Выбрать главу
ВЕРШЫ МАЕ — ПІСЬМЫ..
Я знайшоў вызначэнне сваім вершам, — тым, што напісаны, і тым, што яшчэ не напісаны і спеюць недзе ў нетрах маёй душы. Вершы мае — гэта пісьмы. Гэта толькі пісьмы. Пісьмы ў мінулае, пісьмы майму папярэдніку. Я хачу ведаць, ці не мае ён да мяне якіх прэтэнзій, я хачу спытацца, ці няма ў яго, мёртвага, якой-небудзь крыўды на мяне, жывога Вершы мае — пісьмы ў будучае, пісьмы да маіх патомкаў, я хачу ведаць, помняць яны мяне ці не помняць. Я хачу ведаць, ці памагае ім мой вопыт, і хачу пакінуць ім свой запавет (у адносінах да патомкаў вершы мае — духоўны запавет). Вершы мае — мае пісьмы. Маці, ты атрымоўваеш мае пісьмы? Ці яны да цябе не даходзяць? Ці, можа, я не так пішу адрас? Я пішу: «Магіла маці». А можа, трэба пісаць неяк іначай? Можа, патрэбны нейкі іншы больш дакладны адрас?.. Вершы мае — мае пісьмы. Пісьмы людзям. Тым, якіх я люблю І якім не магу не сказаць, як я іх люблю. І тым, якіх я не люблю і якім я павінен сказаць, што я іх не люблю. Вершы мае — мае пісьмы, і пішу іх не для таго, каб напомніць пра сябе, каб напомніць аб сваім існаванні. Не, я пішу, каб напомніць усім аб нашым усеагульным існаванні, каб усе помнілі аб жыцці ўсіх. Вершы мае — мае пісьмы. І паколькі гэта так, то я пішу іх недарэмна. Проста вершы могуць не чытаць, проста вершы могуць есці мышы. А пісьмы —не. У пісьмаў іншы зусім лес. Вершы мае — мае пісьмы. На адны я атрымаю адказ. На другія адказ будзе ісці доўга-доўга, як ідзе на зямлю святло ад далёкай зоркі. Адказ можа прыйсці тады, калі мяне ўжо не будзе. Але гэта мяне не палохае. Галоўнае, што такі адказ будзе. Вершы мае — мае пісьмы. А мне трэба напісаць безліч пісем. Колькі на зямлі чалавек? Мільёны? Мільярды? Ну вось я павінен буду напісаць мільёны, мільярды пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. А колькі людзей будзе на зямлі? Цяжка сказаць? Усе гавораць пра дэмаграфічны выбух? Усё адно я буду пісаць ім. І буду настойліва пісаць сваёй маці. Можа, якое пісьмо і дойдзе... І буду настойліва пісаць пісьмы туды — у тую сінюю прастору, тую далеч, недасягальную майму зроку і нават маёй свядомасці, пакуль не прыйдзе адтуль адказ. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці...

«З'ЯЎЛЕННЕ» (1975)

* * *
— Што значыць сапраўдным другам быць? — Любіць.
— Што значыць аддана справу рабіць? — Любіць.
— Што значыць дарогу ў жыцці не згубіць? — Любіць.
— Што значыць зямное шчасце здабыць? — Любіць.
З'ЯЎЛЕННЕ
З'яўленне зор і сонца ў вышыні. З'яўленне сокаў з глыбіні карэння. З'яўленне траў у веснавыя дні... І вось маё, і вось тваё з'яўленне. Як быццам бы дамовіліся ўсе — глыбіні цёмныя і залатыя высі, — як быццам бы сказалі ўсе: «З'явіся!» І ты з'явілася ва ўсёй красе.
Як быццам нечакана ўсё было, як быццам выпадкова. А на справе увасабленне гэтае наяве чакалася, як ранняе святло.