Выбрать главу

Не, гэта не ён. Ён, смяротны неўр, не можа такога ведаць. Ён не быў воінам, і тым больш не быў такім Воінам, як Пярун. Але ён будзе змагацца. Як супраць тых ворагаў, супраць бога, што заўсёды бласлаўляў вайну і сам быў вайною, роўны ў бітве многім сотням такіх, для каго меч — гэта працяг рукі. «Змагайся, — гаворыць яму нечы голас, — змагайся, і ты пераможаш». Уруках неўра з ’явілася зброя. З лязгатам сутыкнуліся мячы.

Неўр стаяў перад Калінай. Ад яе плыла іскрыстая хваля святла. Дрэва з чалавечай душою, людская чараўніца вялікай сілы ў абліччы каліны. Ён прыйшоў занадта позна. Каліна стварыла незваротныя чары, назаўсёды пазбыўшыся права вярнуць чалавечае жыццё.

Ледзьве-ледзь шапацелі прасветла-шэрыя галіны, лістоў на іх ужо не было. І таму сярод толькі кранутых восенню, яшчэ амаль зялёных дрэў, адзінокая апалая каліна была смуткам і напамінам пра тое, што хутка здарыцца. Напамінам чарадзеям і людзям. Першыя павінны ўсё зразумець, другія толькі паспачуваюць. Але ў сваім спачуванні нават не здагадаюцца, наколькі блізка апынуліся да праўды...

Кратаў вецер мядзяную россып, і, здавалася, успыхвала Каліна алтарным вогнішчам, якое шугала па-над лесам, абшарам, зямлёй. Плыла ў бясконцы шлях, ззяючы горкімі чырвонымі гронкамі. Такімі знаёмымі чырвонымі гронкамі. Горкі смак жыцця...

***

Горкі смак жыцця. Ты вярнуўся да жыцця, а хтосьці з яго пайшоў. Ты змагаўся за гэты свет з багамі, а хтосьці ахвяраваў гэтым светам. Хоць меў наперадзе роўны, доўгі жыццёвы шлях. Мог хадзіць па гэтай зямлі, ствараць свае чары і клапаціцца пра гэты свет, здзяйсняючы сваё наканаванне чарадзея берагчы зямлю. І ніводзін з бессмяротных не заступіў бы шлях. Не пазбавіў бы права зрабіць вялікі дарунак сваёй зямлі, якая так лёгка цябе насіла. Дараваць стваральную магію ў бессмяротнай справе, нязгасную памяць пра сябе гэтаму хуткаплыннаму свету... Пра сваё кароткае смяротнае жыццё, што ўспыхнула яснай знічкай, на імгненне асвятліўшы неба і зямлю, на імгненне засланіўшы магутнасць і веліч бессмяротных. Тваё жыццё не прайшло дарма, твая магія не спала, і ты, чараўнік і чарадзей, дадаў сябе да высокіх адвечных скрыжаляў людзей і багоў... Як я разумею цябе, Дзіў. Цябе, хто бярог кволае смяротнае жыццё болей за жыццё бессмяротнага. Апошні заўсёды паспее... усё, што можна паспець. А жыццё смяротнага так лёгка спыніць, яго не абараняюць ні магутная зброя, ні вялікая магія. І таму ён павінен паспець прынесці тым даражэйшы свету дарунак, што гэты дарунак адзіны. Непаўторны. Незамяняльны. Неабходны, як паветра. Гэты дарунак стварае свет, як ніколі не створаць яго бессмяротныя багі. Навошта ты ўчыніла так, Каліна?

Ці гэта дрэва яму адказала, ці гэта вецер прынёс пакінутыя чары, але чарадзей пачуў. «Час святла мінаецца, неўр. Спяшайся. Ты доўга быў у небыцці і шмат чаго не ведаеш.

Пасля таго, як знікла, захлынуўшыся ў крыві, твая Неўрыда, многае для зямлі аказалася страчаным. Магіяй сталі ўладаць чарадзеі, што былі людзьмі і таму не маглі быць роўныя неўрам. І я таксама з іх роду. Чарадзей, мы ніколі не маглі зраўняцца з вамі, мы не маглі спазнаць вашых таямніц, мы не змаглі зберагчы вашу спадчыну. А вы... вы даравалі свету занадта многа. Вашы дарункі былі дасканалымі, магутнымі і амаль жывымі, з памяццю і ведамі свайго стваральніка. Яны доўга бераглі зямлю пасля вашай смерці. Але нават стварэнні народа чарадзеяў не маглі існаваць бясконца. Ты ведаеш, неўр, што без наступнікаў, якія падтрымліваюць яго сваёй магіяй, дарунак чарадзея траціць сілу. Мы доўга не маглі стаць вашымі наступнікамі. Занадта доўга. І цяпер дарунак вашых вялікіх чарадзеяў, дарунак святла, амаль страчаны. Час святла мінаецца, неўр».

Ствараецца чарамі ласкавае, прамяністае святло. Ужо цяпер іскрыцца ў ім вялікая жыватворная сіла. І са здзіўленнем глядзіць неўр, як сплятаюцца ў немагчыма складаным узоры промні сілы. Скачуць блішчастыя водсветы. «Глядзі ўважліва, вучань, — кажа між тым задаволены голас настаўніка. — Цяпер ты бачыш вялікую магію. Яна яшчэ не скора стане маім дарункам гэтаму свету. Ды і не толькі маім. Але гэта будуць вялікія чары. Памятай, што дарунак кожнага чарадзея — незвычайнае майстэрства яго самога і вялікая міласць духаў стыхій. Твае стыхіі — Зямля і Агонь. Стыхія Зямлі будзе падтрымліваць цябе па праве твайго нараджэння. Уладар Агню таксама з табою. Цяпер табе трэба стварыць сабе Абярэг. Гэта будзе тваім першым крокам у пазнанні высокага майстэрства». «Як мне стварыць Абярэг, настаўнік? — Заклапочана пытае ён. — Як мне злучыць у Абярэгу дзве такія розныя стыхіі?» — «Пра гэта мы пагаворым пасля, вучань. А пакуль што глядзі ўважліва, якія чары ты будзеш падтрымліваць у свой час. Гэта тое, што будзе аберагаць цябе як свайго захавальніка, што будзе патрабаваць ад цябе высокай годнасці і найвялікшага майстэрства. Калі ты зможаш стаць такім, якім належыць быць чарадзею, ты будзеш маім наступнікам».