Аднак навінка ўсё ж прыйшлася чалавеку даспадобы. Хутка чыгуначныя лініі апярэзалі ўсю Еўропу. І калі Беларусь з усходу на захад перасекла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, у яе неабходнасці ўжо ніхто не сумняваўся.
І вялікія гарады пачынаюцца з маленькага калочка, некалі ўбітага ў зямлю. Прайшла па палескім краі чыгунка, з’явіліся вакол яе паселішчы-станцыі. Усе яны мелі падобны лёс. Мінула няшмат часу, як у колішніх нетрах, сярод балатоў і ў глыбі пушчаў паўсталі новыя мястэчкі. А разам з імі ўсё драмотнае наваколле абудзілася да новага жыцця.
Паселішчам нельга было застацца ў баку ад пераменаў. Яны, гэтыя імклівыя і жывыя змены, ляцелі сюды, у згублены зачараваны край, на колах хуткіх цягнікоў. І гэтая новая песня будучых часоў неслася ўслед за паравозным гудком.
Далей было лягчэй – на новае месца прыходзілі людзі, ставілі свае дамы, абжываліся, укараняліся, як дрэвы, надоўга, назаўсёды.
Далей было складаней, бо ўсё толькі пачыналася. З маленькага калочка, некім убітага ў зямлю.
Сярод іншых беларускіх гарадоў Баранавічы не вызначаюцца старажытнасцю. Ад таго першага калочка мінула ўсяго сотня з нечым гадоў. Але Баранавічам пашанцавала, можа, нават болей, чым астатнім. Іх тройчы перакрыжавалі чыгункі.
Ішоў 1871 год. Ад Масквы да Брэста працягнулася вялікая жалезная магістраль.
Заснаванне чыгункі супала з нараджэннем станцыі. Запрацавала баранавіцкае дэпо. Імкліва рос, разрастаўся станцыйны пасёлак, які хутка ператварыўся ў мястэчка Разводава (ці Старыя Баранавічы). А побач паўсталі Новыя Баранавічы – станцыя Баранавічы-Палескія.
Неўзабаве чыгункі яшчэ двойчы перасяклі гэтыя мясціны. Цяпер рэйкі злучылі абедзьве баранавіцкія станцыі. А зусім хутка паядналіся і абодва пасёлкі. Каб жыць надалей адным цэлым.
Сённяшні горад Баранавічы – гэта буйны прамысловы цэнтр Беларусі. Нават цяжка пералічыць усё тое, што вырабляецца на тутэйшых прадпрыемствах. Вялікіх заводаў і фабрык у Баранавічах налічваецца больш за два дзесяткі. А колькі яшчэ вучэльняў, бібліятэк, медыцынскіх устаноў… Цяжка іншы раз уявіць, што гэты вялікі горад яшчэ вельмі малады. Усё тут жывое, хуткаплыннае. Паўсюль адчуваюцца перамены.
І толькі адзін старэнькі паравозік блізу станцыі ўжо нікуды не спяшаецца. Ён адпрацаваў свой век – на пенсіі. Саступіў дарогу маладым энергічным экспрэсам. А сам ён, стомлены дзядок, пражыўшы доўгія гады ў нялёгкай працы, цяпер зрабіўся проста помнікам.
Такі самы цягнічок з мінулага знайшоў сабе месца і на новым гербе Баранавічаў. Як напамін пра тое, што і вялікія гарады пачыналіся…так-так, з маленькага калочка.
На правым беразе Цны стаяць Ганцавічы. Раней гэтыя мясціны займалі зялёныя лясы ды глыбокія твані. Старажылы згадваюць вялікае Качай-балота. Самае дрыгвянае месца – балотнае “вока” – было каля сённяшніх Ганцавічаў. Бывала, неасцярожнага падарожніка пакліча да сябе дрыгва, закалыхае, засмокча, і апамятацца чалавек не паспее, як ужо застанецца тут назаўсёды.
І ўлетку, і ўзімку быў Качай непралазны. Змагаўся з ім чалавек, і Качай-балота патроху адступала. Вялікая дрыгва паменшылася ды аслабела, але не знікла зусім. Паблізу ад Ганцавічаў яна так і засталася некранутай. Пра балота і цяпер нагадваюць урочышча Качайка і спрадвечнае Качайскае возера. Возера захавалася да нашых часоў у сваёй першапачатковай прыгажосці. Яго маладаступныя берагі сведчаць, што тут быў некалі цэнтр велізарнага Качай-балота.
Побач з Ганцавічамі-горадам знаходзіцца і Ганцавічы-вёска. Ад вёскі горад узяў імя. (Вёска пазначана ўжо на карце ў ХVІІ стагоддзі, горад жа – амаль на дзвесце гадоў маладзейшы). З кожным дзесяцігоддзем яны становяцца ўсё бліжэйшыя. Паміж горадам і вёскай усяго паўкіламетра ходу. А раней гэта дарога была ўдвая даўжэйшая! Горад расце, вёска меншае… Быццам вада перабягае з адной шклянкі ў другую.
Некалі падарожнік ехаў да Ганцавічаў гасцінцам. Каля Качай-балота стаяла карчма. Каля яе шырокі шлях, бы тоўстая каса, расплятаўся на дзве меншыя дарогі. Праз Цну быў перакінуты мост. Калі па ім нехта ехаў, з вершніка абавязкова бралі грошы. З часам мост стаў небяспечны: кладачка падгніла, дзіркі ўжо латкамі не закрыеш. Так нядоўга і каню спатыкнуцца ды падкоўку згубіць. Гэтак і коннік можа без шапкі застацца, а шапка – без галавы. І ў самой вёсцы назіраўся заняпад.