Выбрать главу

— Дзе ж мне шукаць цябе, жаданая кветка? Зніклі твае захавальнікі, і стала ты сама толькі казкай. Але ты квітнела калісьці на маёй зямлі і ты цяпер патрэбна ёй. Без цябе на зямлі застанецца толькі стынь, золь і холад. Без цябе на зямлі запануе цемра, стварэнне магіі Чарнабога. Дзе ж мне адшукаць цябе?

І тады неўр Свеціч успомніў.

Ціха гойдаюцца самыя высокія на свеце яловыя шаты. Ён, самы малады чара­дзей Вялікага Кола, стаіць поруч з астатнімі. Стаяць усе чарадзеі ў храме, ля сваіх валуноў, утвараючы сапраўднае кола. Зусім хутка мае адбыцца вялікая магія, якой раней не ведала Неўрыда. А Першы Неўр між тым кажа: «Будзе цвісці гэтая Кветка раз у год у час летняга сонцастаяння. І будзе тады найвялікшае святло. Будуць ахоўваць яе тыя, каго людское слова назаве нячыстай сілай. І з веку ў век будуць смяротныя шукаць яе. Таму ж, хто знойдзе яе, і сапраўды будзе даравана шмат з нашай чарадзейнай спадчыны, а галоўнае — здольнасць быць усевідушчым і мудрым. Але найвялікшы дарунак Кветкі будзе любому з нашага народа — яе стваральніка».

Мякка закалыхваюць словы Першага, самага вялікага чарадзея Неўрыды. І далучаецца неўр да сузірання і прадбачання, якое павінна будзе стаць вялікай магіяй стварэння. Спакой, засяроджанасць, яснасць. Адкрываюцца магічнаму зроку неўра глыбіні чараў.

Ад цёмных магутныхялін шырыцца-разліваецца прыгожаяяснасць, нібыта неў лясным сэрцы Неўрыды, аў нябеснай сонечнай высі стаіць чарадзей. Гарача-іскрыстае, запаланяе святло ўсю неўраву істоту, даючы чарам вялікую сілу. Ціха гучыць голас Першага, запісваюцца словы ў магічныя скрыжалі: «Пакуль ходзіць народ Неўрыды па сваёй зямлі, пакуль бачыць сонца над сваёй зямлёй, пакуль беражэ ляс­ныя нетры сваёй зямлі, будзе дараваць святло Кветка, якой кожны з Вялікага Кола аддасць часцінку сваіх чараў — сваёй веры, сваёй любові, сваёй мары. Яна будзе нашай памяццю і сумленнем, нашай світальнай думкай і нашай надзеяй змяркання. Яна — душа наша, што не мае смерці. І няхай веліч і слава зямлі Неўрыды, магія ўсіх яе чарадзеяў і жыцці неўраў будуць вечнымі ў гэтай Кветцы, якой наканавана бясконца доўжыць магію, славу, жыццё. Будуць збірацца да Кветкі чарадзеі Вялікага Кола, па адным з кожнага роду, і кожны будзе адказваць за свой род. Я, Першы Неўр, Першы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю...».

— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю, — успыхвае і гасне святло Кветкі, як было ўжо колькі разоў пасля закляццяў іншых чарадзеяў. А што ён, неўр Свеціч з роду Свецічаў, згубіць, калі даруе незвычайныя чары, магію, роўную цэламу жыццю... Яго жыццю. Здабыў жа ён незвычайнага Абярэга. Што рабіць, калі мала проста вялікіх дарункаў. Тое, што чаравалі іншыя — гэта найвялікшая неўрыдская магія, цуд пачуцця і майстэрства. Але Кветка так і не замігцела роўным ясным святлом.

— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, закли­наю, — паўтарае ён і чуе папераджальныя шэпты старэйшых братоў. Няхай. Ён зробіць тое, што зробіць. Праз вялікую прастору адчувае цёплую ўсмешку свайго Абярога, маўляў, рабі, што робіш, а я заўсёды з табою. Збіраецца на яго, неўраў, заклік, вялікая сіла стыхій. Зямля. Вада. Паветра. Агонь. Агонь... Агонь... Чуйна слухае яго і становіцца поруч з ім усемагутны уладар Агню. «Ты — мой, — нібыта чуе Свеціч, — ты заўсёды быў маім. З твайго першага недазволенага кроку па шляху чараў і да стварэння немагчымага для смяротных Абярэга ты быў тым, кім станеш — пераможцам цемры, слаўнейшым за тваіх прашчураў».

Немагчымыя для смяротнага сілы аддае яму ўладар Агню. Утрымаць бы такі цяжар. І адкуль узнікла недарэчнае ў гэтую хвіліну пачуццё наканаванасці.

Невядома за што, але ён стаў абраннікам Кветкі — ужо цяпер вялікага стварэння чараў яго народа. Неўр Свеціч быў упэўнены, што для яго Кветка стане нечым большым за... што? Але абраннікам... Няхай ён аддаваў чары, роўныя жыццю. Хіба ж вакол няма больш вартых?

Толькі тры разы можна паўтарыць заклён. Невыносна цяжка, нельга далей марудзіць.

— Я, неўр Свеціч з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю... — радасна свеціццароўным гарачым святлом Кветка. Яго Кветка.

***

Кветка. Яго Кветка, што даравала зямлі святло. Што была святлом гэтай зямлі. Была святлом яго Неўрыды. Тады, калі чарадзеі Вялікага Кола стварылі гэты цуд, ніхто не ведаў, навошта трэба яе хаваць. Кожны неўр меў тое, што берагла магія Кветкі.

Пра яе згадваў Дзіў, які ведаў вялікую справу майго настаўніка. Ведаў Першага праз яго майстэрства, што дапамагло тады майму непрадбачанаму нікім чараўніцтву стаць плённым. Але не ведаў самога чарадзея. Таму што не мог яго бачыць.