Выбрать главу

А начамі лес і абшары клікалі сваёй нязведанай далеччу. Падалі на зямлю празрыстыя водбліскі зорак, адкрываючы чарадзею імглісты Шлях Продкаў. І нібы ў душу глядзелі тыя, чые абліччы адбіліся ў водблісках нябеснага святла. Хто, ведаў неўр, не сталі трынаццаццю лепшымі, але былі з ім адзіныя крывёй. Яны ўзнесліся высока, каб сузіраць з нябёс усю зямлю. Бачыць свае сцяжынкі і шукаць сваіх нашчадкаў. Спадзявацца. Верыць. Маліць за сваіх спадкаемцаў духаў стыхій. Гэты вялікі Шлях клікаў, роспачна гукаў ваўкалака, які азываўся з глыбінь свядомасці працяглым, тужлівым выццём. І тады хацелася знікнуць, пайсці ў бясконцае вандраванне. Хацелася ляцець з ветрам, адчуваючы ў вушах яго прарэзлівы свіст. Бегчы і не стамляцца, чуйна слухаючы дыханне зямлі пад нагамі, на святло вечных агнёў. Вецер, зямля і ён, што кожнай кропляй сваёй крыві родны ім. Але не даваў неўр ваўкалаку волі, і той толькі з ціхай марай глядзеў на абшар... Глядзеў і ўсё ніяк не мог наглядзецца.

У сны чарадзея прыходзіла Каліна. Тады клікаў свае чары неўр, спрабаваў прадказаць сваю будучыню. Але чары бачылі толькі схаваны ў смузе няроўны магічны шлях, што магло значыць толькі адно: будучыня залежала ад самога неўра. А Каліна звала. Яе голас гучаў усё мацней і мацней. І перажываў неўр тую горыч і асалоду, тыя надзеі і расчараванні, якія напаткалі невядомую чараўніцу. Няхай неўр не ведаў яе, але магія спагады клікала да той, што стварала самыя вялікія для смяротнага чары. Чары, за якія трэба аддаць жыццё ...Ярка ўспыхвалі гронкі каліны, і гэтак жа ярка зіхцелі для неўра гронкі ўспамінаў, якіх ён асцярожна дакранаўся магіяй. Нашто ты паміраеш, Каліна? А ў адказ нібы адчуваў чарадзей горкі смак ягад у роце. Смак жыцця...

Тады зрываўся ў свой шалёны бег ваўкалак. У абліччы ваўкалака яшчэ больш яркім бачыў чарадзей прамяністае святло, што вялікай, шырокай хваляй сыходзіла ад Каліны. Чырвоныя зоркі гронак, горкі смак. Здавалася, у свеце няма больш нічога, акрамя іх. Каліна была святлом...

Святло адхінала цені небыцця, пазначала шлях у бясконцай, паўсюднай шэрані. Гарчыла роспаччу вялікіх страт, але гэты горкі смак прымушаў змагацца, а зна­чыць — жыць. Ззаду заставалася ўсё больш і больш чорных, пазначаных толькі смуткам, шляхоў. Ён не хацеў змагацца, ён стаў ужо амаль ценем. Толькі спакою і вечнага забыцця, толькі спакою. Але спакою не дае горкі смак... Такі зманлівы, горкі смак каліны...

Ён нібыта цягнуў на вузкі, запарушаны шэрым пылам мосцік. Чарадзей адразу адчуў, як хістка загайдаліся бярвенні. Іх злучала толькі магія, якая была чужой гэтаму свету. Але мост належаў гэтаму свету, належаў небыццю. З цяжкасцю даваўся кожны крок, бо імкнуўся ён пайсці адтуль, адкуль не вяртаюцца. Бачыў чарадзей, як ступаюць на мост тыя, хто ішоў у ягоны бок. З таго свету ў гэты, з быцця ў небыццё... Калісьці і ён так ішоў. Але не памятаў чарадзей таго сумнага шляху. Памяць сцірае вялікі час.

Крок, яшчэ крок. Пагойдваецца пад нагамі цёплае, шурпатае, нечакана знаёмае дрэва. Уроце становіцца нясцерпна горача. Калінавы смак... Калінавы мост... Мост жыцця і смерці. Чалавечай, чарадзейнай, боскай. Нават тых, хто, здавалася б, не мае смерці. Цмокаў, калі іх забівае ўсеўладны Пярун. Чаму ён успомніў пра цмокаў? Для ўсіх аднолькавая смерць. Так зманліва кліча другі бок моста... Яшчэ адзін крок.

Налятае вецер, буран. Адкуль ён у небыцці? Яго не павінна быць. Заціхае няспыннае калыханне бярвенняў, і бачыць чарадзей на другім баку постаць. Аблічча смяротнага, за якім угадваецца бессмяротны. Воін, бог вайны, Пярун. У яго, неўрыдскага чарадзея, няма шанцу ў міжбоі. А Пярун тым часам кажа: «Я цябе ўжо адзін раз забіў, цмок. Але ты, як бачу, бессмяротны. Я заб’ю цябе яшчэ раз, мне няцяжка». Але што гэта? Гэта не яго ўспаміны. Неўр ніколі не сустракаўся з Перуном.

Невядомая сіла падымае неўра ў нечалавечым палёце, што пераадольвае многамнога цяжкіх крокаў. Са здзіўленнем глядзіць чарадзей на свае блішчастыя крылы, што маюць усе нашчадкі Сусветнага. І вось вялікі цмок апускаецца на мост зусім побач з Перуном. Так блізка да другога боку... Ён — цмок. Задзейнічана не падуладная смяротнаму магія, і ён прымае чалавечае аблічча. І няўжо гэта яго такі спакойны голас адказвае Перуну: «Ты не заб’еш мяне ніколі, уладар зброі і маланкі. Ты не ведаеш, наколькі я стаў бессмяротным».