Выбрать главу
ЧАЛАВЕЦТВА
Добрае слова «чалавецтва» — усеагульнае наша імя! Светлае слова «чалавецтва», як ліства, дзятва, сям'я. Слова гэта свеціць сонцам. Слова гэта — як дакор усім войнам i міжусобіцам, як надзеі вялікай акорд. Мудрае слова «чалавецтва»! «Ча-ла-вец-тва!» — крыкну я. І, здаецца, адзавецца дальняя будучыня мая. «Чалавецтва! Чалавецтва!..» Зазвіняць ліства i дзятва. Хто прарочыць табе канец твой, чалавецтва? То ж лухта! Чалавецтва будзе жыць! Чалавецтва будзе дружыць! Ча- ла- вец- тва!..
* * *
Мне ўяўляецца гэта так: марудна, але няўхільна, крок за крокам, ступенька за ступенькай, чалавек узнімаецца ўгору — да жаданай вяршыні, да запаветнага піку. Нарэшце ўзняўся. А на вяршыні, на запаветным піку, стаіць другі чалавек, працягвае руку і гаворыць: «Вітаю цябе! Я твой брат i друг, сапраўдны, верны друг. Скончылася твая адзінота».
* * *
Мы напачатку зазналі страху, перад прыродай падалі ніц. Потым лятаць вучыліся ў птахаў, агонь здабываць — у навальніц. Плаваць — у рыб, у пароды кацінай мы вучыліся паляваць,
шумець — у ветра, у кракадзіла — фальшывыя слёзы праліваць. Быць задуменнымі — у воблак, быць спакойнымі — у дрэў. Да зор узнімаў чалавек свой воблік і, гледзячы на іх, мудрэў. Па прыкладу скал ён незгінальны. І тут, і там, як бачым, ён і не такі ўжо арыгінальны, і не такі геніяльны ён. Проста вучыўся ён заўсёды. і тут, і там — вучобы плён, уплыў настаўніцы-прыроды, яе палон, яе шаблон. Іншая справа — стаць чалавечным. Тут узорам не можа быць прырода з законам яе адвечным: «З ваўкамі жыць — па-воўчы выць». Гэты закон не патурае чалавечнасці. Згодна з ім, добрым быць — не натуральна, больш натуральна — жорсткім і злым. І ўрок, і ўзор, і прыклад добры тут у самім сабе знайдзі і ў тых, хто да цябе падобны, — знайдзі i у новы свет ідзі! Ідзі! Будзь мужным i неспакойным, і на шляху сваім крутым ірві з законам тым спаконным, з законам тым, шаблонам тым! Ідзі! Адольвай самавукам — няма ж узору навакол! — сваю нялёгкую навуку, сваю цяжэйшую са школ! Ідзі! Хоць век, хоць цэлую вечнасць! Як ходзяць ветры супраць рэк. Ідзі і помні: чалавечнасць, яна — ад слова «чалавек».
ВЕРУ!
Веру! У дзіўную сілу палімераў веру. Веру, што паляцім на Венеру, у касмічную эру веру. Што ператворыць атам зямлю ў Рыеўру — веру. А больш за ўсё хочацца верыць, што адзін аднаму будзем верыць, што сам чалавек начыста зменіцца, перайначыцца.
* * *
Косім траву — яна не крычыць. Яна маўчыць адчайна. Мы пачынаем камень крышыць — зацятае тое ж маўчанне. Toe ж маўчанне, калі тапаром мы дрэва зялёнае нішчым, калі мы за жабры рыбу бяром i б'ём галавой аб днішча. Рыба набрала ў рот вады... Затое, калі са?лім нам бывае балюча i тады крычым мы крыкам нястрымным, крычым мы не толькі ад болю свайго яго было б нямнога, — крычым мы ад болю ўсяго свету зямнога.
СПАЧУВАННЕ
Спачуваю чалавеку, калі ў яго праразаюцца зубы У мяне самога праразаліся зубы, і хоць я гэта не помню, але ведаю: балюча было тады.
Спачуваю чалавеку, калі ён б'ецца над пытаннямі, калі да яго прыходзяць сумненні, калі яго спасцігаюць расчараванні. Я зведаў на ўласным вопыце і тое, і другое, і трэцяе.
Спачуваю чалавеку, калі яму крыўдна, калі гняце яго несправядлівасць. Несправядлівасць! Я знаю, што гэта такое. Самая большая рана на маім сэрцы — гэта тая, якую пакінула несправядлівасць.