Выбрать главу
ПЕРАД БРАТНЯЙ МАГІЛАЙ
Мы так яе і называем — братняй. Гаворыць звычай, даўні і святы, што паўшыя на полі ратным і разам пахаваныя — браты. Што ж, ёсць у гэтым праўды доля. Яны зляглі ад куль адных. І ў доле, як у дружным доме, нішто не падзяляе іх. Там — цішыня. Там — мір і згода. Ляжаць, плячо ў плячо, рады. Не знае мёртвая прырода варожасці! Яны — браты. Яны — браты... Стаю перад пагоркам, які магілай братняю завём, нібы стаю перад пытаннем горкім: «А ці па-брацку мы ў жыцці жывём?»
БОЙ

Прысвячаецца памяці салдата-артылерыста,

які 17 ліпеня 1941 года даў на шашы пад Крычавам, недалёка ад вёскі Сакольнічы, бой цэлай калоне нямецкіх танкаў і разграміў яе.

Устаноўлена, што герой-артылерыст родам

з Арла i імя яго — Мікалай Сірацінін.

Жыць трэба, сябры мае, помнячы, што дзесьці пад Крычавам ёсць маленькая вёска Сакольнічы, такая ж рачулка — Дабросць. Што бітва там грукатала, якой не было яшчэ з тых дзён, як стаіць вёска тая і тая рачулка цячэ. Як будзеце вы пад Крычавам, зімою ці ў час веснавы,
наведайце толькі — зычу вам — вёсачку тую вы. І там, не страсаючы пылу, не трацячы марна час, спытайцеся вы пра магілу, скажыце, праводзяць хай вас. Куды? Да якой — не будзе пра гэта ніхто пытаць. Магілу адну тут людзі ведаюць, як свае пяць. Кожны, малы ці дарослы, вас правядзе ў гаёк — туды, дзе ўзвышаецца просты, парослы травой курганок. Звычайная быццам магіла, бачылі ж многа мы іх... Вы слухаеце старажыла, — што гэта: праўда ці міф? Яшчэ адна, мабыць, легенда? Ці словы сведкі жывой? «Не, не легенда гэта, — трасе старажыл галавой. — Вам гэта тут кожны пацвердзіць. Было ўсё на нашых вачах. Нам будзе да самай смерці сніцца той бой па начах. Будзе гармата сніцца, залітая ўся крывёй... Там вунь, дзе лозы ніцыя, стаяў ён з гарматай сваёй. Яго абышлі, акружылі, ззаду стралялі ў яго. Насілу яго скрышылі: войскам — аднаго...» Замоўкне расказчык. Слухаць будзеце вы нейкі час, як шэпчуцца дрэвы глуха — нібы паўтараюць расказ. Вам здасца: у шэпце лісця памяць сама ажыла аб мужным артылерысце, хлопцу геройскім з Арла. Вяртацца вы будзеце, строга гледзячы перад сабой, будзеце думаць дарогай пра той легендарны бой. Яшчэ вы будзеце думаць: «Мець бы нам у жыцці такую мужнасць і дужасць, каб з свайго не сысці. Так бы ў цяжкую гадзіну за праўду стаяць гарой, як стаяў за Радзіму артылерыст-герой. Так бы пераконана змагацца з сіламі зла, як з стальнымі драконамі змагаўся хлопец з Арла. Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую броню адзетыя, — колькі ix там? Ого! А мы: — Агонь! Агонь! На міг ахопіць трывога, сумненне стукне ў скронь: ці будзе яна — перамога? — Агонь! Агонь! Агонь! «Вы ж будзьце асцярожныя!» хтось крычыць наўздагон. А мы, як заварожаныя: — Агонь! Агонь! Агонь! Нехта побач баіцца, глядзіць у кусты з тугой. А мы не здаём пазіцый: — Агонь! Агонь! Агонь! Бачым: нас абыходзяць. Здавайцеся, ды і годзе. А мы ўсё: — Агонь! Агонь! І зло ляціць пад адхон. Ляціць усё подлае, пошлае, коснае... Хто каго?! Наша слова апошняе: — Агонь! Агонь! Агонь!»