Выбрать главу
З усімі шчырэў i палонны немец, густа мох накладаў i часта хакаў. Яму гаварылі: — Старайся зараз, хай цябе немач, Навошта паліў хату. Немец бянтэжыўся i пярэчыў, паказваў рукамі, што ён тут нявінен. Уся талака невялікая гарачую бульбу ела вечарам. I на апошні вянец імхом баравым клаліся дымок ад агню i цёплы туман, што плыў з лугавіны.
*
Маці сталярыла i цяслярыла без гэбля, без ватэрпаса. Сякера была адна, як доля ўдавіная, чэзлая. З усяго, што можна было прыбіць цвікамі іржавымі, маці падлогу масціла, калі аполак які вытыркаўся, пад яго падкладвала трэску або сякерай тупой спадыспаду счэсвала. Палавік, сатканы з розных акраўкаў, падлога нагадвала — дошкі з зялёных i сініх дзвярын, a у кожнай сукоў, як зор у Галактыцы. Блішчала пяць фарбаваных дошак, астатнія — аполкі шурпатыя. Па іх было страшна ступаць босымі нагамі. Маці, відаць, цэлы гай сярдзітых гальнёў сшаравала, пакуль падлога зрабілася гладкая.
*
Газетамі покут спачатку абклеілі, па часе — i усе чатыры сцяны аж да запеччыка. Багатыя дні выдаваліся — хлеб i цыбулю лютую запраўлялі алеем. Газоўка хліпала вечарам. Узыходзіла сонца — глядзела ў вакно, вышэй падымался — другое лашчыла. За глухой сцяной паўднявала яно, а ў застрэшку мецілася насяліцца, відаць, сваячка даваеннай ластаўкі. Нарэшце сонца ў пас пачало паўднявадь — акно прарэзалі трэцяе. Праз колькі год сонца ў чацвёртым акне заходзіла. Сталі вятры вераснёўскія пасляваенныя яблыні трэсці... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Матчына хата, для мяне яна так i стаіць у 1944 годзе...
*
Кожнай вясной, калі раўчукі бягуць і, як сярдзітыя вожыкі, вухкаюць, калі з-пад брылёў удалеч круглым вокам глядзяць шпакоўні,— матчына хата слухае, ці ўсё на зямлі спакойна? Вяз ачунялы дрэмле стамлёным аленем рагатым, сніць, што ён ужо ў лісце апрануты з нізу да верху. Сялянка сціплая — матчына хата пры самай дарозе ўдавее.
1963

НЕБА ТВАІХ ВАЧЭЙ

Ераніму Стулпану

УСТУП
П р а п а н о в а Е р а н і м а
Пузачы- гарлачы Адтапырваюць лычы. Бога сонца хвалячы, Пі — i бочак не лічы!
ЦЭНТРАЛЬНАЯ ТЭМА
Ярыла, вусы распрамень, Расшчодрыся на свята. Сынок твой, яравы ячмень, Таксама быў вусаты.
Спазнаў твой гнеў i твой сугрэў Ціхманым галубочкам. А зараз гэтак раздабрэў, Што трушчыць рэбры бочкам,
I сёння ў гонар ячмяня Наліць укоптур варта. За сонцам ён ішоў штодня, Ідзі па сонцу, кварта!
Плячыстых бочак строгі строй У ганаровай варце. Дарогай звычаю старой Плысці, як чоўну, кварце.
Да раніцы не страшна мель. Плывём, душу вяселім. Мы п'ём за дуб, мы п'ём за хмель, За дружбу дуба з хмелем.
Чуб хмелеў сівер не саскуб, Дружбак акрыў — не знішчыш! Загуў пад абручамі дуб — I хмель нырнуў на днішча!
У бочцы — глянь — не два шпунты, А Бахус усявышні Яе заторкнуў з дабраты, Каб з піва клёк не выйшаў.
Цямней за ноч забіў струмень — Самлелі ў бога пальцы. На волю вырваўся ячмень, Упарты, як латгалец.