Выбрать главу

«ЧАЛАВЕЧЫ ЗНАК» (1968)

ВЫСОКАЕ НЕБА ІДЭАЛА

ВЫСОКАЕ НЕБА ІДЭАЛА
Высокае неба ідэала! Мая душа чалавечая спала, вякамі спала да той пары, пакуль не ўбачыў цябе ўгары, пакуль на да мной ты не заззяла, — высокае неба ідэала!
Калі адкрыў я цябе аднойчы, убачыў сябе з тваёй вышыні, — сталі іншымі мае ночы, сталі іншымі мае дні. Ты новым сэнсам іх асвятляла, высокае неба ідэала!
Ты мне дало другое дыханне, дало мне дарогу і сяброў. І толькі так, як хвалюе каханне, ты хвалявала маю кроў. Ты мяне вабіла i звала, высокае неба ідэала!
Хмурэў — ты ўсмешку мне вяртала. Звярэў — ты мудрасць мне вяртала, Хварэў — ты сілы мне вяртала. Старэў — ты свежасць мне вяртала, — высокае неба ідэала!
Ты мяне вабіла і звала. Парой здавалася явай такой, да якой падаць рукой, — высокае неба ідэала. Цягнуў руку я да цябе, як цягнуць рукі ў мальбе, але рукі той было мала, высокае неба ідэала!
Відаць, кароткаю рукой быў ад прыроды я надзелены, i траціў часам я надзеі, i траціў часам я спакой. Ды ты мяне зноў уздымала, высокае неба ідэала!
Зноў уздымала і вяло,
зноў хвалявала, бунтавала, давала сілы і святло, усяму нізкаму назло, — высокае неба ідэала!
Ты шмат ахвяр патрабавала. Калі я падаў у барацьбе, я ў зрэнках адбіваў цябе. І ты ў халодных зрэнках ззяла, высокае неба ідэала!
НАВАГОДНІ ТОСТ
Я прапаную тост за Час! Давайце ўзнімем чашы за Час, працуе што на нас, на спадзяванні нашы. Я прапаную тост за Час! — за Час, працуе што на нас настойліва, сумленна, нястомна і нязменна! Парою здацца нам магло, што Час — ён безудзельны: не за дабро і не за зло, што Час — ён ненадзейны. Мы памыляліся тады. Бываюць дні без шчасця, бясчэсця сумныя гады, — то паласа бясчасся. А Час прыходзіць — як зара, як свеяны подых ветра, і адступае хваля зла, і робіцца зноў светла. Прыходзіць Час, прыходзяць дні. Час ставіць кропкі ўсе над «і». Усё на месца ставіць ён. I называе рэчы — не любіць Час ілжэімён — іх назваю адвечнай, Хлуснёю назаве хлусню, а мітуснёю — мітусню, нядоўгае — нядоўгім, нядобрае — нядобрым, нячыстае — нячыстым, злачыннае — злачынствам. Тырана так і назаве тыранам і — вянок сарве. Нам памагае ўбачыць Час: тут — толькі попел, там — алмаз, тут — зерне, там — палова, тут — пустазвонства гучных фраз, там — ісціннае слова. Я веру ў добры, мудры Час, як веру ў добры, мудры сказ. Я ў трудны дзень кажу сабе: «Нічога, скора Час праб'е, нічога, прыйдзе скора Час i ён тады рассудзіць нас!» Я. прапаную тост за Час — саратніка, сааўтара! За Час, што працаваў на нас, за Час, працуе што на нас, што будзе працаваць на нас, служыць нам верна заўтра!
* * *
Домік маленькі, бачу я, знеслі. А ў доміку гэтым спявалі песні. А ў доміку гэтым дзяцей нараджалі. А ў доміку гэтым гасцей страчалі. А ў доміку гэтым, у доміку гэтым утульна было зімою і летам. Шкада мне да болю, шкада да слёз доміка, што пайшоў на знос. Не тое лепшае, што навейшае, а тое лепшае, што раднейшае. Не тое лепшае, што вышэйшае, а тое лепшае, што бліжэйшае, не тое лепшае, што прыгажэйшае, а тое лепшае, што даражэйшае... Той домік блізкі некаму быў. Той домік нізкі нехта любіў. З тым домікам звязаны нечы лёс... Той домік пайшоў сягоння на знос.