Выбрать главу
Мы рана сталелі ў зямлянках сырых, Але забываліся цацкі няскора. І рваліся «цацкі»... І ўрач гаварыў: — Яшчэ папаўненне ў палату мінёраў...
Здавалася, ў цішы рыпела зямля На восі,— нібы на пратэзе,— у зморы. Пасля перавязкі: (ой, раны смыляць!) Спявала «Арлёнка» палата мінёраў.
Вятрыска лісты нам на шыбіну клаў, Рабіны рукамі здаровымі гойдаў. І доўга не мог нас даклікацца ў клас Той верасень сорак чацвёртага года...
З пустым рукавом сын вярнуўся дамоў, А маці, як яблыня, белая з гора... Хай порахам толькі запахне ізноў, Вы ўчуеце, хлопцы з палаты мінёраў.
Ты помніш: асколак абвугліла кроў, Ты ведаеш міны здрадлівы нораў...
Белабілетная ў дваццаць гадоў,— Ты ў першым запасе, палата мінёраў!

ТРУБА

Казалі маці галавы не вешаць,— Суседкі спачувалі як маглі. Прыкурвалі салдаты з галавешак, Што сёння ноччу сценамі былі.
Было нязвыклы.м слова «кватаранты», Сусед чамусьці стаў «гаспадаром». Я не стыкаўся ў хаце гэтым ранкам, Я бегаў з квартай, бразгатаў вядром.
— Расці вялікі!.. — За ваду, брат, дзякуй!..— Адзін салдат з блакітнымі вачмі, Нібыта ў таты... дужа добры дзядзька Мне працягнуў трубу: — Сынок, вазьмі!
Ты перамог — трымай, герой, трафеі, Трубі гучней, А Гітлеру — труба. Я ў шчасці бег гародам утравелым, Ад радасці і сон і сум прапаў.
Павышчарбіў ушчэнт я нож апошні, Пакуль садраў глюгатага арла... Я крокам страявым хадзіў па пожні — На зайздрасць сябрукам труба раўла.
Плылі ў вачах кругі — стараўся шчыра, Аж водгулле ішло за паплавы. І адгукаўся жураўліны вырай, І на двары суседскім Лыска выў.
Ды неўпрыкмет па вуліцах ушацкіх Прайшоў мароз — пакінуў стылы след. Мне за трубу вялікую вушанку У сівер злы прапанаваў сусед.
Вайсковая вушанка з футры мяккай... Здавалася, нагладзь яе рукой — Яна, як кот, пачне мурчэць і мяўкаць. Мароз круціў за вушы раніцой.
Сцвярджаў я маці: — Шапка малавата, Я прахаджу i ў летняй, не бяда! Халодная вушанка, мала ваты...— Ды ўсё ж трубу прыйшлося мне аддаць.
Сусед трубою Лыску клікаў потым, Калі збіраўся паляваць куды. Трубу зачуўшы, плакаў доўга ўпотай...
...Даўно знасіў вушанку, Ды заўжды Трывогай успаміны сэрца сціснуць, Калі салдацкі горн раўняе строй. Трывожны год звінеў майму дзяцінству Нямецкаю трафейнаю трубой.

СКРЫПАЧЫ

Зноў піла пад пахаю ў чахле, Бы ў футляры скрыпка. Пэўна, самі Не згадаюць, хто ix на сяле Ахрысціў вясёла скрыпачамі.
Так i засталіся скрыпачы У вясны ды ў лета прымакамі I не маюць часу адпачыць: Ходзяць, граюць вострымі смыкамі.
А смыкі ўвап'юцца ў круглякі — Ніякой не трэба каніфолі,— Добра ўсмоляць крохкія сукі, У сярдзітай елкі іх даволі.
Закурыцца — жах зірнуць ажно — Белай завірухай пілавінне. Скрыпачы любое бервяно Абкантуюць, перапалавіняць.
І шчырэе з рання да цямна Дружная скрыпачая капэла. Пахне баравінаю сасна, П'яная асіна — лісцем прэлым.
Выразай цымбалы з той сасны — Бор застогне, ледзь кручкамі ўдарыш. З дуба зробіш кадзі — як званы, Загудуць паважна на базары.
А з бярозы выгнеш палазы — Запяюць на стылым снезе сані. Не дагоняць санак маразы, Вецер захлынецца i адстане. Будзе новы дом стаяць вякі I звінець над зацішшу аселіц З лёгкае скрыпачае рукі Пад смыкамі ветру i мяцеліц.