Выбрать главу
А каб ты нам з'явілася як след, падмогаю было благаславенне: благаслаўляў тваё з'яўленне свет, сусвет благаслаўляў тваё з'яўленне.
1
Начны бераг. Паэма
1 З палёгкай тузануўся поезд і стаў... Я выйшаў на перон. Блішчалі рэйкі, нібы полаз блішчыць зімоваю парой. Самотна выбліснула зорка. І стала зябка, стала золка ад рэек тых, ад зоркі той, ад цемнаты начной, густой, ад думкі, што прыйшла цвяроза: «Прыехаў ты занадта позна. Дзе будзеш начаваць, скажы? Ці знойдзеш месца ў «Сажы»?» «Сож», чуеце, гучыць, як «нож». I мільганула гэта назва перад вачамі там выразна, як — рэйка, зорка, нож ці Сож. Такое вострае ўспрыняцце бывае толькі ўначы... «Дзе будзеш бавіць ночку, браце?» —• гадаў, у горад ідучы. Ён іншы быў без гулу-гоману. Я рад быў бачыць Гомель зноў, жадаў яму прыемных сноў... Ішоў я па начному Гомелю.
2 А вось, здаецца, і той рог, а вось» здаецца, і гасцініца. Калі ты ёсць на свеце, бог, то дакажы! Хай Гомель здзівіцца. Ну, дакажы, ну, пакажы, ну, дай мне месца ў «Сажы»! Ды я, відаць, не быў пачуты. Бог не пакінуў свой тапчан, ён не збіраўся тварыць цуды, здзіўляць мяне і гамяльчан. Ён і не думаў прачынацца. Ды тут я змог пераканацца, што калі моцна дрыхне бог — не значыць, што швейцар, знямог. Швейцар не спаў... Ды ці адчыніць? Упусціць ён мяне ці не? Ён аказаўся малайчынай, ён адчыніў, пусціў мяне. Тут вочы стомлена прыжмурвае і кажа ціха мне дзяжурная: «Таварыш, месца ўжо няма».
І растлумачыла яна: «Сягоння ў нас пачаўся пленум, трымаем броню і спартсменам: спаборніцтва дзвюх абласцей. Словам, наехала гасцей. А «Сож», ён, знаеце, не гумавы, чатыры тыя ўсё сцяны. Як тут ні думай, ні прыдумвай, як раскладушкі ні сцялі, усё адно ўсіх не ўладкуеш... Я слухаю, таварыш Кулеш!» Жанчына — ветлівасць сама, гасціннасць ёсць, а месц няма. Тут аглянуўся я навокал. Сядзелі людзі ў паўзмроку, хто ля сцяны, хто за сталом, змагаліся хто як са сном. Змагацца з ім цяжэй, чым з лесам. Той-сёй кляваў паціху носам. Бліжэйшы да мяне хлапец пачаў, заспаўшыся, храпець. Другі ж сядзеў зусім бадзёры над кнігаю «Тры мушкецёры». Ёсць чытачы i ёсць Дзюма, месц у гасцініцы няма.
3 Як быць? Як лепей ноч правесці? Вось так кляваць, сядзець на месцы? Калі змагацца ўжо са сном, дык больш актыўна — як са злом. А пазяханне — не змаганне. Змаганне — значыць намаганне. He спi, а рухайся, а кроч, ідзі на вуліцу, у ноч! Ідзі ў парк, што над ракой, дай волю роздуму начному! Я выйшаў з думкаю такой: «Не трэба спаць камусь адному. Так, трэба выспацца спартсменам, іх мускулам патрэбен сон. І тым, прыехаў хто на пленум, таксама неабходны ён. Табе ж, калі ты пішаш вершы, не хочаш верш праспаць свой лепшы, карысна, мабыць, меней спаць, а болей думаць, болей дбаць. Мы дастаткова мелі іх, радкоў, напісаных без роздуму, што ні для сэрца, ні для розуму. Ужо хапае гэткіх кніг, дзе вольна словам, цесна думцы, дзе мой калега ўсё яшчэ таўчэ ваду ў той жа ступцы і тую ўсё ваду таўчэ. Таўчэ, ці, лепш сказаць, такуе, нібы вясновы цецярук. Такуе і хутчэй друкуе, такому б толькі з рук ды ў друк. Як сказана: адкукарэкае, а там па ім хоць не світай... Не будзь, калега, недарэкаю! Паэтам стань! Раней устань! Прайдзіся вуліцаю ціхай, азонам веснавым падыхай. Азон і рух — наш лепшы друг, У свежым целе — свежы дух». «Восстань, пророк, и виждь, и внемли», прыйшоў на пушкінскі я круг.
4 А вось і Сож... Вітаю, друг! Сустрэчы нашай рад я вельмі. (Заўсёды рады я, дарэчы, сустрэчы з рэчкай, з ручаём. Так адчуваю пры сустрэчы, нібы ў адной сям'і жывём, я брат ім, родны ці стрыечны. і вось вярнуўся я з далечы — адзін аднога пазнаём). Як, Сож, жывеш? Як, Сож, плывеш? Гляджу, трымаешся належна таго ж кірунку, тых жа меж — не знаеш нашага бязмежжа. Гляджу, не гонішся за модай, а з годнасцю раўнінных рэк спакойна, вольна коціш воды... І гэта ў атамны наш век. І гэта ў час наш ліхаманкавы, калі ўсё з хуткасцю маланкавай бяжыць, мяняецца, цячэ, парой цячэ не ў тым ручве. Ты малайчына! Твой спакой гаворыць, што ты робіш справу не дзеля выгады якой, не напаказ і не на славу. Не, проста верны ты прыродзе сваёй рачной, сваёй зямной, і астаешся ў згодзе з ёй ты пры любой пагодзе, модзе. Шчаслівае тут супадзенне! Спакой і рух супалі тут, супалі мэта і маршрут, супалі бытнасць і надзея. Зайздрошчу рэкам я заўсёды. І часта думаю я, Сож, што правільна жывуць усё ж рачныя, грунтавыя воды. Сож, навучы мяне, як быць, каб аставацца ў сваім рэчышчы, да свайго мора вольна плыць, спакойна плыць да сваёй вечнасці.