Выбрать главу
* Над вуліцай горада плыве жалобная, сумная мелодыя. А вуліца, вечна жывая, жыве — паспешліва, прагна, з асалодаю. Ёй жыць i жыць — такі яе лес. Ёй прама i весела голаву несці. Таму не прымае яна ўсур'ёз пахавальнае гэтае шэсце.
НОЧЧУ ЗАПЛАКАЛА ДЗІЦЯ..
Ноччу заплакала дзіця. Заплакала, загаласіла нема. Святло запалілі, сталі яго суцішаць. Крычыць, і ўсё. Дрыжыць, усіх баіцца. Паказвае некуды ў цёмны куток. «Што з ім?» — гадаем, гледзячы на яго. Плача дзіця, нічога сказаць не можа. І мы глядзім на яго з трывогай. З жалем мы глядзім на яго: «Якое бязмоўнае ты! Якое бездапаможнае і дурненькае! Крычыш, а не можаш сказаць — чаго». Як быццам мы самі можам усё выказаць, як быццам можам мы растлумачыць усё.
РЭЧЫ
Нас акружаюць нашы рэчы. З імі ў нас дружба і лад.
І гэта дружба не знае спрэчак, не знае маны і здрад.
Маўкліва і верна рэчы дружаць. Аддана служаць яны. Мы іх пакідаем — і рэчы тужаць, прыходзяць у нашы сны.
А дачакаюцца дня сустрэчы — на мове ціхай сваёй многа-многа скажуць нам рэчы. Болей, чым людзі парой.
Калі ж мы скончым свой шлях чалавечы, праб'е наш апошні час, — будуць настойліва нашы рэчы напамінаць пра нас. Настойліва і доўга...
ДЗЯКУЙ, ТЭРМАС!
Дзякуй, тэрмас, за цяпло, дзякуй, тэрмас мой, за вернасць. Шмат цяпла вакол уцякло, а ты застаўся верным, тэрмас. Тае цяпло нечай рукі, нечага поціску і пагляду... Дзякуй, тэрмас! Дай пагладжу я твае цёплыя бакі. Так заўсёды ў свеце было. Адбываюцца ўсе здрады па закону цепластраты... Дзякуй, тэрмас, за цяпло. Зямля астыла праз вякі, астыне сонца ў свой тэрмін... За твае цёплыя бакі, за нязменнасць дзякуй, тэрмас! Дзякуй, тэрмас, за цяпло! Добрае тое ўсё, што цёплае, — хваля, святло, цялё, — а няцёплае ўсё — нядобрае. Дзякуй, тэрмас, за цяпло! Зло, як Арктыка, абледзянелае. Цёплае, як сэрца, дабро. Дабро, як тэрмасы цеплацелыя. Дзякуй, тэрмас, за цяпло!
НЕРВЫ
Позна! Выйшлі з-пад кантролю. У стыхію сваю ўвайшлі, увайшлі ў сваю ролю, сябе, сілу сваю знайшлі. Позна! Разышліся нервы. Пачынаюць свае манеўры. Пачынаюць зноў яны рыхтавацца да вайны. Агнявую моц патройваюць, ваяўніча сябе настройваюць. Позна! Нервы — на ўзводзе! Не паможа болей бром. Такі бром яшчэ не знойдзен, каб спыніць ix... Выбух! Гром! I ляцяць аж пад аблокі ва ўстрывожанай цішы супакою твайго абломкі ды асколкі тваёй душы.