Выбрать главу
На Палік Адступалі яны — Бацькавы дружбакі прыгадалі. Пах трывожны адталай сасны. Да цішы прывыкаеш гадамі. Успаміны не варушы. Захлынае вясны бязмежжа. Завіхаюцца мурашы — Вавілонскую ўзводзяць вежу, Раскашуецца мурава, Быццам раіць На ўсё забыцца. Ды сумуе зямлянка-ўдава У сваёй парудзелай світцы. І ляціць баравое ку-ку Па зялёнаму Паліку. — А мой Іваначка, набудзілася я цябе. А цяпер Цябе дуб караніць,— Над магілаю Б'ецца матка...
Адыходжу. Мне ў сэрца звініць Імя спаленай вёскі — Звінятка...
...Зноў вяшчае прыёмнік, Што i як за марамі, А ў бальніцы раённай Партызан памірае.
Быў на сцюжах, на слотах, Толькі не на Каўказе. Ён прымаў у балогах Зледзянелыя гразі.
Мае нават даведку З подпісам камандзіра, Што хадзіў у разведку, Быў адважны i шчыры.
Быў крыху на вышынях У раённых маштабах — Пахадзіў у старшынях, Брыгадзірах, прарабах.
Еў i спаў як папала i не думаў пра гэта. Самагонкі хапала. Не хапала асветы.
У гадах, а завочна Людзі вучацца дзесьці, Думаў — позна, навошта. Хай стараюцца дзеці.
І медаль юбілейны Атрымаў да бальніцы. Ранак белы, завейны. Толькі голас сініцы.
Як тады, ў блакаду, У балоце заклятым Кулямётныя звады... Ён з пустым аўтаматам...).
Як тады, у блакаду, Сіні голас сініцы. Сэрца... І нішто не дасць рады; Гэта ява Ці сніцца!
Калі ўсё йдзе да ладу, Ліха блізка пасецца. Зноў сціскае блакада —
Блакада сэрца
Узышлі палыны тугі — Ты сваё ўзарвала ляда. Замыкаюцца тры кругі. Што ты хочаш яшчэ, Блакада! Патрабуеш яшчэ чаго!
У глухмені балотных кладак Ты забрала бацьку майго. Ты забрала мой смех, Блакада. Хай на звод Пойдзе люты род. За матуль, што жыццю не рады,
За калек. За ўдоў. За сірот Праклінаю цябе, Блакада!
Што ты ходзіш! Шукаеш аброць Ад каня, што вазіў снарады!
Хоць У сны мае не прыходзь, Я прашу цябе! Чуеш, Блакада!...
1968, Ушачы