Выбрать главу

СІЛА АБЯРЭГА

Вялікая сіла Абярэга вярнула яго да жыцця. Пакутлівым было ўміранне. Нечаканым стала вяртанне. Не толькі нечаканым, амаль нездзяйсняльным. Ён, Першы ўладар неба, паміраў, пераможаны іншым бессмяротным. Надзейна і незваротна, без права на новае нараджэнне. І ён памёр бы, каб не малады неўрыдскі чарадзей, што ўбачыў у ім цмока, нашчадка Сусветнага. Смерць аднолькавая для ўсіх: і для яго нашчадкаў, і для яго самога, Сусветнага Змея, Першага бога і стваральніка гэтага свету, які можа прымаць аблічча любога свайго наступніка, валодае яго магіяй нібы сваёй.

«Будзь маім Абярэгам, Першы ўладар неба», — ціха прамовіў да яго неўр. Іяму стала нечаканахораша і смешна. Ён не памрэ. Таму што побач смяротны чарадзей, які жадае працягу яго жыцця. Смяротны, ён усхваляваны спачуваннем, павагай да смеласці. І таму насуперак усім скрыжалям зробіць Абярэгам таго, хто ніколі ім не быў. Зробіць насуперак сваёй жа ўпэўненасці ў тым, што ніколі не можа быць бессмяротны Абярэгам смяротнага. Глядзеў Першы ўладар неба ў вочы чарадзею і спасцігаў усю боскую веліч яго душы. Тым больш вялікую і вартую, што была гэта душа смяротнага. «Я дапамагу табе, смяротны. Ты і не ведаеш, наколькі магчыма здзейсніць тваё жаданне». Першы ўладар неба ведаў тое, пра што не здагадваўся самы мудры неўрыдскі чарадзей. Чараўнікі-неўры, якія зрабілі чары Абярэга сапраўдным майстэрствам, не маглі ведаць, што сілу Абярэга прызнаюць усе магічныя скрыжалі, аднолькавыя для багоў і людзей: «І павінен той, хто стаў ім, берагчы жыццё захаванага. І павінен захаваны аддаваць часцінку жыццядайнай магіі свайму Абярэгу. Калі памірае захаваны, памірае і Абярэг. Калі памірае Абярэг, памірае і захаваны». А калі Абярэгам стане бессмяротны, а захаваным — смяротны людскі чарадзей... то бессмяротны выбірае: якую жыццядайную магію смяротны яму аддасць. Выбірае таксама чары, якія будуць аберагаць такое патрэбнае яму жыццё. Стварае і абуджае магію, што, аддаляючы самога Абярэга ад захавана­га, дазваляе бессмяротнаму нябачна знаходзіцца побач. Заўжды і заўсёды. І няхай ён, амаль што Абярэг неўрыдскага чарадзея, быў страціў сваю бессмяротнасць, нават, бадай што, страціў жыццё. Пакуль ён жыве, ён застанецца Першым уладаром неба, уладаром усіх цмокаў. Ім можа быць толькі магутны, толькі мудры, толькі бессмяротны. І кожнае стварэнне чатырох стыхій гатова аддаць сваё бясконцае жыццё за Першага і Сусветнага. Але пакуль што ад апошняй смерці яго ратавала магія смяротнага неўра. Задумлівы, нават самотны, той моўчкі рабіў абрад, наступствы якога не мог прадказаць. Неўр ведаў, што ягонае жыццё як сваё будзе берагчы Першы. Ведаў, што яны абодва памруць, калі хтосьці, той жа ўсемагутны Пярун, пераможа ўладара цмокаў. Але не ведаў, не мог ведаць таго, чаго самыя мудрыя з яго народа не ведаюць. Ды малады чарадзей і не быў самым мудрым.

Рассякаюць крылы лёгкае паветра. Хутка, імкліва ляціць Першы ўладар неба, які па праву мудрасці і ўчынкаў назаўсёды застанецца Першым. І што яму цяперашнія ўладары, бессмяротныя багі. Занадта руплівыя, занадта прадбачлівыя, занадта асцярожныя. Яны не ведаюць, якім зманлівым бывае неба ў час бессмяротнага і смяротнага ўмірання. Яны зайздросцяць. Яны ніколі не ўмелі жыць.

А ён, Першы, умеў. Таму што чуў і бачыў зямлю. Яе чарадзеяў — маленькі неўрыдскі народ, схаваны пад ляснымі шатамі. Таму цяпер адзін з неўраў — яго захава­ны. Таму па праву абярожных чараў атрымана часцінка смяротнай, неспасцігальнай душы. І наперадзе — далёкі вырай.

Згодна ўздымаюцца-апускаюцца крылы. Далёка ўнізе застаеца зямля. А Першы ўладар неба ляціць вышэй і вышэй. Неба, нябёсы, наднябессе. Неба ахінае сабою зямлю. Яго, то сіняе і вясёлае, то шэрае і пахмурнае, бачаць чалавечыя вочы. У яго ўглядаюцца з надзеяй вочы чараўнікоў. Але нават яны не бачаць нябёсаў — схаванага ад зямлі іншага, таемнага неба, дзе жывуць багі. Там стаяць іх троны, і адтуль кіруюць маладыя бессмяротныя зямлёй, сузіраючы яе з вышыні свайго неба. Але не ўсё адбываецца згодна і зладжана, хоць і імкнуцца яны да таго. Ён, Першы, памятае час, які пасля быў названы Вялікім Бязладдзем. Ды і не толькі памятае: тады не сведкам, удзельнікам быў. Вясёлы, бесклапотны бог Месяца, пыхлівы, разважлівы бог Сонца. Тады ён, Першы ўладар, здолеў, каторы ўжо раз, але на памяці маладых багоў — першы, адрадзіцца ў гэтым свеце.