Выбрать главу

Змрочна шумелі яліны, роспачна калыхалі галінамі. І пад гэтую скрушную песню мроіліся неўру твары і абліччы тых, хто прыйшоў з ім некалі ў гэты храм. З памяці вярталіся ўсмешкі і словы, сказаныя тымі, хто ўжо бачыў перад сабою раскрытае небыццё. Ён маліўся ўсім багам, каб яны далі сілу вытрымаць тыя позіркі.

Развітальна глядзелі на яго адзіныя з ім крывёю, для якіх ён быў апошняй надзеяй. Яны не баяліся блізкага небыцця. У іх не было ні смутку, ні жалобы. Толькі нейкая наканаваная цвёрдасць і неспатольная прага забраць як мага болей жыццяў тых, хто будзе па другі бок мяча. Ён, неўр, таксама быў цвёрдым. Яму адкрывалася вышэйшая мудрасць пазнання сваёй зачараванай сілы, якая дазваляла перамагаць мацнейшых за сябе. Перамагаць нават паміраючы, таму што раней, чым пакліча ён апошнія чары, пойдуць за Калінавы мост не лічаныя, як дрэвы ў лесе, ворагі. Ён быў цвёрды. Толькі яснасць чарадзейнага ляснога святла была побач, калі, спакутаваны несупыннай варажбой, не мог ён болей узнімацца над немагчымым. Гінулі тыя, чые жыцці былі яму давераны, і ён спакойна і разлічана ствараў непрадказальную, невядомую, небяспечную магію. Што яму было да тых чарадзейных межаў, пераступіўшы якія, чарадзей ужо не мог належаць сабе. Ён заставаўся сабою, знябыўшы ўсе магічныя скрыжалі, таму што верыў у замову зямлі Неўрыды: да астатняга бараніць сваіх кроўных радовічаў, дапамагаць названым братамі, быць адказным за ўсіх неўраў. Што яму было да свайго адданага за хвілінныя чары жыцця, да свайго забыцця і няпамяці, да знішчальнага гневу багоў на ўсю зямлю, калі гінула маленькая лясная Неўрыда. Што яму было да гэтага, калі засталася толькі палова абаронцаў, і ён стварыў чары гневу. Што яму было да гэтага, калі засталося ўсяго некалькі апошніх, і ён абудзіў магію адчаю. Што яму было да гэтага, калі ў яго застаўся апошні, і неўр паклікаў чары веры і смерці... Ён быў цвёрды.

А пасля... боль і гнеў апошняй бітвы, на якую звярнулі ўвагу нябесныя ўладары. Яго апошняй бітвы. Толькі яго. Дзіваў покліч, словы якого самі разгадваюцца. І як нябесны праклён і прысуд, няпамяць і забыццё, — стагоддзі цемры і разбураны храм, дзе спяць вечным сном апошнія. Тыя, хто з ім быў тады. А над ім, як цяпер, у тую хвіліну апошняй бітвы гучаць словы Дзівава паслання. Першы пачын, што сустрэў яго на зямлі: «З нараджэннем, чарадзей Неўрыды. Блізкага табе зорнага сонца».

***

«З нараджэннем, чарадзей Неўрыды. Блізкага табе зорнага сонца», — даляцела з начнога паўзмроку. Тады, калі толькі стаў чарадзеем Вялікага Кола, неўр хацеў, але не змог разгадаць Дзівавай таямніцы. Яна ўяўлялася вялікім дарункам бессмяротнага, што павінен прынесці радасць яго зямлі. І адкуль было неўру ведаць, што не многа і не мала часу даў свайму найлепшаму абранаму чарадзею Дзіў, але ўсё кароткае зямное жыццё. Апошняя бітва зрабіла яго, неўра, больш моцным і мудрым, і таму тады, калі ўжо было не да вялікіх дарункаў і таямніц, змог апошні з неўравага племені здзейсніць не толькі ратную справу. І адкрыўся ў дзіўным, незразумелым поклічы звычайны стомлены голас, які на нейкі здзек і праклён вітаў яго нараджэнне на гэтай зямлі. Вітаў тады, калі знікала яго Неўрыда. Вітаў цяпер, дараваўшы другое жыццё, якое павінна здоўжыць раскрытая таямніца. Здоўжыць яго адзіноту і боль сапраўды апошняга... чарадзея, ваўкалака, неўра. Яго скруху і роспач, таму што цяпер ужо ён не меў ні гневу, ні адчаю, ні веры быць цвёрдым...

Правальваецца чалавек-чарадзейу бяздонныя нетры свядомасці, губляе людскае аблічча. Воляй сваёй саступае месца зверу, ваўку-ваўкалаку, над якім ужо не ўладарны. Не мае чалавечай людскасці ваўкалак, мае толькі вострыя кіпці ды ашчэраную ў гірчэнні пашчу. Мае толькі нянавісць, што тапырыць яго чорную поўсць, пасылаючы ў драпежнае паляванне. Хутка імчыць хіжы звер, зліваецца з цёмнай ноччу. І ад іскрыстых сполахаў чырвоных вачэй адступаюць з ягонага шляху ўсе, хто мае страх і надзею. І пужаюцца людзі, пачуўшы працяглае, поўнае невыказнага чалавечага малення пра спакой і забыццё, далёкае ваўчынае галашэнне.