Выбрать главу

— Я, неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, заклінаю верай, надзеяй і памяццю...

***

Неўр Свеціч, Светавіт з роду Свецічаў, малодшы чарадзей Вялікага Кола, ляцеў з неба. Неўра над лясной і роснай, ахутанай святлом зямлёй, нёс яго Абярэг, які прыняў сваё першае і сапраўднае аблічча. Не шапацелі крылы Сусветнага, уладара Наднябеснай Брамы, стромка трымаючы вышыню і хуткасць. Велічны і мудры, ён плыў па-над сваім светам лёгкім белым ветразем. Не журыліся сінія вочы азёр, не шумелі лясныя нетры, не плакалі журботна травы. Свет звыкла і проста вітаў свайго стваральніка.

А дзесьці на зямлі, у глыбокіх лясных нетрах, хаваўся неўрыдскі род. Адзін з яго нашчадкаў быў чарадзеем, што колісь наймацней закляў Вялікую Кветку. І цяпер ён, Свеціч, раз-пораз паглядаў на зямлю. Але ўсё спакойна было на зямлі. На асветленай прыгожай зямлі. Бачыў неўрыдскі чарадзей, адзіны чарадзей свайго роду, вачамі сваіх братоў пакінуты і забыты храм. І ведаў, што не доўга храм такім застанецца. Няхутка яшчэ будуць шукаць неўры былой велічы і славы, але ўсё пачынаецца з таго, дзе завяршылася.

— Настаўнік назваў мяне наступнікам і захавальнікам. Яны не забудуцца. І зробленага не даруюць.

— Мабыць. Маладыя багі помслівыя. Але што табе да гэтага.

Неўр яшчэ не ведаў, што яны ляцелі насустрач зорнаму сонцу. Пранікліва маўчаў Сусветны, думаў пра штосьці сваё, пра тое, што прадбачыў адзін толькі ён. А неўр, неўр бачыў наперадзе, як калісьці, асмужаны і нязведаны шлях. Аднойчы ягоны шлях чараў асвятліла самая агністая на свеце, самая чарадзейная Кветка... Асмужаны шлях наперадзе. Шлях несамотны.

— Ці бачыў ты калісьці зблізку, неўр, славутае зорнае сонца вашага народа? — весела і бесклапотна пытаўся Абярэг.

— Я думаю, што яно было блізкім мне, калі я ўбачыў тваё змаганне з Перуном. І калі я змагаўся з Чарнабогам.

— Калі зразумеў покліч Дзіва.

— І калі сустрэў Каліну.

— Калі выйшаў з сіняга небыцця.

— І калі закляў Кветку. Але зараз яно далёкае ад мяне.

— Зараз яно як ніколі блізкае табе. Глядзі. Памятай.

Неўра паланілі і панеслі некуды магутныя цмокавы чары...