Выбрать главу
Даганяю я гады. На душы адліга — Ліга!.. Ліга!.. Даў пярун грымака Зяцю, бо на прымака Крыўдзілася прымаўка. Кажа латышам спрадвеку: «Лье, як на Ліга»,— Ну, a лівень-недарэка Разаспаўся як на ліха... Тут яшчэ падумаць трэба, Мазгаваць цярпліва, Ліўняў болей у неба Ці ў латгальцаў піва?.. Як Юпітэр, плыву У вянку дубовым. Песні кружаць галаву, Стогнуць бочкі-бомы... Расце з караня Юны дубочак. Далёка да дня, Блізка — да бочак! Ледзьве ўзяў у далонь Кварту — Прычашчаюся. Скачу праз агонь — Ачышчаюся Ад грахоў былых I — вядома, не ўслых — П'ю за будучыя. ...Не забуду, чыя Росы абівала, Шыю абвівала Маладая рука. Знаю я Ды рака...
ЗАКЛЮЧЭННЕ

Трэба развітвацца —

шчымлівы сум...

Прапахламу зёлкамі, цёплай трухой, Вясёламу ад ахалоды, Прачнуцца на сене пад самай страхой I жмурыцца ад асалоды.
Чакаць, покуль росы сцяжына страсе, I слухаць у ранішнім гаме, Як галкі ступаюць па гулкай страсе, Нібы не сваімі нагамі.
Глядзець, як прабіўся прамень во тачкі, Як кроквы жывіцай ржавеюць. Нібы парасячыя пятачкі, У гонтах сучкі ружавеюць.
Павук мітусіцца — праныру няўсцерп Уплесці праменьчык у нерат. У лаціну дзюбай уторкнуўся серп, Завяз — ані ўзад ані ўперад.
Кот дрэмле спакойна — мінуў сакавік, Сапернікі вушы аб'елі. Высокія стрэхі прысніў адстаўнік I хіб нашашэрыў ельнікам.
А певень баіцца свой голас згубіць, Галосіць услед — даганяе. Аж хочацца глупства самому зрабіць, Ляцець з дзіваком над гаямі.
Ды час халадзёнкаю горла лудзіць. Настыла вада ў падзямеллі — Глыбокая студня у неба глядзіць, Як мутнае вока з пахмелля...
ВЫВАДЫ
З ЦЭНТРАЛЬНАЙ ТЭМЫ
Адчуў, што нялёгкая праца — дружыць, Дарога накусціла бровы. Са свята ўстрывожана неяк дрыжыць Спідометра палец нервовы.
...Да мора імчымся. Не ўцямлю ніяк, Што гэта са мною за дзіва: Ці пену з заліва здзімае свяжак, Ці можа з латгальскага піва?..
1966

БЛАКАДА

Светлай памяці бацькі майго

Івана Рыгоравіча
ЗАМЕСТ УСТУПУ
Бяссонніца
Гэта позна ці рана! Ад крыжавіны аконкай рамы Адплыў маладзік Членам Таварыства Чырвонага Крыжа й Паўмесяца, Якога За няўплату членскіх узносаў Выгналі. Месіцца па нябесным выгане.
У тэлефоннай кабіне На пупавіне шнура Трубка вісіць, як эмбрыён. Якраз пара Пазваніць у лясны раён. А куды! Хоць у туман! Дык гэта ж тэлефон-аўтамат. Вега так пазірае, Хоць з Месяцам заручы.
Планета — какетка старая — Круціць арбіт абручы, Каб сагрэцца. У халадзільніка Абрываецца сэрца.
Рабіна світае Чырвоным грабянём, Чакаю — закукарэкае... Наіўнасць святая, Што за недарэка я! Гэта неба маленства Занялося агнём...
Доўга ў схоўнях сэрца блукала I скаланула спакою дол Слова глухое, як тол,— БЛАКАДА. Ад цішы — ад злой каргі — Я ўцёк, мітусню пакінуў. Усплываюць ад каменя ўспамінаў З прадоння памяці тры кругі. Тры кругі блакады суровай, Падпаленыя крывавай зарою.
... Цягнік гадоў у тунель забыцця. Як трус у пашчу ўдава, нырае. Жалезку ўзарваць паспець бы хаця.
Выбух! Пахне зямля сырая. Ды вока ралля не радуе — Зямля ўзарана снарадамі. Прыйшла не з краскамі вясна-красна. Распалілася даясна Нізкага неба скляпенне. Першы круг захлынае —