Выбрать главу
ПРА ВОЎКА ПАМОЎКА..
Пра воўка памоўка, а ён i тут. А ён і тут — ну, проста цуд! З'явіўся ў тую ж мінуту якраз. «Дзень добры!» — кажа... і мы — у адказ. Стаіць, усміхаецца. Нібы не шэры. Не вые па-воўчы, зубы не шчэрыць. Такія ж, як нашыя, вушы і вочы. Вонкавы выгляд далёка не воўчы. Ай ды воўча! Ай ды ён! Ды ён жа двойчы хамелеон! Там, дзе авечкі, — у шкуры авечай. Там, дзе чалавекі, — у чалавечай. Стаіць, усміхаецца. Ай ды ён! Ды ён жа тройчы хамелеон! Знае, што сябра нам не стае, дык ён за сябра сябе выдае. Нават хоча большага нечага — строіць друга з сябе чалавечага. Ай ды воўча! Ай ды чмут!.. Пра воўка памоўка, а ён і тут. Стаіць, усміхаецца. Ён ці не ён? Выгляд не воўчы — не выганіш вон. Ды раптам што-небудзь такое — ураз завые i возьме за горла вас.
АКІЯН I ЛУЖЫНА
Я сказаў: «Акіян — вялікая лужына» Як усхадзіўся акіян! Маўляў, пакрыўдзілі незаслужана, абразілі акіянскі сан. Як загудзеў, зашумеў раз'юшана, як пагнаў за валам вал? «Я вам пакажу, якая я лужына! Я болей прывык да од і пахвал!» Я моўчкі глядзеў, як шалее стыхія, і думаў са скрухай: «Вялікі такі,
а крыўдзіцца гэтак жа, як i другія, як дробныя лужыны i ручайкі».
*
Я глядзеў, як хвалюецца лужына. Бачыў я воблакаў караван, бачыў у лужыне неба засмужанае. — Лужына — мікраакіян. Словы мае пачула лужына. Лоб наморшчыла напружана і пачала падрабляць свой зыб пад акіянскую шыр і глыб. Думала, што разлілася бязмежна, што выйшла за берагі свае. Я глядзеў і мне было смешна і мне было сумна за яе.
АБЫЯКАВАСЦЬ
З чым параўнаю абыякавасць, яе галоўную якасць? З пустыняй, з пяскамі яе зыбучымі, з барханамі мёртвымі яе. З пустыняй, з пяскамі яе сыпучымі, з паганымі мётламі яе. Тут чалавеку вельмі дрэнна. Тут сам шукай выхад з бяды. Крычы сабе, глядзі нядрэмна — ў адказ ні слова, ні глытка вады. Тут хоць крычы, хоць памірай — будзе маўчаць пустынны край. Будзе маўчаць край пясчаны... Так за сцяной маўчаць мяшчане.
* * *
Хто вынайшаў веласіпед? — над гэтым не вельмі думае свет. Ён круціць сабе педалі, — што яму паданні! А першыя паязды, масты? Ці важна, кім яны створаны? Важна тое, што паязды сёння бягуць ва ўсе стораны. Лямпачка над маёй галавой — крыніца энергіі светлавой. Каму тут належыць прыярытэт? — Не думаю ніколі, хаця, здаецца, і бачыў партрэт, хаця і вучыў у школе. Проста ўдзячны я яму, удзячны за ўсё за гэта. І ў гэтым сэнсе продку майму не пагражае Лета. Справа не ў нашых імёнах, не ў тым, хто, дзе i калі, — не ў славе. Слава, як вядома, дым. Справа — у добрай справе.
ПРА ВЕЛІЧ
Нярэдка яшчэ, ілюзіям верачы, прымаем за веліч мы манію велічы. Хоць гэта зусім розныя рэчы: друг i вораг чалавечы. Хоць ад гэтай чортавай маніі так i тхне чорнай магіяй. Калі ж свежы ранак павее, развеецца магія маніі той, мы губляемся: «Дзе ж веліч?» Мы выглядаем святой прастатой. «Дзе ж веліч? У што верыць?! — А яна побач зусім — скромная, па чалавечаму падабенству скроеная. Зусім не іконная, зусім не грозная, даходлівая, даступная, простая. І веліч гэтая, не манія, не прыніжае, не гняце, розум страхам не затуманьвае. Яна — у мудрасці і дабраце. Толькі мудрых, час, узвяліч! Людзі! Цану велічы ведаючы, смейцеся смела над маніяй велічы! Так, як смяяўся над ёй Ільіч.