«Але з пакалення ў пакаленне зямных чарадзеяў перадаецца адно вяшчунства».
***
«З пакалення ў пакаленне перадаецца вяшчунства, што калісьці на зямлю вернецца адзін з неўраў, сын народа чарадзеяў. З тых, хто мог прымаць аблічча звера, ваўка-ваўкалака, адно па сваім жаданні. З нямногіх абазнаных свайго народа, якія ведалі больш за звычайныя чары, стваралі магію самай цудадзейнай зямлі. Ён, народжаны Зямлёй і лесам, спасціг многія таямніцы свету і стаў роўным самому Агню. Ён ад святла і нашчадак святла. Але будзе несці ў сабе боль, скруху, расчараванне, бо прыйдзе адтуль, дзе былі і боль, і скруха, і расчараванне. І створыць ён новую зямлю, імя якой будзе Неўрыда. Вялікую краіну, якую памятаў у жыцці і смерці. Суджана яму тройчы памерці і нарадзіцца, атрымаць вялікую спадчыну і знайсці заклятую Вялікую Кветку, мацнейшую за ягоныя чары», — гучаў непераадольны голас людской чараўніцы. Гучаў упэўнена і пранікнёна, нібы сабраўшы ў сабе магію цэлага жыцця.
Чараўніца Каліна верыла ў тое, пра што казала. Нават у немагчымае, нездзяйсняльнае вяшчунства пра стварэнне новай Неўрыды. Адраджэнне маленькай зямлі чараў, якое таму немагчымае, што яго нельга здзейсніць ніякімі чарамі.
«І пазнае Вялікая Кветка ў ім свайго стваральніка, першага і апошняга, і дасць яму вялікую выратавальную сілу... »
Свеціцца магіяй толькі што створаны Абярэг, які з гэтага моманту будзе дапамагаць крыніцамі магічнай сілы. І ведае неўр, што нічога не скажа пра яго настаўніку. Проста не зможа сказаць. Таму што такія Абярэгі ствараюцца адзін раз і на ўсё жыццё. Неўр сам не ведае, як так атрымалася. Ён, як і трэба, знайшоў дрэва, дух якога пагадзіўся стаць ягоным ахоўнікам. Закляў стыхію Зямлі. Паклікаў уладара Агню. Ужо рыхтавалася патрэбная магія, калі здарылася гэта...
«...якая запатрабуе яго жыцця ў апошні раз. І не зможа ён перамагчы сваю смерць, калі толькі не... »
Гэта было зацятае змаганне двух бессмяротных, якое па законах чараў і магіі аднаго з іх пазбаўляла жыцця. Усемагутны Грамаўнік, які, ведаў чарадзей, не вельмі прыкмячаў неўраў, змагаўся з такім жа ўсемагутным Першым уладаром неба. Цмокам. Нашчадкам Сусветнага. Вялікім воінам, роўным ва ўсім самому Перуну.
Ён ніколі не забудзе гэтай бітвы. Узмоцненыя няскончанымі чарамі слых і зрок лавілі ў небе тое, што не чуў і не бачыў неўр да гэтага ніколі. Вось падае Перуноў агністы меч на цмока, але ўхіляецца той, прымушаючы Грамаўніка праваліцца ў свой удар. І сам нападае на бога, выпусціўшы доўгі слуп знішчальнага агню. Захіляецца Пярун ад агню шчытом, і скаланае неба і зямлю грукат ягонага мяча, які сутыкнуўся з мячом цмока ўжо на зямлі.
«...зберажэ яго сіла Абярэга, якая прыйдзе неспадзеўкі для яго самога, што ведае і не ведае пра яе, памятае і не памятае...»
Меч Грамаўніка сустрэў меч цмока, і бачыць са здзіўленнем неўр, што абодва яны прынялі зусім людскія абліччы. Пярун, як і трэба было чакаць, удаўся высокім, каржакаватым воінам сярэдніх гадоў з чорнай барадой. А вось цмок, не паверыў сваім вачам неўр, зусім маладым хлопцам, статным і светлавалосым. Зліваюцца ў нешта суцэльнае, незразумелае імклівыя росчыркі іхніх мячоў.
«...і даруе Кветка шчасце за пакуты яго. Верне зямлі вялікае святло, таму што не могуць не вярнуць святла чары веры, надзеі і памяці», — змоўкнуў голас чараўніцы Каліны. Ярка пыхнулі гронкі дрэва, даруючы свету астатнія кроплі святла.
«Ты зноў мне прайграў, цмок», — падае ўдар Перуновага мяча на чалавека-цмока. Але немагчымым намаганнем зноў — каторы ўжо раз — ухіляецца ён ад прамога, смяротнага ўдару. «Шкада, цмок, ты не падобны да сваіх братоў. Ты ўжо амаль роўны мне. Амаль роўны. Алероўным не станеш ніколі». Падае Перуноў меч. Падае апошніраз, не сустрэўшы ніякай перашкоды. І гатовы неўр паклясціся, што на імгненне, на нейкае маленькае імгненне, ён убачыў, як вусны пераможанага кранула ўсмешка. Спакойная, упэўненая, мудрая. «Смяешся, паганы ўладар неба. Смейся, смейся. Ніхто не дапаможа табе, ні бог, ні смяротны. Зараз ты памрэш, не паспеўшы ні звярнуцца да бессмяротных багоў, ні стаць Абярэгам смяротнага. Памрэш апошні раз і назаўсёды». А ў адказ — толькі светлая, заспакоеная ўсмешка. Як ты можаш быць такім мужным, нашчадак Сусветнага? Як у цябе хапае такой выключнай дзёрзкасці? Як магчыма трываць зноў і зноў балючыя ўдары Перуновага мяча?