбітая, на галаве. Адразу бачна – едзе новы гаспадар.

Сышліся сяляне павітацца з панам.

– Казалі мне, што першымі на гэтым месцы пасяліліся Перка, Кісель, Ляховіч ды Сяхно, – распачаў гаворку Касцюшка Фёдаравіч. – Дзе яны? Дзе Перка?

– Няма Перкі ўжо, – адказалі з натоўпу. – Адны Перкавічы засталіся.

– А Ляховіч дзе?

– І ён памёр. Засталіся Ляховічы.

– Можа, Кісель жывы?

Выйшаў наперад дзед з белаю барадою.

– Я Кісель. А вунь – мае Кісялевічы.

Абступілі старога дзеці і ўнукі, стаяць, чакаюць, што яшчэ пан скажа.

– А Сяхно тут? Казалі мне, першы майстра быў у вёсцы.

Маўчаць людзі, галовы схілілі. Зняў Касцюшка Фёдаравіч шапку, лісам падбітую, ціха спытаў:

– А дзеці яго дзе?

– Не было ў яго дзяцей. Пасля сябе пакінуў у вёсцы толькі хаты…

Сказаў так стары Кісель і нізка пакланіўся Касцюшку:

– Дзеці і ўнукі мае – Кісялевічы. Ёсць Перкавічы і Ляховічы. Зрабіце ласку, пане: няхай ужо вёска, якую збудаваў Сяхно, Сяхновічамі завецца.

Пагадзіўся гаспадар. З таго часу і жыве ў назве вёскі памяць пра майстравога чалавека.

Пытанні і заданні

1. Ёсць на Брэстчыне вёскі Пятровічы, Задвор’е, Багданаўка, Мышчыцы, Жабчыцы, Вярхі, Маціевічы, Бабры, Нагараны, Запруды, Лугі, Ёжыкі. Якія з іх атрымалі назву: а) ад імя чалавека; б) ад назвы жывёлы; в) ад месцазнаходжання паселішча?

2. Чым раней адрознівалася сяло ад вёскі?

3. Адкуль узялося імя ў Крыўлянаў?

4. Скарыстайце легенды і казкі пра вёскі Прышыхвосты, Гарэлкі і Сяхновічы, каб падрыхтаваць невялікія сцэнкі.

5. Якія рэкі далі назву Вялікарыце і Маларыце?

12. СВЯТЫЯ БЕРАСЦЕЙСКАЙ ЗЯМЛІ

А. Галіны хрысціянства

У далёкія часы людзі абточвалі камяні і высякалі з іх паганскіх бажкоў. Археолагі называюць іх каменнымі бабамі, ідаламі ці кумірамі. У Брэсцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца бабы з вёсак Грабаўцы і Залуззе Жабінкаўскага раёна, а перад Пружанскім палацыкам стаіць Буцькоўскі ідал. Гэтыя каменныя выявы адносяцца да язычніцкіх часоў, калі нашы продкі верылі ў многабожжа. На кумірах можна заўважыць крыжыкі. Яны з’явіліся, калі ў наш край прыйшло хрысціянства.

Хрысціянства – вера, распаўсюджаная ва ўсім свеце. Яна названа ў гонар Ісуса Хрыста. Хрысціяне вераць у адзінага Бога, моляцца ў цэрквах (“Дамах Божых”) і манастырах, дзе жывуць манахі.

Веру Хрыста можна ўявіць у выглядзе ствала моцнага векавога дрэва. З цягам часу на гэтым “ствале” пачалі ўзнікаць вялікія і малыя галіны – канфесіі. Хрысціянства падзялілася на чатыры канфесіі: праваслаўе, каталіцызм, пратэстанства і уніяцтва.

Паміж гэтымі галінамі існавала моцнае суперніцтва, якое асабліва абвострылася ў ХVІІ стагоддзі.

Б. Стваральнік уніі

Адам Пацей нарадзіўся на Берасцейшчыне. Ён паходзіў з багатай сям’і, якая жыла ля вёскі Крыўляны Жабінкаўскага раёна. Ужо з юнацкіх гадоў Адам вызначаўся высокай адукаванасцю. Служыў вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту, стаў берасцейскім кашталянам. У яго было многа спраў і абавязкаў. Але пасля смерці любай жонкі засмуціўся Адам.

– Няма мне болей шчасця на гэтым свеце…

Раздаў Пацей маёмасць людзям, адмовіўся ад высокіх пасад, нават імя змяніў: быў Адамам, стаў Іпаціем. Стаў Іпацій манахам, а затым епіскапам берасцейскім і ўладзімірскім.

Неяк задумаўся Пацей, чаму няма адзінства паміж хрысціянамі. Чаму католікі з праваслаўнымі змагаюцца? Чаму няма міру ў пратэстантаў з католікамі?

Паехалі праваслаўныя епіскапы ў Рым, да папы. Пачалі прасіць аб’яднаць хрысціян – стварыць унію.

Восенню 1596 года была абвешчана Брэсцкая царкоўная унія. Іпацій Пацей і іншыя уніяты чакалі, што цяпер наступіць мір у Беларусі і Украіне. Але памыліліся: вайна паміж хрысціянскімі галінамі разгарэлася яшчэ больш.