Выбрать главу
5 Яшчэ адно ў мяне пытанне. Даруй, што назаляю, Сож, але ў мяне іх цэлы кош, i пацярпі ўжо да світання. Скажы, не вельмі мы стамілі, не вельмі змучылі цябе плытамі, баржамі сваімі? Ты ж, як цягло, тут у цане. Гляджу я: пляма брудна-тлустая пагойдваецца на вадзе. Кранула, Сож, цябе індустрыя? Не абышла ў сваёй хадзе? Прызнаюся, мы, людзі, Сож, народ не вельмі чыстаплотны, народ няўдзячны да таго ж, а да таго ж і бесклапотны. Нам рэкі — чыстую ваду, нам рэкі — свой разліў блакітны, мы ім — адходы і адкіды, мы ім — усякую брыду. Не скажаш, што любоў узаемная, хутчэй за ўсё — наадварот. Так, Сож, такі мы ўжо народ. Сабе за правіла нязменнае аднойчы лозунг мы ўзялі (на шчыт мы ўзнялі той лозунг): «Паколькі дадзены нам розум, то мы — уладары зямлі, то мы — гаспадары планеты, таму для нас за ўсё вышэй патрэбы нашы, нашы мэты, таму для нас за ўсё бліжэй кашуля наша і кішэнь...» І мы рашылі, што скарым і нетры, і лясы, і воды, як некалі магутны Рым
скараў і рабаваў народы. З такой і падыходзім мераю: У цэнтры — мы, уладары, вакол — прырода, як імперыя, ляжыць, прынёсшы нам дары. У ваяўнічым тым запале, на бале заваёў сваіх (галовы кружацца на бале) мы факт той просты занядбалі, што самі — дзеці сіл зямных. Мы — тое ж цеста, тая ж плоць, залежнасць самая сыноўняя. Для нас прырода — маці, хоць і маці строгая, суровая. Якія ж мы, кал i з мячом ідзём, накшталт варожай раці, скараць i рабаваць багацці (чые багацці? — роднай маці!), сук, на якім сядзім, сячом! Тут непазбежная адплата. Нам не даруецца, калі ідзём супроць маці-зямлі, сястры-вады і дрэва-брата, Адплата йдзе... Чытаю ў прэсе (ты не чытаеш, Сож, газет?): «На самай воднейшай з планет вады хапаць не будзе прэснай...» Была, плыла, цякла вякамі, і больш не будзе тых крыніц, і будзе ўся зямля, як каня, прасіць адчайна «Піць-піць-піць!»
6 Сож маўчаў. I ноч маўчала. Спала лодка ля прычала. Раптам песня загучала. Адкуль бралася яна? Дзе паспела? Дзе запелася? Можа, пелі на тым беразе? Ці ўсплыла яна са дна? З дна пясчанага, рачнога? Ці, быць можа, з дна другога, дна дрымотнага, глухога, дна глыбіннага душы? Сож маўчаў. І ноч маўчала. Толькі песня ўсё гучала У начной цішы-глушы. «Ой, у полі, ой, у полі ды не рэчка цякла. Ой, у полі, ой, у полі ды не быстра цякла. Былі рэчкі — паўсыхалі, харошыя — паўміралі. Така доля мая, горка доля мая...» Былі рэчкі — паўсыхалі, харошыя паўміралі, харошыя — паўміралі... Лёс гарчэй ад палына. Аб якім пяецца часе? Што тут маецца на ўвазе? Што за песня ўсплыла? Калі клопат ёсць любоўны, тады сэрцы паўнакроўны, тады рэкі поўны, поўны, серабрыцца плёс рачны. А не любяць — тады губяць, а не любяць — і не рупіць захаваць, засцерагчы. Небяспечней ад халеры душ і рэчак браканьеры, няма шкодзе іхняй меры, няма горш на свеце зла, няма волі, злейшай болей... «Ой, у полі, ой, у полі ды не рэчка цякла...»