Выбрать главу

Ён заўсёды будзе Абярэгам толькі Свецічу з роду Свецічаў. Толькі аднаму неўру з Вялікага Кола. Адзінаму неўру з усёй Неўрыды.

— Цяпер і да скону, няхай доўга не спаткаецца Грамаўнік, мы будзем берагчы адзіны абраны народ — народ чарадзеяў. — Вястунны, для якога была адкрытай будучыня, зірнуў на свайго Першага. — Нашы маладыя... гэтага баяліся і крыху прадбачылі.

— Крыху. Яны ўпэўнены, — Стажарны, які ствараў нябесныя зоркі і таму бачыў сапраўдную існасць кожнай рэчы, не хаваў свае пагарды, — што няма магутнейшай магіі за магію бессмяротных. Нашэсце ворагаў павінна знішчыць народ чарадзеяў. Для гэтага яны змусілі паверыць Першага Неўра, настаўніка нашага захаванага, што толькі Закляцце Веры з Чарнабогам можа ратаваць яго Неўрыду. Першы Неўр не баіцца смерці, але ён не ведае, што Чарнабог не адпусціць нікога з тых, дзеля якіх зроблена такая ахвяра. Смяротныя чарадзеі ніколі не змогуць прадбачыць, што Закляцце Веры не мае мяжы. Чарнабог жа стаіць на чале ворагаў нашага захаванага. Першымі загінуць чарадзеі Вялікага Кола. Цяпер, калі ў нашага захаванага ёсць Абярэг, гэты неўр хутка стане адным з іх.

— Нашага захаванага можна выбавіць ад Закляцця Веры. — Чараспеўны, які ведаў усе таямніцы смяротнай і бессмяротнай магіі, усміхнуўся. — Але ратаваць сапраўды можа толькі цуд неўрыдскіх чараў. А Закляцце... Гэта зробіш не ты, Першы, і не Дзіў, які пазней знойдзе маладога чарадзея. Таму што нельга дазволіць, каб знікла Неўрыда.

— Калі знікне Неўрыда, то непапраўна зменіцца створаны намі свет. А жыць бясконца не ў сваім свеце, жыць вечнымі выгнаннікамі — гэта сумна. — Адчужана змоўкнуў Вандроўны, што падарожнічаў у іншых Сусветах. — Тым больш, што неўры яшчэ толькі пачалі ствараць вялікі цуд сваёй магіі. А нашы маладыя прыспешваюць кола часу.

— Калі можна прыспешыць гатовае павярнуцца кола часу, то свет вяртаецца да сябе. Ад улады Чарнабога неўра Свеціча выбавіць пракляцце яго настаўніка, — усміхнуўся Першы. — І мой захаваны яго атрымае. Няхай ён будзе хоць тройчы неўрам, але я пакуль што Сусветны, уладар Наднябеснай Брамы. А да зорнай мудрасці і сілы свайго народа ён прыйдзе сам.

Цішыня і згода пануе ў Наднябеснай Браме. Тут, на парозе свету, даўно ўсё прадбачана і сказана. Даўно без слоў разумеюць адзін аднаго тыя, хто старэйшыя за багоў. Іх маўчанне даруе спакой ім і іх свету перад нявыказаным, што мае адбыцца і адбудзецца. Калі памыляюцца маладыя багі... Калі нязнанае раскрывае ў сабе зямная магія... Калі маленькі народ лясной Неўрыды... Свет сам стварае сябе. Яны не ўмешваюцца. Яны толькі жывуць у гэтым свеце, што чароўны такім зямным, такім вечным святлом.

КВЕТКА НЕЎРЫДЫ

«Зямное і вечнае святло, твой час незваротна мінаецца. Зусім, зусім мала засталося цябе на гэтай зямлі. Ты знікнеш, як знікла мая лясная Неўрыда. Што мне зрабіць, каб цябе зберагчы? Якая ўладарная бессмяротная магія можа цябе затрымаць у быцці?»

У дальняй далечы туманом шарэе нязведаны шлях. То блісне нешта, праясніцца на момант, то зноў схаваецца, як і не было гэтага. Што ўжо не залежыць ад мяне, пакручасты і неспазнаны? Што яшчэ залежыць? Адкажы мне, што? Як мне шукаць выйсця і ратунку?.. Пакрыху спавівае зямлю снегавы вянок. Спавівае ды не спаўе, таму што тоіць яшчэ зямля іскрынкі святла. Чакае, падказваюць чары, спадзяецца дачакацца. Таго, вялікага, хто ўжо не будзе неўрам па крыві, але будзе неўрам па духу. Князя-чарадзея, які зведае вялікае зямное чарадзейства і вялікую славу сярод смярот­ных чараўнікоў. Так ён і будзе звацца — слаўным. Усяслаўным, таму што ўсёй славы і спадчыны неўраў будзе ён наступнікам. Таму ён, Свеціч, не мае права не захаваць тое, што спрадвеку захоўваў ягоны род. Святло зямлі. Святло Неўрыды.