Выбрать главу
* * * Ідзе-брыдзе Аксіння ў хату. Здалося, што ў хаце даўно не была. Вады халоднай папіла. Знайшла ў хаце роднай спагаду. Знайшла ў ёй добрую прахалоду. Яна зжылася з хатай сваёй, з кожным куточкам, кожнай сцяной, i у ёй ці, можа, у сабе самой знайшла спагадлівую лагоду. Стала Аксінні неяк лягчэй. Потым яна прылегла на ложак. Глядзела ўгору. Ля вачэй закружылася мноства мошак. Доўга кружыўся цёмны рой. І пачала нясмела, дрыготка падступаць да яе дрымота з усіх куткоў хаты старой. І загучала аднекуль з тумана песня, якую ў добры час любіла Аксіння і пела не раз, — песня «Ой, рана на Івана». Аксіння драмала, засынала. «Проці Ивана ночка мала. Ой, рана на Ивана!» Аксіння чула словы Івана: «Чаму так рана? Чаму так рана?» «Ой, рана на Ивана!» Так і спытаўся: «Чаму так рана?» А не спытаўся, як мне пагана. «Ой, рана на Ивана!» А мне было трудна, як ніколі. «Начавала ў чыстым полі. Ой, рана на Ивана!» Чаму не верыце, скажыце? «У чыстым полі, у густым жыце. Ой, рана на Ивана!» Ой, рана на Ивана! Ой, рана на Ивана...
* * * Калі прачнулася Аксіння, калі адкрыла вочы яна, — убачыла ў праёме акна неба, чыстае і сіняе. Рой не кружыўся перад вачамі,
і не гучала песня больш. Стаяла ціша незвычайная. І пацішэў, здаецца, боль. Нават думка прыйшла бадзёрая: «Ці не прыснілася мне ў сне? Можа, я не такая і хворая? Можа, праўду казалі мне?» Нават падумала жанчына, ці не пайсці ёй i пажаць, ці не хопіць ёй ляжаць, — паляжала ж, адпачыла. І толькі як устала з пасцелі, як зрабіла крок ці два, — адчула, якая слабасць у целе, адчула, як кружыцца галава. «Не, сёння мне не да жніва, — думала, седзячы на пасцелі. — Чаму паверыць не захацелі? Чаму? Ці сэрца ў іх няма? Хіба не бачаць, што ў бядзе я? Ці, можа, вачэй няма ў іх, ці...» І тут з'явілася надзея — трэба да доктара ёй пайсці Ён ёй паверыць. Ён распытае. Ён ёй параіць. Паможа ёй. «Вось адпачну і пайду, бадай, я гаварыла сама з сабой. — Дзе гэта новая мая хустка? У шуфлядзе яна ці не?» Сонца гуляла на сцяне. «Паспею. Вечар яшчэ не хутка. Паспею. Далёка яшчэ да вечара Куды мне толькі лепей пайсці — да ўрача альбо да фельчара? Не хадзіла ж амаль у жыцці. Да ўрача — далёка занадта. Пешшу туды я не дайду. Папрасіць каня? Заняты коні ўсе, як на тую бяду.
Пайду да фельчара ў Замошша. Да Замошша — рукой падай. Хваляць фельчара. Ён паможа. Вось пасяджу і пайду, бадай...» Пасядзела, ціха ўстала, ёй як быццам лепей стала. Хустку новую знайшла. Завязала хустку чыстую - каляровую, квяцістую, і да доктара пайшла.
* * * Ідзе Аксіння загароддзем, загуменнем ідзе-брыдзе. Як гэта кажуць у народзе? — бяду пазнаеш па хадзе. Выйшла Аксіння на дарогу, у Замошша што вядзе. Аддыхнула цётка троху і далей ідзе-брыдзе. Да Замошша вярсты дзве. Ішла лугам, логам, полем, паўз лазовыя кусты. З паўвярсты прайшла ці болей, і вярсту, і дзве вярсты. Калі падыходзіла да Замошша, павесялела нават яна. Думка была ў яе адна: «Доктар добры. Ён паможа. Ён распытае, пагаворыць, скажа ёй, якая хворасць...» Толькі баялася аднаго, — што не застане раптам яго. «Хоць бы не быў ён у ад'ездзе, хоць бы ён быў ужо на месцы. Хоць бы ён быў...» А вось iі бальніца. «Цётка, закончыўся прыём. Доктара выклікалі ў раён. Цётка, не трэба было пазніцца. Заўтра прыйдзеш... Бывай здарова...» Аксіння сказала штось і пайшла, і павяла яе дарога логам, лугам да сяла. Вяла дарога ва ўспаміны. Да сына ў горад вялікі вяла. «Сыночак, ты ў мяне адзіны...» Вяла дарога да сяла.