За першым атрадам сталі ўзнікаць іншыя. Па ўсёй Брэстчыне пашыраецца партызанскі рух.
Каб утаймаваць народных мсціўцаў, гітлераўцы пачынаюць вялікую карную аперацыю.
Вясной 1944 года каля вёсак Здзітава і Спорава Бярозаўскага раёна адбылася сапраўдная бітва, названая Здзітаўскай абаронай.
З боку Івацэвічаў, Бярозы, Іванава рухаліся буйныя сілы гітлераўцаў. Каля тыдня карнікі жорстка абстрэльвалі партызанскія пазіцыі, бамбілі іх з самалётаў, атакавалі з зямлі.
Ад выбухаў прыціхлі гукі вясны, не было чуваць птушыных галасоў і першых ручаёў. Толькі кулі ды бомбы ўздымалі зямлю. Партызаны трымаліся, адважна адбіваючы наступы. Аднак сілы былі вельмі няроўнымі. Гэта прымусіла лясных байцоў перайсці цераз раку і зноў замацавацца. Яны стварылі другую лінію абароны. Адкуль ворагі ўжо не змаглі выбіць партызан. Фашысты гублялі зброю і хавалі ў дрыгве сваіх салдат. Вораг быў вымушаны пакінуць гэтыя мясціны, каб ніколі больш сюды не прыходзіць.
Праз гады ў розных кутках Брэстчыны паўсталі сотні помнікаў, прысвечаных партызанскаму руху. У лясным урочышчы Хованшчына (Івацэвіцкі раён) захаваліся хаты і зямлянкі, створаныя партызанамі. У вайну тут знаходзіліся штаб Брэсцкага партызанскага руху, друкарня абласной газеты “Зара”, шпіталь і “лясная школа”, у якой вучыліся дзеці. Побач – памятны знак з “Прысягай беларускага партызана”.
У памяць пра подзвіг удзельнікаў знакамітай абароны ў Здзітаве адкрыты мемарыяльны комплекс. А ў Старым Сяле ёсць помнік Міхаілу Чарнаку. Загінуў партызан у баі з карнікамі. Старасельскі атрад атрымаў ягонае імя. Пахавалі адважнага разведчыка каля магутнага векавога дуба. На магіле пакляліся партызаны жорстка адпомсціць ворагу за гібель свайго баявога таварыша.
І клятву стрымалі. Чым маглі дапамагалі, каб хутчэй прыйшло на нашу зямлю вызваленне.
І яно прыйшло.
Гэты дзень чакалі ўсю вайну. 28 ліпеня 1944 года быў вызвалены Брэст – горад, які першым прыняў удары вайны. Савецкія войскі правялі аперацыю “Багратыён”. Салдаты і афіцэры дзейнічалі мужна, імклівым ударам ачысцілі ад ворага беларускія землі. Мясцовыя жыхары цёпла сустракалі сваіх вызваліцеляў.
Сярод лета і кветак прыйшло вызваленне. Толькі пахла яно яшчэ порахам… Гэта было сапраўднае “свята са слязьмі на вачах”. Цяжкі, крывавы след пакінулі на Брэстчыне захопнікі: загінулі сотні тысяч нашых землякоў.
Болем у сэрцах людзей па сённяшні дзень адбіваецца лёс вёскі Драмлёва ў Жабінкаўскім раёне.
Мясцовы паэт Іван Арабейка так напісаў пра гібель вёскі:
Цяпер ні хат, ні свят, ні мовы,
Цяпер тут памяць і трава.
Не ўстаць табе, сяло Драмлёва,
Не ўстаць – цяжкая галава.
Гэта адбылося 11 верасня 1942 года. Было журботнае свята Галавасек. Карнікі ў чорных мундзірах са свастыкай і чарапамі на рукавах акружылі вёсачку на досвітку. Людзей будзілі, выганялі з хат. Мужчын прыкладамі аўтаматаў заганялі ў адзін хлеў, жанчын і дзяцей – у два суседнія. Аблілі бензінам. Успыхнула страшнае полымя. Людзі задыхаліся ў агні і дыме. Апошнія крыкі драмлёўцаў былі чуваць нават у суседніх вёсках. Восеньскі вецер расцярушыў па палях попел.
Так перасталі бачыць сонца, радавацца сонцу 196 жыхароў Драмлёва. У агні загінула каля 90 дзяцей. Замест вёскі засталіся толькі абгарэлыя дрэвы, ды страшнымі абеліскамі тырчэлі над папялішчамі пячныя коміны.
Больш Драмлёва ніколі не адрадзілася. Людзі не вярнуліся на папялішчы. Бо не было каму вяртацца.
“Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі”... Няма Драмлёва. На месцы знішчанай вёскі насыпаны вялікі Курган. Побач з насыпам – бронзавыя фігуры трох жанчын. Яны назаўсёды зкамянелі ў журботным маўчанні.
На Беларусі 186 вёсак былі спаленыя з усімі жыхарамі ў гады вайны. Людзі называюць іх “вогненнымі”. Самая вядомая “вогненная” вёска – Хатынь пад Мінскам. На Брэстчыне найбольш пацярпелі жыхары лясістага Пружанскага раёна. У самым цэнтры Пружанаў стаіць велічны помнік з пералікам усіх вёсак, што былі знішчаны і не адрадзіліся. Гэта напамін жывым, наколькі цяжкім быў шлях да Перамогі.