* * *
Прыходзіць вясна,
разліваюцца рэкі.
Выходзяць з берагоў сваіх.
Прыходзяць страсці,
і мы, чалавекі,
бурлім, як разлівы
рэк веснавых.
Мінае вясна,
і вяртаюцца рэкі
ў свае сталыя берагі.
Сціхаюць страсці,
і мы, чалавекі,
глядзім на іх, як на грахі.
* * *
Для меней разумных
разумна было б
быць проста болей цвярозым,
больш тых паважаць,
свой суняўшы апломб,
хто мае большы розум.
Для меней сумленных,
душою глухіх,
было б намнога сумленней
той факт, што сумленне ёсць у другіх,
не ставіць пад сумненне.
І ўсім было б лепей,
каб у свой час
збыліся такія змены:
дурань не вучыць розуму нас,
сумленню — несумленны.
РАЗМОВА
— Як падарожжа?
Якія ўражанні?
— Я не заўважыў,
мяне не заўважылі.
— Такое ўражанне агульнае?
— Было халодна і няўтульна.
— А што запомнілася асабліва?
— Было няўтульна і сіратліва.
— Згушчаеце фарбы — скажыце шчыра
— Было сіратліва, было сыра.
— Не скажаш, што ўбачылі вы многа.
— Было халодна і адзінока.
— А можа, былі якія сустрэчы?
— Быў дождж асенні,
асенні вечар.
— Дзіўнае нешта вы гаворыце.
— Я быў адзін у чужым мне горадзе.
— I вас у гасцініцы не абагрэлі?
— Былі халодныя батарэі.
— Наконт батарэй вы навыдумлялі.
— Не пачынаўся сезон адяпляльны.
— А-а, тады зразумела...
* * *
З жалем гляджу на дзіця,
маленькае, бездапаможнае,
і хочацца памагчы яму.
Але як? Як яму памагчы,
калі толькі само па сабе
яно можа расці, набірацца сіл.
Са спагадай гляджу на чалавека,
наіўнага, няўмелага, неспрактыкаванага,
і хочацца яму памагчы.
Але як? Як яму памагчы,
калі толькі праз уласны вопыт
ён можа стаць іншым.
З болем гляджу на чалавека,
якога знявечыла, скалечыла жыццё,
і хочацца яму памагчы.
Але як? Як яму памагчы,
калі толькі само жыццё
можа вярнуць яму ранейшы воблік.
Як? Як памагчы чалавеку?
А памагчы яму я павінен.
* * *
Я прачынаўся з такім пачуццём,
з такою няяснай трывогаю,
як быццам не так штось з маім жыццём
ці нешта не так увогуле.
З дому выходзіў я наспех,
тою трывогаю гнаны.
I раптам пачуў я дзіцячы смех,
шчыры i беззаганны.
Мне стала лягчэй у той жа міг.
Потым я ўбачыў дзяцей саміх,
занятых сваёй гульнёю,
вясёлай сваёй гаманою.
Мае неспакойнае пачуццё
нібы зняло рукою.
Я ўсёю істотай адчуў:
жыццё
ідзе сваёй чаргою.
* * *
Маўчанне бывае рознае.
Адны маўчаць таму,
што вельмі асцярожныя, —
баяцца розных табу.
Маўчанне бывае рознае.
Маўчаць занадта цвярозыя.
Скептыкі маўчаць:
«Ну што карысці крычаць?»
Маўчаць і абыякавыя —
твары масляна-лакавыя.
Што ім да таго,
да болю майго і твайго!
Ёсць маўчуны — аматары
смеласці чужой.
Развесяць свае лакатары:
«Ой, як цікава, ой!»
Маўчанне бывае рознае.
Яшчэ ёсць маўчанне грознае.
Маўчыць чалавек, трывае,
маўчыць, як і побач маўчаць.
І раптам рашуча зрывае
з вуснаў сваіх пячаць.
І раптам сябе ўзрывае:
«Я больш не магу маўчаць!»
І скажа такое адчайнае...
Калі ўжо і маўчаць —
дык я за такое маўчанне.