Выбрать главу
НАЗАЎТРА РАНІЦАЙ
Ціха карова ў хлеве мычыць. Ціха карова ў хлеве рыкае. Мычанне жаласна гучыць. Гэта яна Яе чакае. Знае Яе і чакае Яе. Ёй была доена, поена, кормлена. Голас Яна не падае. Чуе бяду душа каровіна. І гэта мычанне, гэты рык — душы яе, каровінай, крык. Карова жаласна мычыць. Яна мычыць. А хата маўчыць. Сцены маўчаць. Цені маўчаць. Маўчаць куткі ўсе i закуткі. Маўчаць Яе звязкі, Яе скруткі. Коўдры i посцілкі маўчаць. Столь маўчыць, стол маўчыць. Маўчаць Яе клункі і пакункі. Маўчаць Яе даўнія пакупкі. Вузельчык на цвіку маўчыць. Падушкі маўчаць. Катушкі маўчаць. Маўчыць клубочак Яе нітак. На кожнай рэчы — маўчання пячаць,
асірацеласці адбітак. Рэч маўчыць. Печ маўчыць. Печ без яе астывае — стыне. Вось-вось заенчыць, закрычыць: «Дзе яна?! Дзе Гаспадыня?!» Печ маўчыць. Хата маўчыць. Яна без Яе — быццам пустыня. Вось-вось заенчыць, закрычыць: «Дзе Яна?! Дзе Гаспадыня?!» Хата маўчыць. Рэчы маўчаць. На сценах і рэчах — маўчання пячаць. На сценах і рэчах — адбітак страху, асірацеласці і краху... Сцены маўчаць. Рэчы маўчаць. Яны не могуць закрычаць.
ВЯСНОЮ
Мама, ідзе вясна. Ідзе вясна-ясна, ідзе вясна-святла. З выраю птушкі вяртаюцца, птушкі дамоў злятаюцца, да нашага жытла. Ранішняй парой яны прылятуць віць гнёзды да нашай хаты старой, да нашай старой бярозы. Будуць пець, шчабятаць на дрэвах, бэзе і тыне. Будуць цябе пытаць: «Дзе Яна, Гаспадыня? На досвітку, на зары з намі Яна прачыналася, праца Яе пачыналася. Хадзіла Яна па двары. Мы гнёзды вілі свае. Яна ля свайго хадзіла. Дзе Гаспадыня, хаціна? Чаму не відаць Яе?..» Мама, ідзе вясна... Будуць прыходзіць вёсны, будуць збаўляць ад сна. Будуць птушкі віць гнёзды. Мама, вясна ідзе... Будуць прыходзіць вёсны. Градкі твае і барозны будуць чакаць цябе. Ды ты не прыйдзеш, не. Хто іх дагледзіць, засее? Хто вырве пустазелле? Травой зарастуць па вясне. Травой парастуць веснавой градкі твае, твае лешкі, сляды твае, твае сцежкі, — густой маладой травой. Мама, вясна ідзе...