Каб мір быў на нашай зямлі, нясе баявую службу ваенны лётчык. У гэты дзень быў яго чарговы трэніровачны палёт. Пад крылом – вясна буяе на роднай зямлі, птушкі ўзлятаюць над узараным полем. Мірны час – мірная праца.
Пілот быццам рукой кранаў трапяткія зоркі, кіруючыся ў бязмежныя вышыні.
Але раптам усё змянілася: чорны шлейф пацягнуўся за баявой машынай. Успыхнуў пажар. З зямлі заўважылі, як Карват змагаецца з агнём, губляючы вышыню.
Некалькі хвілін на роздум. Што рабіць?
З зямлі ляціць загад:
– Небяспека! Не марудзь – націсні на катапульту! Пакінь самалёт! Хутчэй!!!
Ёсць яшчэ імгненні. Што рабіць? Дома чакаюць мама, жонка, дачушка, сынок...
“Націсні на катапульту! “Зямля” дазваляе...”
Цягнецца рука да кнопкі катапульты, але спыняецца: навокал мірнае жыццё, толькі ты, як на вайне. Унізе – палі, лясы, людзі!
Думкі пралятаюць у імгненне вока. Апошняе слова апальвае гарачэй за агонь: “Людзі!” Пад крылом – беларускія вёсачкі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча...
Людзі спалі, калі палаючая паходня пранеслася над зямлёй...
Лётчык адмовіўся пакінуць самалёт, адводзячы баявую машыну ад вёсак. Яму пасмяротна ўпершыню было прысвоена званне Героя Беларусі.
У вёсцы Арабаўшчына Баранавіцкага раёна і родным Брэсце стаяць помнікі, якія ўшаноўваюць подзвіг Уладзіміра Карвата.
Чалавек можа перамагчы раку, перакрыўшы яго моцнай плацінай, і здольны з самых глыбінь зямлі ўзяць прыродныя багацці.
Чалавек будуе гарады.
Некалькі гадоў назад на Брэстчыне з’явіўся новы горад Мікашэвічы. Паселішча ўзнікла даўно, але толькі ў ХХ стагоддзі, калі вучоныя адшукалі тут радовішча граніту, яно стала вядома ва ўсім свеце. Восенню 1973 года прагучаў першы выбух, які дазволіў атрымаць на Палессі будаўнічы граніт. Хутка ў Мікашэвічах былі пабудаваны буйнейшыя ў Еўропе заводы, што апрацоўваюць камень.
Чалавеку патрэбны граніт: ён будуе гарады.
Адзін з найбольш маладых – Белаазёрск, які нарадзіўся 28 ліпеня 1958 года. Згадзіся, далёка не кожны горад ведае дакладную дату свайго заснавання.
Сваё імя Белазёрск атрымаў ад прыгожага Белага возера, а вядомасць – ад магутнай гідраэлектрастанцыі. На ёй выпрацоўваюць электрычнасць. Каб светла, цёпла, утульна было ў тваім доме, бяжыць ток па правадах. Калі запальваюцца ў дамах агеньчыкі, гэта значыць, што шмат людзей на станцыі працуюць, каб ты змог у вечары пабачыць “Калыханку”, дзе табе абавязкова пажаюць: “Дабранач”. Пакладзешся спаць і будзеш бачыць добрыя, светлыя, як у вершы, сны:
Плыве касмічны карабель. І гэта ўжо не сон.
Чалавек даўно змог “дацягнуцца да зор”. І вельмі прыемна, што першым беларускім касманаўтам стаў наш зямляк Пётр Клімук, які тройчы (у 1973, 1975, 1978 гадах) пабываў у космасе. Але нават высока над Зямлёй берасцеец не забываў пра сваю малую радзіму.
Ён прызнаваўся: “Узнікае ў памяці мая родная вёска з вясёлай, звонкай назвай Камароўка... Родны дом, куток, людзі, сярод якіх выхоўваўся і рос, пакінулі ў маёй душы незабыўны след. Я ніколі і нідзе не забываў іх і заўсёды з ціхай і светлай радасцю прыязджаю ў родную Беларусь, у дарагую маёму сэрцу Камароўку”.
Калі часам у лістах ці на сустрэчах хлапчукі пытаюцца ў Клімука пра космас, ягоныя палёты і ўражанні, ён адказвае змястоўна.
З касмічнай вышыні добра відаць, што Зямля круглая і блакітная. Неба, наадварот, чорнае, а Сонца – белае, вялізнае і вельмі зыркае.
І часам здаецца: зоркі вісяць так нізка над галавой, што можна дакрануцца да іх рукамі.
1. Пераглядзі з бацькамі старыя фотаздымкі, што захоўваюцца ў тваёй сям’і. Успомніце разам цікавыя моманты свайго жыцця.
2. Прачытай выразна падраздзел “Салдацкі трохкутнік”. Як ты лічыш, чаму настаўнік паставіў усім вучням выдатную адзнаку?
3. Што ты даведаўся пра першага Героя Беларусі?
4. Паспрабуй разам з сябрамі ўспомніць і знайсці на карце як мага больш гарадоў Брэсцкай вобласці.
5. Хто з беларусаў першым “дацягнуўся да зор”? Абавязкова наведай музей касманаўтыкі ў вёсцы Тамашоўка Брэсцкага раёна, размешчаны ў школе, дзе вучыўся першы беларускі касманаўт.