Выбрать главу

— Ты ўратавала мяне ад небыцця, Каліна? — сам неўр ужо не сумняваўся, што гэта так.

— Нават бессмяротныя не могуць такога рабіць, ая толькі людская чараўніца. Я бласлаўляю цябе. Знайд зі сваю Кветку, чарадзей. Не зрабі марным мой дарунак гэтаму свету. Знайдзі Вялікую Кветку Неўрыды, якая стала дарункам краінычарадзеяў усёй зямлі. І стане тваім дарункам...

Пярун даўно пайшоў, палічыўшы сваю справу скончанай, калі неўр нарэшце адважыўся падысці да таго, хто ляжаў на зямлі. Да забітага цмока, які ўжо перастаў быць уладаром неба. У гэтым законы Сусвету аднолькавыя для ўсіх бес­смяротных і суровыя да пераможаных. Немагчыма, але цмок быў яшчэ жывы. У ім трапятала апошняя іскрынка жыцця, якая трымалася невядома якой воляй. Але хутка і яна павінна адляцець, адысці за Калінавы мост, які пераходзяць аднойчы ўсе смяротныя. І бессмяротныя. Былыя бессмяротныя.

Неўр нахіліўся над паміраючым. Той неадрыўна глядзеўу высокае, сіняе неба, якое ён бярог безліч гадоў бессмяротнага жыцця. Якім ён уладарыў нароўні з багамі і за якое змагаўся. За якое цяпер паміраў. Немагчыма, але за нейкую хвіліну неўр спасцігнуў горыч паражэння, смутак страты бессмяротнага жыцця і бязмежную любоў да сіняй далі, якія валодалі душой нашчадка Сусветнага. Ясныя пачуцці, зусім чалавечыя. Той, каго запаветы цяперашніх багоў называлі пачварай і хціўцам, неадрыўна глядзеў у сіняе неба, нібы хочучы забраць яго з сабою. Неба, дзе ён так шчасліва лётаў. Неба, дзе кожны вецер быў ягонай душой. А таму і цяпер ён заставаўся ўладаром неба, не роўным багам, але лепшым за іх.

Неўр ведаў, што ён рабіў. Але ведаў таксама, што ніколі і нікому не раскажа пра гэта. І асабліва свайму настаўніку. Неўр дакрануўся да чалавека-цмока, прыўзняўшы яго галаву. Позіркі сустрэліся. Неўраў, спачувальны і засцярожаны, і цмокаў, пакутлівы, мудры і крыхураўнадушны. Быўупэўнены, што нічога не зможа зрабіць смяротны. І не спадзяваўся. Памыляешся, нашчадак Сусветнага. Табе не спазнаць людской утрапёнасці і веры.

— Будзь маім Абярэгам, Першы ўладар неба, — адно ціха прамовіў неўр.

Вусны таго, да каго ён звяртаўся, кранула ўдзячная, такая знаёмая ўсмешка.

СПАДЧЫНА НЕЎРА

Такая знаёмая ўсмешка святла клікала на дапамогу. Чарадзейным, бачным толькі для магічнага зроку, святлом было заліта ўсё навокал. І хоць не здаваліся яшчэ светла-іскрыстыя чары, але неўр ведаў, што час святла няўмольна мінаўся. Неўр ішоў далей, у нязведаны шлях, з сумам пакінуўшы Каліну. Барвянае ў сваёй іскрыстай, неўтаймаванай чырвані, паціху заходзіла над зямлёй сонца. Ягоныя нябачныя промні развітальна краналіся ўсяго, што жыло на гэтай зямлі. Краналіся і цёмных ялін, што засталіся дзесьці далёка-далёка, у пачатку неўравага шляху. Шляху чараў, які пакуль што хаваўся ў смузе нязведанага. Гэта казала неўру пра тое, што ўсё наступнае пакуль залежыць толькі ад яго.

Промні сонца падалі на парослую густой травой сцежку пад нагамі неўра, што хавала ў сабе нязгасныя сляды людскіх чараў. І рабіліся гэтыя сляды пад жыццядайным святлом то засохлымі калючымі, жорсткімі купінамі травы, то ярка-зялёнай, трапяткой і ласкавай рунню, што не ведала пра змярканне і таму радасна і аддана вітала сонца. Бачыў неўр, як цягнуліся маладыя парасткі да аслаблага сонца, чакаючы ад яго ўсходу, дапамогі і жыцця. І, бадай, толькі ён адзін ведаў, што гэтыя добрыя ўчынкі людскіх чарадзеяў ніколі не змогуць атрымаць свайго законнага працягу. Таму што час святла мінаўся. А жорсткай траве было ўжо ўсё роўна, яна не ведала далейшага жыцця і не спадзявалася на літасць.

Гарачыя, ласкавыя промні святла зніклі ў асмужанай шэрані, што раптоўна паўстала перад неўрам, зацінаючы яму шлях. Там, падказвалі выкліканыя чары, было шэрае аднастайнае неба, якое злівалася з яшчэ больш аднастайна-шэрай халоднай зямлёю. Там лятуць шолахі ветру, кратаючы адно толькі парослыя абапал шляху, высахлыя галінкі быльнягу. Там калышацца ў сумётах чорная лістота, што не мае памяці. Там толькі шэрань... Там толькі пустэча... Там толькі адзінота...

Неўравы чары пранікалі ўсё далей і далей. Пакуль нарэшце не напаткалі ціхую іскрынку святла, што лучылася мудрасцю і спакоем. І не мог сказаць чарадзей, каго адшукала пасланая далёка наперад магія. Хто мог валодаць такімі чарамі, вытрымкай і мэтай, што змог жыць у гэтым шэрым свеце. Але тая істота чакала... Чакала таго, хто здолее здзейсніць чарадзейства, якое б пераўзышло шэрань створанага невядомымі чарамі свету. Чакала таго, у каго хопіць мужнасці і веры перайсці страшную мяжу. Неўр амаль не вагаўся. Ён паклікаў магію, якую даўно не бачыў гэты свет, і імкліва пайшоў наперад.