Выбрать главу

Зямля была зусім колішняй. Не змяніўся ні сіні блакіт дня, ні зорны россып ночы, ні зманліва-трывожныя вытокі магічнай сілы, з якой чарадзеі твораць чары. Неўр пакідаў крокі на сцежках, па якіх даўно не хадзіў народ чарадзеяў. Быццам нічога не было, не прайшло і не змянілася, звыкла ўспыхвалі пры набліжэнні неўра магічныя межы прастораў. Нібыта ён і не паміраў, не пазнаваў небыццё, не нараджаўся другі раз. Не пакутаваў, не прагнуў, не сустракаўся. Не спадзяваўся. Нібыта ён не жыў... Жыццё смяротнага падуладнае смерці. Але жыццё заўсёды ўзвышаецца над смерцю, перамагаючы яе. Жыццё мацней за смерць.

Доўжыцца старажытная неўрыдская замова: «Слабей за смерць, мацней за жыццё...».

***

Слабейшай за смерць, мацнейшай за жыццё была высокая зялёная трава, якая кранала яго сваімі рукамі-мятлушкамі, вечным жыццём уздымаючыся над смерцю шматвекавых дрэў. Зялёная сіла ўзнаўлення несла свежасць, якая маладзіла кроў, дорачы свае шолахі. І была вакол светлая, нібы сляза радасці, імжа, што ўбірала ў брыльянцістыя кроплі зялёныя аксаміты. Вачам адкрываўся вялікі зялёны абшар, да якога злёгку туліліся зубчатыя краі лесу. І тады зліваліся ў вачах усе колеры, ціхай жаданай мелодыяй плылі зыкі. Па-над зямлёю плыло святло. Зыркае, блішчастае, іскрыстае... Яно спавівала і цягнула да сябе, як гэта было калісьці.

Цягнецца ён чарамі да светлых, празрыстых вытокаў, ствараючы жыццядайную магію. Гарачую, як агонь, што зіхціць на алтары храма. Небяспечная магія агню, магія святла. Тым больш для тых, чыім знакам была зямля. Ён зусім не паддаецца спакусе зманлівых агеньчыкаў. Ён ведае, што павінен зрабіць.

Неадабральна глядзяць старэйшыя чарадзеі, непакоіцца настаўнік. А ён неадступна творыць задуманыя чары, адкрываючы магіі свядомасць. І вось ужо ўвесь ён там, дзе сплятаюцца першаасновы стыхій. Несумяшчальных, непрадказальных, небяспечных, што могуць быць зусім не ласкавымі і літасцівымі. Яго знак — зямля. І прызнае гэта стыхія ў ім свайго, даруючы вытокі сілы. Але побач — агонь. І нібы ўяўна бачыць малады чарадзей, як хціваўсміхаецца дух агню, вяшчуючы яго хуткую смерць. «Як ты рызыкнуў прыйсці сюды, смяротны. Ты не вернешся адсюль», — гучаць у яго галаве гарачыя сполахі. «Ты мне дапаможаш вярнуцца», — адказвае ў думках неўр і бачыць яшчэ адну ўсмешку. Чарадзей доўга рыхтаваўся да гэтага імгнення. Замова, яшчэ замова. Сплятаецца сіла стыхій воляй смяротнага. І, ужо вяртаючыся ў храм, адчуў, што дух агню даруе яму сілу. Не для гэтай магіі. Для іншай, на будучыню. Мы яшчэ сустрэнемся з табою, уладар Агню...

Неўр добра ведаў магію святла. Святло было побач, але яго было мала. Таму што на зямлі не стала народа неўраў-чарадзеяў, якія падтрымлівалі гэтае святло. А тое, што засталося, памятала сваіх стваральнікаў. Святло захоўвала абліччы і твары тых, каго неўр ведаў. І яго таксама захоўвала. Святло мела разумную свя­домасць. І тут, на зялёным росным абшары, празрыста-светлай смугой, шэптам траваў і шолахам вятроў яно вітала свайго чарадзея. Апошняга, на каго магло спадзявацца.

...У неўрыдскім храме хтосьці быў. Ён няспешна падышоў да кола валуноў. Доўга стаяў і глядзеў, як сярод васьмі патухлых ззяе жывым полымем адзін. Адно жыццё. Ён доўга спасцігаў неўрыдскую магію. Ён прынёс сюды старажытныя і жахлівыя чары, каб разбіць валун і знішчыць жыццё апошняга. Нарэшце, апошняга. Ён не сумняваўся ў іх магутнасці. Толькі невядома чаго марудзіў.

І вось магія выпушчана на свабоду. Валун ярка ўспыхвае і... застаецца цэлым. І па-ранейшаму спакойна ліе яснае, празрыстае святло. Невядомы спакойна сузірае яго, а пасля паварочваецца і хуткімі крокамі пакідае храм. Ён не бачыць, як з іскрыстага валуна падымаецца нехта, хто збярог неўру жыццё, і гэты нехта не належыць зямному свету. Свету празрыстага, яснага святла, якога засталося на зямлі так мала...

НАДЗЕЯ КАЛІНЫ

Празрыстага, яснага святла засталося мала. Яго час, час восеньскага святла, мінаўся. Але, напэўна, таму, што быў гэты час апошнім, святло ўспыхвала надзіва ясным, іскрыстым, жывым агнём. Усёй сваёй істотай адчуваў неўр, як разляталіся іскрынкі-лісцікі такога знаёмага полымя лясоў, што калыхаў сваімі подыхамі вецер. А паўз іхняй высокай зубчатай сцяны зелянелі зусім летнія абшары, на якія так тужліва і так трывожна вачыма чалавека-неўра глядзеў ваўкалак. Адчуваў развітальную светлую сілу...